Калі ўрач прапануе абследавацца – не адмаўляйцеся

Калі ўрач прапануе абследавацца – не адмаўляйцеся

kartinka14ВІЧ-інфекцыя – інфекцыйнае захворванне, якое выклікаецца вірусам імунадэфіцыту. Яно паражае жыццёва-важныя клеткі ахоўнай сістэмы арганізма, у выніку чаго развіваюцца розныя запаленчыя захворванні, пераўтварэнні, якія прыводзяць інфіцыраванага ВІЧ да смяротнага зыходу. Адзінай крыніцай заражэння з’яўляецца інфіцыраваны чалавек.

Праблема распаўсюджвання эпідэміі СНІДу носіць глабальны характар і з’яўляецца актуальнай для ўсіх краін, у тым ліку і для Беларусі. На сённяшні дзень яна закранула ўсе пласты насельніцтва незалежна ад полу, узросту і сацыяльнага статусу.
На 1 кастрычніка бягучага года ў нашай краіне зарэгістравана 21614 ВІЧ-інфіцыраваных, жывуць з ВІЧ – 16805. У Брэсцкай вобласці гэтыя лічбы складаюць адпаведна 1664 і 1307 чалавек.
Пакутуюць на ВІЧ-інфекцыю ва ўзроставай групе 15-49 гадоў у рэспубліцы 20167 чалавек. За 9 месяцаў сёлета ў гэтай узроставай групе зарэгістравана 1567 чалавек.
У нашым раёне з ВІЧ-інфекцыяй жывуць 13 чалавек.
ВІЧ разбурае арганізм чалавека павольна і паступова. Ад моманту інфіцыравання да развіцця СНІДу можа прайсці шмат часу (да 15 гадоў) без спецыяльнага лячэння і некалькі дзясяткаў гадоў пры правільным лячэнні.
Як правіла, інфіцыраваны чалавек доўгія гады можа адчуваць сябе добра, захоўваючы працаздольнасць і ўсе астатнія біялагічныя і сацыяльныя функцыі, хоць будзе з’яўляцца крыніцай інфекцыі з моманту заражэння і да канца свайго жыцця. Паставіць дыягназ у гэты перыяд можна толькі з дапамогай спецыяльнага тэста на наяўнасць у крыві антыцелаў да ВІЧ і яго бялкоў. Маецца невялікая колькасць сімптомаў, паводле якіх можна западозрыць ВІЧ-інфекцыю, і калі ўрач прапаноўвае абследавацца – не адмаўляйцеся. Здаць кроў на ВІЧ можна ў працэдурным кабінеце
№ 29 паліклінікі Жабінкаўскай ЦРБ. Абследавацца можна ананімна, не называючы свайго прозвішча. Патэлефанаваць для ўдакладнення выніку аналізу можна ўрачу-інфекцыяністу па тэлефоне 2-25-02 з панядзелка па пятніцу з 10.00 да 13.00.
Лячэнне ВІЧ-інфекцыі праводзіцца бясплатна, прыём медыкаментаў пажыццёвы. Людзі з ВІЧ жывуць сярод нас, яны не заразныя ў побыце, ствараюць сем’і, гадуюць дзяцей, з’яўляюцца паўнапраўнымі членамі грамадства.
Асноўным у папярэджанні распаўсюджвання і заражэння на ВІЧ-інфекцыю з’яўляецца прафілактыка. Лад жыцця без наркотыкаў і бязладных палавых сувязяў абароніць вас ад захворвання.
Ангеліна ЧАРНЕЙКА, урач-інфекцыяніст УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro