Да юбілею Дастаеўскага

Да юбілею Дастаеўскага

Fyodor-Dostoyevsky-1876

У цэнтральнай раённай біблі-ятэцы адбылося мерапрыемства, прымеркаванае да 195-годдзя з дня нараджэння класіка рускай літаратуры Ф.М. Дастаеўскага, “Дастаеўскі і Беларусь”.
У своеасаблівым краязнаўчым падарожжы пабывалі адзінаццацікласнікі гарадскога ліцэя. Вядучыя Валянціна Славуціч і Юлія Андрасюк узгадалі цікавыя факты з біяграфіі Фёдара Міхайлавіча, распавялі і пра вёску Дастоева, што на Іванаўшчыне, адкуль карані роду Дастаеўскіх. Тут амаль тры стагоддзі жылі продкі вялікага пісьменніка, змяняючы адно пакаленне другім.
Дастоева з кожным годам прыцягвае ўсё большую ўвагу турыстаў. Гэта гонар усяго Палесся, усёй Беларусі. Ёсць тут вуліца Ф.М. Дастаеўскага, яго імя носіць і мясцовая школа, у якой больш за 25 гадоў назад стварылі літаратурна-краязнаўчы музей класіка літаратуры, ён налічвае больш за тры тысячы экспанатаў. Установа жыве ў сучасным рытме, тут часта праводзяцца экскурсіі, гутаркі, урокі літаратуры.
У 1995 годзе ў Дастоеве ўстанавілі помнік Фёдару Міхайлавічу Дастаеўскаму. Абапёршыся на сваё бронзавае крэсла, у самым цэнтры вёскі вялікі рускі пісьменнік разважае над сюжэтам чарговага шэдэўра…
Навучэнцы ліцэя з цікавасцю паглядзелі відэафільмы “Сядзіба Дастаеўскіх” і “Прароцтвы Дастаеўскага”. Многія цытаты з твораў пісьменніка пра будучае Расіі, пра славян сапраўды аказаліся прарочымі.
Вядучыя расказалі пра тое, што прыцягальныя не толькі творы Дастаеўскага, цікавы ён сам як асоба. На яго долю выпала нямала нягод і страт, пакутлівых і доўгіх выпрабаванняў. Жыццё пісьменніка было жорсткім і трагічным: перанёс суд і суровы прысуд да смяротнага пакарання, памілаванне, чатыры гады катаргі ў Омскай крэпасці, працяглыя гады галечы. Але гэтыя нягоды акупіліся сусветным пры-знаннем яго таленту.
Праблемы, якія хвалявалі Дастаеўскага, – гэта векавечныя, старыя, як свет, і новыя, як заўтрашні дзень, пытанні чалавека пра шчасце і сэнс жыцця, пра веру і Бога. Па дадзеных ЮНЭСКА, Дастаеўскі ў мінулым стагоддзі быў адным з самых чытаемых пісьменнікаў у свеце. Такім ён застаецца і напачатку новага, ХХI стагоддзя.
Людміла Сараскіна – вядомы літаратуразнаўца, крытык, спецыяліст у галіне творчасці Ф.М. Дастаеўскага – разважае ў відэафільме “Прароцтвы Дастаеўскага” над тым, для чаго трэба сёння чытаць вялікага рускага класіка. “Без яго жыць нельга, калі ты хочаш дакрануцца да таямніц быцця, зразумець, што адбываецца з табой і светам. Чалавек, які прайшоў “школу” Дастаеўскага, прайшоў скрозь яго раманы, – абсалютна ўзброены, ён разумее пра жыццё вельмі многае. Ён адразу бачыць, хто “чорт”, а хто “ідыёт”, гэта значыць князь Мышкін.
Вось навошта патрэбен Дастаеўскі – разумець людзей, адчуваць кожнага чалавека, ведаць, як яму дапамагчы, – гэта трэба для таго, каб жыць”.
Наталля ВАЛОШКА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro