Праблема актуальная і мае грамадскае значэнне

Праблема актуальная і мае грамадскае значэнне

06_s28

Быць бацькамі – цяжкая справа. Гэта адказнасць за выхаванне высокіх духоўных і маральных якасцяў у маленькага грамадзяніна краіны. Бо тое, што бацькі змогуць закласці ў сваіх сыноў і дачок у дзяцінстве, праявіцца ў іх дарослым жыцці. На жаль, ёсць такія таты і мамы, якія не клапоцяцца пра сваіх дзяцей. Дзесяць гадоў таму быў падпісаны Дэкрэт Прэзідэнта Беларусі № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няўдалых сем’ях”. За гэты час у раёне была створана сістэма работы з названай катэгорыяй сем’яў усіх структур. Усе гады пытанні рэалізацыі ўзгаданага Дэкрэта № 18 знаходзяцца на пастаянным кантролі ўлады, улічваючы актуальнасць праблемы і яе грамадскае значэнне.

НЯДАЎНА на пасяджэнні савета па каардынацыі работы дзяржаўных органаў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў раёна разглядалася выкананне Дэкрэта № 18 за дзевяць месяцаў 2016 года.
Пра арганізацыю работы па прафілактыцы сямейнай нядбайнасці ў рамках рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Беларусі № 18 гаварыла загадчык сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Міхайлаўна Андрасюк. Яна заўважыла: “За дзевяць месяцаў сёлета ў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама паступілі 84 паведамленні аб пражыванні дзяцей у няўдалых сем’ях супраць 79 за адпаведны перыяд летась. Дарэчы, паведамленні перадалі ўстановы аховы здароўя, райаддзел надзвычайных сітуацый, раённы аддзел унутраных спраў, суды вобласці і грамадзяне раёна. На 1 кастрычніка 2016 года ў раённым банку дадзеных пра дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, было 93 дзіцяці з 47 сем’яў, у той час як летась на адпаведную дату – 54 хлопчыкі і дзяўчынкі з 34 сем’яў.
Асноўнымі крытэрыямі, паводле якіх дзеці трапляюць у сацыяльна небяспечнае становішча, з’яўляюцца злоўжыванне спіртнымі напоямі іх бацькамі (47%); ухіленне бацькоў ад выхавання нашчадкаў, безнагляднасць, здзяйсненне супрацьпраўных дзеянняў (30 %); няўдалыя ўмовы пражывання, у тым ліку антысанітарыя ў дамах (6,2 %); беспрацоўе бацькоў, аднаго з іх (8,4 %)”.
Наталля Міхайлаўна адзначыла, што на Жабінкаўшчыне на дастатковым узроўні ажыццяўляецца работа па раннім выяўленні сямейнага дрэннага становішча, забяспечваецца кантроль за ўмовамі выхавання і ўтрымання дзяцей. Такая работа ўсіх зацікаўленых службаў прынесла вынікі. “За квартал знята з уліку праз паляпшэнне сітуацыі ў сям’і 16 дзяцей, за 9 месяцаў – 33, а за аналагічны перыяд мінулага года 2 і 30 адпаведна, – заўважыла Наталля Андрасюк. – Аднак не змяншаецца колькасць дзяцей, якія знаходзяцца на ўліку ў сацыяльна небяспечным становішчы больш як адзін год. На 1 кастрычніка такіх было 32 з 15 сем’яў. У аналагічны перыяд летась – адпаведна 28 і 14. Расце колькасць сем’яў, якія маюць запазычанасць па аплаце за камунальныя паслугі, спажытую электраэнергію і газ. На 1 верасня мелі яе толькі за электраэнергію 32 сям’і, з іх 22, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. На Жабінкаўшчыне стала больш хлопчыкаў і дзяўчынак, якія засталіся без апекі бацькоў, атрымалі сіроцкі статус праз пазбаўленне бацькоўскіх правоў. Цяпер у раёне 20 дзетак сіроцкай катэгорыі жывуць у 18 апякунскіх сем’ях, 14 – у 6 прыёмных. У першым паўгоддзі 2016 года было створана тры апякунскія сям’і, у якія змешчана чацвёра малых. І яшчэ адзін факт: узнаўлення ў бацькоўскіх правах сёлета ў раёне не было”.
Начальнік аддзела прымусовага выканання ў Жабінкаўскім раёне Ірына Генадзьеўна Тэадаровіч зрабіла аналіз кампенсацыі расходаў на ўтрыманне дзяцей, якія знахо-дзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, абавязанымі асобамі. Дарэчы, на кантролі і выкананні ў згаданым аддзеле знаходзіцца 76 выканаўчых дакументаў у адносінах 48 абавязаных асобаў, летась на 1 кастрычніка іх было адпаведна 93 і 52.
За дзевяць месяцаў неабходна было спагнаць на ўтрыманне дзяцей 265840 дэнамінаваных рублёў, вернута дзяржаве толькі 74,17 %, а з улікам астатку запазычанасці на пачатак года – 29,42 %.
Сёлета за дзевяць месяцаў спагнана на 3,45 % больш, чым летась, за такі ж перыяд.
Выступоўца Ірына Тэадаровіч паведаміла, што абавязаныя асобы (сямёра з іх) адбываюць пакаранне ў выпраўленчых калоніях ці праходзяць прымусовае лячэнне ад алкагалізму ва ўмовах ЛПП, 40 абавязаных пагашаюць запазычанасць па месцы працы, ці з пенсіі і дапамогі.
Начальнік упраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама Любоў Фёдараўна Селівонік паведаміла, дзе працаўладкаваны абавязаныя, якой работай займаюццца, як яе выконваюць; часова выконваючы абавязкі начальніка аддзела ўнутраных спраў Ілля Яўгенавіч Хвалько – пра работу, якая праводзіцца супрацоўнікамі міліцыі з абавязанымі асобамі, у прыватнасці, пры прагулах; абследуюць жыллёва-бытавыя ўмовы іх; тых, хто знаходзіцца на наркалагічным уліку, дастаўляюць у Жабінкаўскую цэнтральную раённую бальніцу на прыём да ўрача, інш. Было адзначана, што дзейснай мерай у прафілактыцы абавязаных асобаў, схільных да п’янства, можа быць кадзіроўка ад алкагольнай залежнасці на добраахвотнай аснове.
Свае думкі на каардынацыйным савеце выказалі дырэктар ДУА “Жабінкаўскі сацыяльна-педагагічны цэнтр” Таццяна Новік, начальнік райаддзела надзвычайных сітуацый Алег Бутрым, старшыня суда Жабінкаўскага раёна Віктар Новік, участковы інспектар ІСН Аляксандра Сівухіна, намеснік дырэктара ў ідэалагічнай рабоце ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” Тамара Чапрасава.
На каардынацыйным савеце было прынята адпаведнае рашэнне. Паводле яго, напрыклад, нельга несвоечасова пералічваць грашовыя сродкі, утрыманыя з заработнай платы абавязаных асобаў; прааналізаваць заробак у СФ2, ФГ у перыяд сезонных работ з мэтай перапрацаўладкавання абавязаных для больш поўнай кампенсацыі сродкаў на ўтрыманне дзяцей; раза-брацца па кожнай сям’і, дзе ёсць запазычанасць за электраэнергію, і ліквідаваць яе ў кароткія тэрміны; прааналізаваць прычыны зніжэння працэнта кампенсацыі сродкаў на ўтрыманне дзяцей абавязанымі асобамі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, інш.
Людміла КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro