Галоўнае – выконваць літару і дух закона

Галоўнае – выконваць літару і дух закона

судьи1

У іх лёсах – нямала агульных момантаў. Так, абедзве нарадзіліся ў Расіі, а згадзіліся ў Беларусі, у нашым горадзе, у судзе Жабінкаўскага раёна. Сённяшні расповед пра сакратароў судовага пасяджэння – памочнікаў суддзі Вольгу Леанідаўну Паўлаву і Вікторыю Алегаўну Ляўчук.

Адчуваць сябе
нібы ў сям’і

НЕ ШМАТ часу мінула з таго дня, як яны пераступілі парог двухпавярховага будынка, над якім лунае дзяржаўны сцяг беларускай краіны. Тут, на вуліцы Міру, знаходзіцца адна з найбольш значных і паважаных галін улады – судовая.
Калі пазнаёміцца з біяграфіямі Вікторыі Ляўчук і Вольгі Паўлавай, відавочна: яны па-рознаму знайшлі сябе ў сённяшняй прафесіі.
Першая зрабіла свой выбар крыху раней, у лістападзе 2014-га, а вясной наступнага года да дружнай і надзвычай арганізаванай судовай сям’і далучылася і Вольга Леанідаўна. Па шчырасці, слова “сям’я” ўжыта зусім не выпадкова: яно не аднойчы ўзнікала пад час размовы. Не згаворваючыся, абедзве тлумачылі:
– Час ад часу падаецца, што маем у судзе другую сям’ю. Зусім не дзіўна, бо тут праводзім вельмі шмат часу. І гэта не стамляе, а наадварот выклікае цікавасць і захапленне.
Так, мінула ўсяго паўтара – два гады, як названыя сакратары судовага пасяджэння працуюць на сваіх пасадах, але ўжо паспелі зарэкамендаваць сябе з найлепшага боку, паколькі спалучаюць у сваіх характарах і паводзінах выдатныя якасці: акуратнасць, дакладнае веданне абавязкаў і бездакорнае іх выкананне.

З дынастыі юрыстаў

ВІКТОРЫЮ ЛЯЎЧУК (у дзявоцтве Амбросава) з юнацтва цягнула да правазнаўства. І гэта зусім не дзіўна, бо перад вачыма ў дзяўчыны былі выразныя прыклады. Можна без перабольшвання сказаць, што для яе Дзень юрыста – амаль сямейнае свята, а сама яна – працяг дынастыі.
– Уся бацькоўская лінія, – гаворыць у пацвярджэнне гэтай думкі Вікторыя Алегаўна, – спрэч юрысты. Сярод іх і дзядуля Юрый Мікалаевіч Гарбачоў, былы начальнік міліцыі ў Карэліі (дзе і я, дарэчы, нарадзілася), і ягоныя дзеці: сын Аляксей Юр’евіч, што і цяпер служыць у органах правапарадку, а ягоная сястра Алёна Юр’еўна Галіней мае ў Петразаводскім судзе пасаду падобную да маёй – памочніка суддзі.
Такім чынам, калі быў перад вачыма такі “юрыдычны ланцужок” ды яшчэ падказка з боку бацькі матулі Васіля Кірылавіча Хартановіча, які вельмі хацеў бачыць унучку адукаванай менавіта ў юрыспрудэнцыі, дзяўчына пасля заканчэння ў 2005 годзе сярэдняй школы № 6 у Кобрыне зрабіла свой канчатковы і беспаваротны выбар на карысць правазнаўства. Таму і падала дакументы ў Столінскі аграрна-эканамічны каледж, дзе вучылі і дасюль добра вучаць гэтай спецыяльнасці. Пасля паспяховага завяршэння навучальнай установы ўладкавалася ў СВК “Маціевічы”, дзе стала спецыялістам па кадрах і юрысконсультам. Выдатна разумела, што патрэбна “расці”, таму і закончыла пазней Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна па спецыяльнсці “правазнаўства”.
Разам з прафесійным ростам складвалася і асабістае жыццё: у 2009 годзе Вікторыя ўзяла шлюб з Аляксандрам Мікалаевічам Леўчуком, вынікам іх шчырага кахання сталі дзеці Мікіта і Эвеліна. Памятным, канечне, застанецца і 2014 год, калі Вікторыя Алегаўна пасля двухмесячнай стажыроўкі ў суддзі Людмілы Мікалаеўны Рубашэўскай пачала выконваць свае абавязкі.
– Спачатку было складана, – згадвае той час і дадае: – Не ў сэнсе справы, а ў эмацыянальным плане. Напрыклад, моцна кранала душэўныя струны, калі ў судовых пасяджэннях вырашаліся чалавечыя лёсы, распадаліся на вачах сем’і, якія яшчэ можна было б захаваць, альбо людзі пазбаўляліся волі за свае неабдуманыя ўчынкі… Шкада было амаль да слёз. Цяпер – інакш. Не, зусім не ачарсцвела, хутчэй прыйшлі загартаванасць ды разуменне, што гэткія строгасці бываюць неабходнымі ў дачыненні тых, хто пераступіў закон.

