“Народныя таленты табе, Беларусь!”

“Народныя таленты табе, Беларусь!”

IMG_8945 IMG_9022 IMG_9079

Пад такой адмысловай назвай у пятніцу, 25 лістапада, у Жабінкаўскім ГДК праходзілі мерапрыемствы, прымеркаваныя да тыдня прафсаюзнай культуры. Гэты творчы марафон ладзіўся напрыканцы восені па ініцыятыве Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ва ўсіх без выключэння гарадах і раёнах краіны.

ПРАГРАМА ДНЯ выдалася надзвычай насычанай.
Святочным мерапрыемствам – а ў іх ліку былі творчыя выставы, прэзентацыя паслуг санаторыяў “Буг” і “Надзея”, спартыўнага комплексу “Бадзёрасць” і па здаровым ладзе жыцця, размешчаныя ў фае Дома культуры, узнагароджванні і канцэртная праграма – папярэднічала рабочая частка, што ўключала ў сябе чарговае пасяджэнне Савета раённага аб’яднання прафсаюзаў, на якім з дакладам выступіла яго старшыня Ніна Калыбская, а ў якасці судакладчыкаў – кіраўнікі шэрагу прафарганізацый: ПМК-19 – Валянціна Ляўчук, работнікаў адукацыі і навукі – Наталля Урбан і работнікаў аграпрамысловага комплексу – Наталля Карпук.
У сваёй справаздачы Ніна Уладзіміраўна спынілася на на-дзённых пытаннях. Прынамсі, на тым, як выконваюцца прафсаюзнымі арганізацыямі Жабінкаўшчыны палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016 – 2020 гады, прынятай на V Усебеларускім народным сходзе, які ладзіўся сёлета ў сталіцы.
Было згадана, што заключана раённае пагадненне паміж райвыканкамам, аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў, між якімі існуе паразуменне. Зараз у раёне дзейнічаюць 74 калектыўныя дагаворы. Вялікую карысць маюць прафсаюзныя прыёмы, што праводзяцца штомесячна ў калектывах. Пад час іх працаўнікі маюць добрую магчымасць звярнуцца да прававых інспектараў, атрымаць ад іх кваліфікаваныя адказы і дапамогу.
Адно з найгалоўнейшых пытанняў – ахова працы. Асаблівая ўвага надаецца выдачы спецвопраткі і абутку, стварэнню ўмоў для тых, хто працуе на адкрытым паветры. Рэйдавыя групы тэхнічнай інспекцыі працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі праводзяць адпаведныя маніторынгі. Вынікі іх сёлета разгледжаны на пасяджэнні райвыканкама. Няпростая сітуацыя на рынку працы, але ж попыт на рабочую сілу павялічваецца. Так, зараз занята ў эканоміцы на 95 чалавек больш у параўнанні з пачаткам года. Паменшыўся ўзровень беспрацоўя.
Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў заклікала прысутных надаваць увагу маладым спецыялістам, якіх прыйшло ў раён каля сотні. Як добры прыклад былі названы тыя калектыўныя дагаворы, дзе настаўнікам моладзі прадугледжана даплата. Прыкметная роля прафсаюзаў таксама ў спартыўнай і культурна-масавай рабоце. Таму прагучала прапанова ў наступным годзе не толькі прадоўжыць традыцыю велапрабегаў, прымеркаваных да майскіх святаў, але й правесці раённы турыстычны злёт на беразе Мухаўца. А сёлета, напярэдадні Новага года і Калядаў, – прадоўжыць акцыю “Прафсаюзы – дзецям”.
Асабліва падкрэслівалася значэнне інфармацыйнай работы. Дзеля гэтага неабходна, на думку дакладчыка, выкарыстоўваць прафсаюзны штотыднёвік “Беларускі Час”, раённую газету, інтэрнэт-рэсурсы. На днях завяршыўся конкурс лагатыпаў “Жабінка – здаровы горад”, на які было пададзена 16 работ. Адабраны тры, якія выстаўлены на сайт райбальніцы на адкрытае галасаванне. Пад час пасяджэння Ніна Уладзіміраўна паведаміла і аб правядзенні агляду-конкурсу на лепшую пярвічную прафсаюзную арганізацыю, што пройдзе ў студзені-верасні наступнага года.
– Каб выконваць пастаўленыя задачы, – заўважыла дакладчык, – неабходна ўзмацняць узаемадзеянне прафсаюзаў з органамі дзяржаўнага і гаспадарчага кіравання пры рашэнні сацыяльна-эканамічных задач, дзеля павышэння адказнасці бакоў сацыяльнага партнёрства за выкананне прынятых абавязкаў.
З гэтым цалкам пагадзілася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама Вера Бортнік, што прысутнічала на пасяджэнні Савета раённага аб’яднання прафсаюзаў у якасці запрошанай. Яна падзялілася сваімі думкамі наконт поспехаў, якімі адзначыўся Год культуры, выказала падзяку за неабыякавасць сяброў ФПБ, актыўны ўдзел іх і ў палітычным жыцці краіны (прынамсі, у такой значнай падзеі, як выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу). Вера Уладзіміраўна заклікала прафсаюзныя арганізацыі і надалей заставацца ў трывалай звязцы з органамі ўлады на карысць лю-дзей працы. Сярод культурных дасягненняў – удзел жабінкаўцаў у карнавальным шэсці на Дні горада Брэста. За тое асаблівая ўдзячнасць працоўнаму калектыву ПМК-19, што дапамог стварыць цудоўны вобраз-сімвал “Жабінка – горад-спадарожнік”, які ўпершыню быў прадэманстраваны жыхарам і гасцям горада над Бугам у Год культуры.
