Галоўнае – пазітыўны настрой

Галоўнае – пазітыўны настрой

экономист1

Вопыт прыходзіць з гадамі. Для таго, каб яго набыць, трэба штодня напорыста працаваць і папаўняць прафесійную скарбонку карыснымі ведамі і навыкамі. Гэта дасць магчымасць для самарэалізацыі. І, канечне, добра, калі ёсць з кім падзяліцца назапашаным практычным вопытам.
Усіх маладых спецыялістаў, якія атрымліваюць размеркаванне ў СВК “Маціевічы”, тут стажыруюць, замацоўваючы за вопытнымі работнікамі, якія дапамагаюць знаёміцца і вывучаць абавязкі і здольнасці хуткай адаптацыі на вытворчасці.
Малады бухгалтар Маргарыта Андрэеўна Юрчук – адна з іх. Яна працаўладкавалася сёлета ў сельгаспрадпрыемства ў чэрвені пасля заканчэння Столінскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага кале-джа. Яе стажыруе Таццяна Максімаўна Клочка – галоўны бухгалтар СВК “Маціевічы”. Гэта высокакваліфікаваны спецыяліст, навучаць для яе моладзь не ўпершыню. Усім навічкам патрэбна дапамога, важна, каб яны адчувалі шчырасць і паважлівасць да сябе ад старэйшых калег. Яшчэ заўважу, што Таццяна Максімаўна любіць сваю працу і робіць усё, каб маладым спецыялістам яна таксама падабалася і прыйшлася па душы. А для гэтага трэба зацікавіць, захапіць, прывіць усведамленне значнасці прафесіі ў грамадстве.
На думку Маргарыты Юрчук, каледж дае многа ведаў, але яны тэарэтычныя і далёкія ад таго, з чым даводзіцца сутыкацца на вытворчасці. Дапамога вопытных спецыялістаў вельмі дарэчы. Дзяўчына лічыць, што ёй пашанцавала з кіраўніком сельгаспрадпрыемства ў асобе старшыні Мікалая Іванавіча Кавальчыка, з калегамі з бухгалтэрыі. Яны, дарэчы, вельмі ўважлівыя, у іх можна многаму навучыцца. А яшчэ яна ўдзячна настаўнікам ДУА “Маціевіцкая базавая школа” Галіне Мікалаеўне Парафянюк, Галіне Васільеўне Аксюцік, Жанне Мікалаеўне Падрубнай, выкладчыкам каледжа, якія далі ёй трывалыя веды, падрыхтавалі да самастойнай працы.
“Каб жыццё было паўнавартасным, мне пастаянна трэба знаходзіцца ў руху, кожны дзень пазнаваць нешта новае і атрымліваць задавальненне ад таго, што вакол адбываецца. Вельмі важна заўсёды знайсці баланс паміж асабістым і прафесійным. Работа не павінна перашка-джаць любові і сяброўству, але і ім, здараецца, даводзіцца саступаць дарогу справам”, – гаворыць Маргарыта Юрчук.
Праца ў бухгалтэрыі СВК “Маціевічы” захапіла маладога спецыяліста адразу. У яе абавязкі ўваходзіць: вя-дзенне сальдавых ведамасцяў, складанне даведак аб заробку для налічэння пенсій, улік асноўных сродкаў, сектар разліку з рознымі дэбіторамі і крэдыторамі. Не было і дня, каб дзяўчына “не закідвала” пытаннямі калег, галоўнага бухгалтара. Спецыяліст па кадрах СВК “Маціевічы” Таццяна Сцяпанаўна Харковіч адзначае, што
Маргарыта добрасумленная і адказная, са службовымі абавязкамі спраўляецца.
Сёлета малады спецыяліст паступіла ў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт “Банкаўская справа” па спецыяльнасці “Бухгалтарскі ўлік”. Наперадзе ў яе доўгі прафесійны шлях. Маргарыта імкнецца да ўдасканалення сваіх уменняў і навыкаў. “Я спадзяюся, што неўзабаве дасведчанасць і кампетэнтнасць дзяўчыны ў вельмі складаных пытаннях парадуюць нас”, – дадае Таццяна Харковіч.
У дзяўчыны ёсць хобі: фатаграфаванне. “Захапілася ім яшчэ ў школе, – расказвае яна. – Люблю пахадзіць з фотаапаратам па лесе, ля рэчкі, зафіксаваць цікавыя паводзіны птушак. У кожны здымак укладваю душу. Гэта дапамагае зрабіць іх асаблівымі. Але самае галоўнае для мяне – атрымліваю задаволенасць, адпачываю. Я люблю сваю працу, – дабавіла Маргарыта, – не памылілася ў выбары прафесіі. Таццяна Максімаўна Клочка садзейнічае майму станаўленню ў прафесійным плане. У нас дружны калектыў. Я хутка асвоілася і шчаслівая, што займаюся любімай справай”.
Лідзія БАРАДЗІНА.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro