Да сустрэчы з грыпам трэба рыхтавацца загадзя

Да сустрэчы з грыпам трэба рыхтавацца загадзя

Карпович

Кожны год у асенне-зімовы перыяд наступае сезон грыпу. Як засцерагчы сябе і сваіх блізкіх ад віруснай інфекцыі, як дапамагчы арганізму, калі ўсё ж захварэлі, і як праходзіць сёлета ў раёне прышчэпачная кампанія супраць грыпу, гутарка з загадчыкам паліклінікі Жабінкаўскай ЦРБ Леанідам Карповічам.

– Леанід Пятровіч, што ж такое грып, чым ён небяспечны, якія могуць быць ускладненні пасля яго?
– Грып – вострая рэспіраторная вірусная інфекцыя, якая працякае з пераважным паражэннем верхніх дыхальных шляхоў, высокай тэмпературай, слабасцю, суправаджаецца развіццём сіндрому агульнай інтаксікацыі і абавязкова патрабуе лячэння. Вірус грыпу перадаецца ад чалавека да чалавека паветрана-кропельным шляхам пры кашлі і чыханні, калі мікраскапічныя кроплі, у якіх утрымліваецца вірус, распаўсюджваюцца ў паветры і потым асядаюць на паверхнях прадметаў, адкуль з часцінкамі пылу могуць трапляць у верхнія дыхальныя шляхі людзей, што побач. Атрымліваецца, мы ўдыхаем вірусы разам з кроплямі вільгаці і часцінкамі пылу. Вірус грыпу трапляе ў паверхневы слой паветраносных шляхоў, адна з асноўных функцый якога – ачышчэнне дыхальных шляхоў ад бактэрый. Пашкоджаны вірусам паверхневы слой лёгкіх і іншых органаў не ўтварае бар’еру і з’яўляецца даступным для пранікнення і размнажэння бактэрый. У выніку перанесены грып ускладняецца пнеўманіямі, бранхітамі, атытамі, ён можа выклікаць паражэнні цэнтральнай нервовай, сардэчна-сасудзістай, выдзяляльнай, іншых сістэм. У групу рызыкі па ўскладненнях уваходзяць асобы старэйшыя за 65 гадоў, хранічныя хворыя, дзеці ранняга ўзросту.
– Якія мерапрыемствы неабходна праводзіць з мэтай прафілактыкі грыпу, а таксама ВРВІ?
– У першую чаргу павышаць ахоўныя сілы арганізма шляхам закальвання, рухальнай актыўнасці, рацыянальнага харчавання, уключаць у рацыён ежу, багатую вітамінамі, свежую садавіну і гародніну, асабліва цыбулю і часнок, піць травяныя чаі і настоі, часцей бываць на свежым паветры, мець паўнавартасны сон. Прымаць прэпараты, якія садзейнічаюць павышэнню імунітэту, маю на ўвазе полівітамінныя комплексы тыпу “Гексавіт”, “Рэвіт”, “Дэкамевіт”, “Ундэвіт”, а таксама прэпараты расліннага паходжання: настойку аравіі, экстракт элеўтэракоку, настойку і экстракт жэньшэню, сіроп шыпшыны і іншыя. У перыяд эпідэміі грыпу патрэбна абмежаваць наведванне шматлюдных месцаў ці скараціць час знаходжання ў іх, на працы і дома як мага часцей праветрываць памяшканні, не пераахалоджвацца, апранацца па надвор’і, захоўваць меры асабістай гігіены, рэгулярна мыць рукі з мылам не менш за 20 секунд, асабліва калі прыйшлі з вуліцы, ці праціраць іх спіртаўтрымліваючым сродкам, прамываць поласць носа салявымі растворамі або сродкамі на аснове марской вады. Важная парада для мам: як мага даўжэй карміце дзіця грудным малаком. Яно самая галоўная крыніца імуннай аховы для вашага малыша. Да сустрэчы з вірусам грыпу неабходна рыхтавацца загадзя: за 2-4 тыдні да мяркуемага сезоннага пад’ёму захваральнасці патрэбна зрабіць прышчэпку. Паводле меркавання экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя вакцынацыя абараняе ад інфекцыі на 97%.