Калектыў – адно цэлае

ДЛЯ ВОЛЬГІ ПАЎЛАВАЙ назаўсёды найлепшым месцам на свеце быў і застанецца Санкт-Пецярбург. Нездарма, як толькі ёсць нагода і магчымасць, Вольга Леанідаўна наведвае горад свайго маленства. Згадвае з захапленнем, як прыемна прайсціся па набярэжнай, наведаць Палацавую плошчу і Неўскі праспект…
Але лёс распарадзіўся інакш. У пачатку дзевяностых Вольга пераехала на радзіму маці, у Жабінку, якая хоць і гожы гарадок, але ўсё ж не заменіць велічнага, сапраўды царскага Пецярбурга. Калі закончыла другую гарадскую школу, марыла стаць настаўніцай, таму далейшы шлях па веды – у аўдыторыі БрДУ імя А.С. Пушкіна. Пасля гэтай альма-матар дзяўчыну, якая вылучалася добрымі ведамі, пакінулі лабарантам на кафедры заалогіі і генетыкі біялагічнага факультэта.
Аднак неўзабаве адчула, што жыццёвы пошук не завершаны і ў лёсе павінны адбыцца перамены. Шукала працу, калі даведалася: маецца вакансія ў судзе Жабінкаўскага раёна. Прайшла гутарку. Як і Вікторыя Ляўчук, стажыравалася ў суддзі Людмілы Рубашэўскай, што спакваля ўводзіла ў сутнасць спраў і абавязкаў.
– Удзячная Людміле Мікалаеўне за патрэбную навуку, – гаворыць суразмоўніца. – Ад яе даведалася пра падрыхтоўку да судовых пасяджэнняў, забеспячэнне яўкі бакоў, вядзенне пратаколаў. Праз нашы рукі праходзяць практычна ўсе справы. Атрымліваем іх з канцылярыі суда, а затым туды ж вяртаем. Прафесія падабаецца, адчуваю, што яна патрэбная людзям. І яшчэ што хочацца сказаць: проста выдатны калектыў, нібыта адно цэлае, удзячная лёсу за сустрэчу з гэтымі людзьмі, бо адчуваю падтрымку ад калег, усё вырашаецца на высокім прафесійным узроўні. Таму і іду на працу з задавальненнем. Тут насамрэч не бывае будзённасці, бо кожны раз вырашаюцца чалавечыя лёсы.
Напярэдадні свята Вольга Леанідаўна і Вікторыя Алегаўна ахвотна павіншавалі ўсіх з Днём юрыста:
– Перш-наперш хочацца шчыра выказаць словы падзякі старшыні суда Віктару Віктаравічу Новіку, які сапраўдны настаўнік для ўсіх нас. Ён прафесіянал, чалавек з вялікім жыццёвым вопытам, здольны зрабіць са сваіх супрацоўнікаў добрых юрыстаў. Кожнаму, хто звязаў сябе з юрыспрудэнцыяй, жадаем моцнага здароўя, поспехаў у працы. Бо кожны з іх, у гэтым мы цалкам упэўненыя, захоплены сваёй прафесіяй, верны ўласнай справе і людзям, якім служыць, выконваючы закон, яго літару і дух. І гэта лічым галоўным.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro