Набіраліся вопыту ў пружанскіх калегаў

Набіраліся вопыту ў пружанскіх калегаў

Сябрына

Штогод сябрыну педагогаў Жабінкаўшчыны папаўняюць маладыя спецыялісты. У сёлетнім навучальным годзе ва ўстановах адукацыі пачалі працаваць 12 выпускнікоў навучальных устаноў. Важным накірункам дзейнасці з імі з’яўляецца сумесная работа аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ў рэалізацыі комплексу мер у замацаванні маладых спецыялістаў у школах і дашкольных установах раёна. Каб абараніць сацыяльныя і прававыя інтарэсы іх на працы, у быце і адпачынку, у арганізацыі эфектыўнай работы з імі, удасканаленні і развіцці настаўніцтва, выяўленні і заахвочванні маладых актывістаў распрацоўваецца план сумеснай работы. Паводле яго прадугледжваецца штогод праводзіць на раённым жнівеньскім педагагічным форуме, на педсаветах ва ўстановах адукацыі пасвячэнне маладых спецыялістаў у педагогі з уручэннем памятных адрасоў і сувеніраў.
Практыка паказала, што настаўніцтва – найбольш эфектыўная форма пры ўваходжанні ў прафесію. У педкалектывах ствараюцца стажорскія пары з пачынаючых настаўнікаў і вопытных калегаў.
З мэтай павышэння прафесійнага ўзроўню маладых спецыялістаў, аказання ім мэтанакіраванай сістэматычнай дапамогі і набыцця практычнага вопыту ў раёне працуе школа маладога педагога, формы і метады правя-
дзення заняткаў у ёй штогод удасканальваюцца.
Сёлета паводле ініцыятыў намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іны Тарасевіч, загадчыка раённага вучэбна-метадычнага кабінета Вольгі Карпук і старшыні райкама галіновага прафсаюза Наталлі Урбан пры падтрымцы калег з Пружанаў лістападаўскае пасяджэнне Школы адбылося ў суседзяў.
У пятай гарадской школе суседняга раённага цэнтра маладым педагогам прадэманстравалі сваё майстэрства настаўнікі: фізікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Святлана Ерамеева, пачатковых класаў першай кваліфікацыйнай катэгорыі на ўроку літаратурнага чытання Святлана Пракаповіч. Затым маладыя спецыялісты наведалі заняткі ў 6-ым класе Дзмітрыя Абрамчыка, педагога матэматыкі і інфарматыкі. Настаўнік гісторыі Наталля Жабрун запрасіла на ўрок у 5-ы клас па тэме “Культура народаў Міжрэчча”.
Для Аляксандра Лешчанкі, педагога-псіхолага і педагога сацыяльнага ДУА “Якаўчыцкая сярэдняя школа” нашага раёна, была прапанавана магчымасць пазнаёміцца з работай сацыяльна-псіхолага-педагагічнай службы школы. З ёю пазнаёміла пружанская калега Наталля Казакевіч-Альшанец.
Пасля наведвання ўрокаў педагог-псіхолаг ДУА “Сярэдняя школа № 4 г. Пружаны” Алена Мізюкевіч правяла трэнінг для маладых спецыялістаў у вырашэнні праблем пры выкладанні.
Гасцям паказалі таксама дзейнасць школьнага тэлеканала “Пяцёрачка”. Час знаходжання жабінкаўскіх маладых спецыялістаў у Пружанах запісваўся вучнямі на відэаносьбіты. Гэта быў іх удзел у трэнінгах, на уроках, школьнікі бралі інтэрв’ю ў маладых педагогаў. Потым, як расказала Святлана Шчэрба, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, усё будзе зманціравана і размешчана на сайце школы ў раздзеле “Школьнае тэлебачанне”.
А яшчэ для маладых настаўнікаў нашага раёна правялі экскурсію ў Водны і Лядовы палацы.
На заканчэнне знахо-джання ў гасцінным суседнім райцэнтры наша дэлегацыя запрасіла пружанскіх калегаў наведаць Жабінкаўшчыну.
Каб зваротны шлях меў таксама пэўную карысць, Наталля Урбан узгадала педагогам пра льготы і гарантыі, якія даюцца ім дзяржавай і прадугледжаны абласным, раённым, галіновымі Пагадненнямі, калектыўнымі дагаворамі ўстаноў адукацыі аб бю-джэтнай кампенсацыі за наём жылля ў адпаведнасці з заключаным дагаворам з уласнікам жылога памяшкання.
Людміла КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top