– Леанід Пятровіч, як сёлета ў раёне праходзіць прышчэпачная кампанія супраць грыпу? Колькі жабінкаўцаў атрымалі вакцыну – за кошт рэспубліканскага бюджэту, колькі за кошт раённага? Работнікі якіх прадпрыемстваў і арганізацый Жабін-каўшчыны былі найбольш актыўнымі пад час правя-дзення імунізацыі?
– Сёлетняя прышчэпачная кампанія супраць грыпу доўжыцца да 1 снежня. Пад час яе вакцыну атрымалі 9604 жыхары Жабінкаўшчыны – 40% ад агульнай колькасці насельніцтва раёна, як і было запланавана. З іх за кошт рэспубліканскага бюджэту – 3121, у іх ліку – медыцынскія работнікі, дзеці да трох гадоў, дарослыя з хранічнымі захворваннямі, асобы старэйшыя за 65 гадоў; за кошт раённага бюджэту – 4552 – гэта выхаванцы дзіцячых садоў, школьнікі, педагогі. Магчымасцю абараніцца ад віруса за кошт прадпрыемстваў і арганізацый скарыстаўся 1921 работнік. Дзесяць чалавек прышчапіліся за свае сродкі. Варта адзначыць, што сёлета актыўнасць жыхароў раёна зрабіць прышчэпку ад грыпу значна вышэйшая, чым летась. З большай адказнасцю аднесліся да імунізацыі сваіх працаўнікоў кіраўнікі цукровага завода, ПМК-19, СВК “Рагазнянскі”, ААТ “Жабінкаўскі”. Пры правядзенні сёлетняй прышчэпачнай кампаніі ў раёне выкарыстоўваліся два віды вакцыны: “Грыпол Плюс” беларускай і расійскай вытворчасці, якія абароняць ад вірусаў грыпу, што чакаюцца ў надыходзячым эпідсезоне.
– Што рабіць, калі чалавек усё ж захварэў на грып, і як паводзіць сябе, калі дома з’яўляецца такі хворы?
– Калі вы адчулі, што захварэлі, наведайце ўрача ці выклічце яго на дом. Ні ў якім разе не займайцеся самалячэннем, а строга выконвайце прадпісанні спецыяліста – гэта зарука хуткага выздараўлення! Хворага на грып патрэбна ізаляваць ад астатніх хатніх у асобны пакой, які не забываць рэгулярна праветрываць і рабіць там вільготную ўборку, выдзеліць для яго асабістага карыстання посуд і ручнік. Наведваць і даглядаць такога чалавека неабходна толькі ў медыцынскай масцы ці марлевай павязцы, пазбягаць з ім абдымкаў і поціскаў рукі. У сваю чаргу ён павінен захоўваць так званы “рэспіраторны этыкет”: пры кашлі і чханні прыкрываць рот і нос насоўкай, а лепш аднаразовымі папяровымі сурвэткамі, якія пасля выкарыстання патрэбна адразу выкінуць. Пакінуўшы пакой хворага, не датыкайцеся да вуснаў, носа і вачэй рукамі, пакуль не памыеце іх з мылам ці антыбактэрыяльнымі сродкамі (антысептыкамі).
Практыка паказвае, што захварэць на грып і ВРВІ ў халодны перыяд года вельмі проста, складаней пазбегнуць хваробы. Для гэтага патрэбна прытрымлівацца шэрагу прафілактычных мерапрыемстваў, бо лепш папярэдзіць захворванне, чым займацца яго лячэннем.
– Дзякуй за размову!
Алёна НІКАНЧУК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top