МЕНАВІТА ГОДУ КУЛЬТУРЫ быў прысвечаны канцэрт-справа-здача лепшых выканаўцаў і творчых калектываў Жабінкаўшчыны, што ладзіўся пад дэвізам “Народныя таленты табе, Беларусь!”
Адкрыў мерапрыемства пад апладысменты перапоўненай залы старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, які нагадаў некаторыя значныя моманты ў культурным жыцці раёна і краю.Сярод іх – святкаванне 500-ых угодкаў Азятаў і Дзень горада ў Жабінцы, адзначаныя маштабна і запамінальна, насычаныя духам патрыятызму традыцыйныя святы 9 Мая і Дзень Незалежнасці.
– Мы стараліся, каб вам спадабалася, – сказаў Дзмітрый Гарадзецкі, звяртаючыся да залы, – але ж гэтыя святочныя мерапрыемствы не сталі б насычанымі і ўдалымі без дапамогі людзей, усім за тое шчырая падзяка. Цікавыя задумы ёсць і на будучыню, ужо сёння можна зрабіць анонс некаторых мерапрыемстваў. Сярод іх – Студзеньскія вечары, што традыцыйна ладзяцца ў Брэсце, хочацца, каб адзін з іх адбыўся ў Жабінцы. Як і тэатральныя пастаноўкі ў рамках знакамітага фестывалю “Белая Вежа”, да якога таксама было б прыемна далучыцца нашаму гораду-спадарожніку.
Разам з тым, як нагадаў кіраўнік раёна, паняцце культуры – значна больш шматграннае і аб’ядноўвае не толькі людзей мастацтва, але й распаўсюджваецца на чалавечыя адносіны, сям’ю, вытворчаць. Таму надзвычай прыемна ўганараваць людзей, што ніколі не заставаліся ў баку ад культурнага жыцця жабінкаўскай зямлі, спрыялі ўмацаванню і развіццю сацыяльнага партнёрства. У іх ліку – начальнік ПМК-19 Пётр Вайноўскі, старшыня СВК “Вазнясенскі” Надзея Кандрацюк, генеральны дырэктар ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” Віктар Міронаў, начальнік ПМК-10 Мікалай Шпакоўскі, начальнік інспекцыі МПЗ у Жабінкаўскім раёне Любоў Ярмашук. Кожны з іх атрымаў грамату райвыканкама і раённага аб’яднання прафсаюзаў. Сам Дзмітрый Мікалаевіч з рук галоўнага спецыяліста Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Таццяны Шкадровіч атрымаў юбілейны медаль ФПБ. Таццяна Яўгенаўна за супрацоўніцтва на культурнай ніве ўручыла Ганаровую грамату абласнога аб’яднання прафсаюзаў Веры Бортнік.
НЕ ЗАСТАЛАСЯ БЕЗ УШАНАВАННЯ і вялікая колькасць вядомых як у раёне, так і далёка за ягонымі межамі дзеячаў мастацтваў, чые справы даўно на слыху, прыносячы нязменна славу ды павагу Жабінкаўшчыне. Сярод тых, хто атрымаў у той вечар граматы раённага аб’яднання прафсаюзаў, – намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама – загадчык сектара культуры Наталля Бернат, кіраўнікі цудоўных калектываў – узорнага танцавальнага ансамбля “Каруначкі” Ірына Румко і інструментальнага калектыву “Тоніка”, што складаецца з выкладчыкаў дзіцячай школы мастацтваў, Наталля Грэцкая. Найлепшыя словы падзякі пачулі ў свой адрас мастацкі кіраўнік ГДК Алеся Жукава і рэжысёр арганізацыйна-метадычнага цэнтра Аксана Капчук, загадчык аўтаклуба Ганна Макавецкая і кіраўнік вакальнай студыі “Зорны дождж” Галіна Міцковіч, а таксама дырэктар установы адукацыі “Жабінкаўскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі” Галіна Іванова. Сваё пачэснае ўганараванне на сцэне гарадскога Дома культуры мелі і слынныя калектывы: “Каларыт”, які ўзначальвае Валерый Няменьшы, “Хмелеўскія валацугі” (пад кіраўніцтвам Наталлі Дырман), вакальны ансамбль “Раздолле” (на чале з Аляксандрам Чарнушычам), міні-тэатр песні і гумару “Спявай, душа”, якім кіруе Леанід Батура.
Не аднойчы згадвалася і пра паспяховы ўдзел жабінкаўцаў у рэспубліканскім конкурсе “Новыя імёны Беларусі”, які праводзіцца Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі. Сёлета ў фінальным этапе спаборніцтва ў Мінску паўдзельнічалі педагог-псіхолаг другой гарадской школы Ірына Коваль, якая парадавала сваімі цудоўнымі вырабамі з саломкі, і сямейны музычны калектыў Шчасюкоў.
Большасць тых, хто атрымаў узнагароды, ужо праз лічаныя хвіліны зноў узнімаліся на сцэнічныя падмосткі, каб сваім талентам парадаваць гледачоў. Святочны канцэрт у чарговы раз паказаў, наколькі разнастайная і багатая палітра талентаў на Жабінкаўшчыне. Таму слушна апошнім акордам прагучалі словы-зварот як да артыстаў, так і да тых, хто прыйшоў, каб атрымаць асалоду ад іх майстэрства: “Усіх нас аб’ядноўвае актыўная жыццёвая пазіцыя, імкненне сумеснымі намаганнямі захаваць спадчыну і пасадзейнічаць далейшаму культурнаму развіццю роднага краю!”
Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Таццяны ПЛАВУХ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top