Доўга Карэлія сніцца

Доўга Карэлія сніцца

1446532452_01

У юнацтве многа разоў чытала пра паўночны лясны і азёрны край – Карэлію. Але, як кажуць у народзе, лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць або прачытаць. Марыла пабываць у Карэліі. Дапамог выпадак. Да суседзяў прыехалі госці з гэтага паўночнага краю. Мы пазнаёміліся, пасябравалі, зрабілі з імі экскурсію ў Брэсцкую крэпасць, наведалі Белую Вежу ў Камянцы, Белавежскую пушчу. Яны ў сваю чаргу запрасілі нас у Карэлію, каб мы змаглі палюбавацца дзівосамі тайгі. З задавальненнем прынялі іх запрашэнне і праз некалькі тыдняў пачалі збірацца ў дарогу. Дзеці ў свае рукзакі паклалі цёплае адзенне (у паўночны ж край едзем), а мы з мужам – прадуктовыя наборы, падарункі сябрам, вішнёвае варэнне і кошык вялізных даспелых антонаўскіх яблыкаў з дзядулевага сада. Ехалі праз Санкт-Пецярбург у напрамку Мурманска. Летняе сонейка ўжо хавалася за высачэзныя яліны, калі цягнік спыніўся на некалькі хвілін у, Петразаводску – сталіцы Карэліі, а затым, Пастукваючы коламі, рушыў далей.

У тры гадзіны ночы былі ў горадзе Сягежа. Выйшлі на перон, цемра, чыгуначны вакзал зачынены на рамонт. На шчасце, у Сягежы жыла наша родзічка цётка Валянціна. Незнаёмец дапамог нам па адрасе знайсці яе дом. Яна прыняла нас гасцінна. Тут упершыню паспрабавалі варэнне з марошкі (такой ягады мы яшчэ ніколі не бачылі і не елі). Раніцаю, пасля сняданку, прайшліся па горадзе. Уражанні былі прыемнымі: чысценькія вулачкі, зеляніна. За горадам над нейкім прадпрыемствам узвышалася высачэзная труба. Мы адчулі нязвыклы пах у паветры. “Гэты пах разносіцца з папярова-цэлюлознага камбіната. Драўніны ў нас хапае, а папера патрэбна ўсім, вось і пабудавалі тут такое прадпрыемства”, – растлумачыла нам цётка Валянціна.
Упоўдзень рушылі да рачнога вакзала. Купілі білеты, уладкаваліся на невялікім цеплаходзе і паплылі па Беламорска-Балтыйскім канале. Якая веліч, якая прыгажосць! Стромкія яліны падступалі да самых берагоў, а насустрач плылі баржы з велізарнай колькасцю бярвенняў. Праз чатыры з паловаю гадзіны мы былі ўжо за сотню кіламетраў ад Сягежы. Наш цеплаход прышвартаваўся ля невялікага мястэчка, за трыццаць кіламетраў ад якога знаходзіўся пасёлак, дзе пражывалі нашы сябры. Рэйсавы аўтобус хутка давёз нас да пасёлка. Дзіўна было бачыць, што хаты з круглякоў стаяць на высокіх сваях. “Гэта для таго так будуем, каб па вясне вада не падтапіла “харомы”, – растлумачылі нам пазней. Мясцовыя жыхары паказалі дом Аднолькаў. З радасцю нас сустрэлі Анатоль з Томаю: “Якія ж вы малайцы, што прыехалі і дзетак з сабою ўзялі, пакуль у іх канікулы”. Вестка аб тым, што прыехалі беларусы, хутка абляцела ўвесь пасёлак. У хату пачалі заходзіць людзі. Цікавіліся, як жывецца беларусам. Мы з задавальненнем расказвалі і частавалі іх беларускай антонаўкай. На наступны дзень, у нядзелю, быў выхадны ў Анатоля (працаваў ён у тайзе на лесараспрацоўках) і мы пайшлі да Варвозера на рыбалку, дзе вада чыстая, зеленаватая ад водарасцяў. Мужчыны закінулі вуды, а я з дзецьмі пачала збіраць брусніцы на схілах возера. Яны былі спелыя, чырвоныя, памерам амаль з вішню. За паўтары гадзіны мы сабралі два пяцілітровыя вядзерцы смачнай ягады. Пашанцавала і рыбакам. Яны ледзь паспявалі чапляць чарвячкоў на рыбалоўныя кручкі. А пад вечар на стале была смажаная рыба і салёныя грыбкі. “Гэта каралеўскі грузд. Мы назапашваем на зіму поўныя бочачкі гэтых грыбкоў”, – паведаміла нам гаспадыня.
На наступны дзень прыйшоў бацька Анатоля дзядзька Валянцін і запрасіў нас на сваю заімку, дзе пражываў летам. “Пойдзем напрамкі, так бліжэй будзе і грыбоў набярэм у бярэзніку”, – сказаў ён. Грыбоў было многа, і мы прыйшлі на заімку з паўнюткімі кошыкамі падбярозавікаў і падасінавікаў. Хата стаяла ля возера. На сцяне ў ёй была вялізная паліца, на якой ляжалі высушаныя травы. З аднымі дзядзька заварваў чай, іншымі карыстаўся для лячэння розных хвароб, пачаставаў нас вяленаю рыбаю, затым мы дапамаглі яму згрэбсці сухое сена. Дзядзька застаўся на заімцы, а мы лясною дарогаю вярнуліся ў пасёлак. Абапал дарогі сярод ялін густа рос чарнічнік. Вялікія даспелыя чарніцы віселі на галінках. А якая смаката! Мы паласаваліся спелымі ягадамі і рушылі далей. Дзеці неслі вялікую торбу з сушанаю рыбаю. Дзядзька, даючы яе, сказаў: “Вязіце ў Беларусь і пачастуйце карэльскаю рыбкаю сваіх сяброў”. Мы з мужам неслі кошыкі з грыбамі. Тома дапамагла нам замарынаваць іх у шкляныя слоікі. Потым мы іх завезлі ў Беларусь.
Кожны наступны дзень быў напоўнены новымі ўражаннямі: ездзілі далёка ў тайгу на матацыкле, назіралі, як ля пасёлка ў высокай траве пасвіліся каровы без пастуха са званочкамі на шыях, а вечарам самі вярталіся ў двары сваіх гаспадароў. Хутка праляцелі восем дзён. Мы вярнуліся дамоў, удзячныя сябрам, што паказалі прыгажосць паўночнага ляснога краю.
Колькі гадоў ужо мінула, выраслі мае дзеці, а вандроўка гэтая не забылася і на памяць прыходзяць радкі песні:
Долго будет Карелия сниться,
Будут сниться с этих пор
Остроконечных елей ресницы
Над голубыми глазами озер.
Галіна ПАСЮК, г. Жабінка.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro