Создаём музей вместе

Создаём музей вместе

У дзіцячых успамінах заўжды захоўваюцца самыя яркія, часам балючыя і страшныя, бы сполахі маланкі, моманты жыцця. Думаю, такое адчуванне ёсць у кожнага, чыё маленства прыпала на ваенную пару. Нават праз гады ў куточках памяці ёсць месца малюнкам з ліхалецця.
Улетку 1941 года мы жылі на хутары паблізу Залуззя. Было мне толькі пяць гадоў, але і зараз памятаю дзень, калі ў небе біліся два самалёты.
Бой быў кароткі: нямецкі і савецкі лётчыкі сустрэліся ў небе на ўскрайку вёскі, над маёнткам паноў Задарноўскіх.
Нямецкі ас, відаць, быў больш вопытны. Хутка наш лятак, ахутаны дымам, пачаў падаць. Пілот яшчэ спрабаваў утрымаць машыну і планіраваў у напрамку чыгуначнага прыпынку Кантынава (зараз ён завецца Батча), але, нарэшце, сілы згаслі, і машына з чырвонымі зоркамі ўпала ўніз.
Прыкладна ў пяцідзесяці метрах паўночней ад чыгункі гарэлі рэшткі самалёта, раскінутыя выбухам. Мы, хлапчукі, прыбеглі туды не адразу, а праз колькі часу, калі пачулі размовы дарослых, што разносіліся пагалоскам у вёсцы.
Гэта было на другі або трэці дзень вайны. Побач знаходзіліся аэрадромы ў Стаўпах і Кобрыне. Відаць, наш лётчык прыляцеў з аднаго з іх. Бацька мой Кірыл Канстанцінавіч (1907-1983) прынёс з месца катастрофы лётчыцкае крэсла, якое з тае пары захоўвалася ў нашым доме.
Калі даведаўся, што ў Малых Сяхновічах ствараецца Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, вырашыў, што знаходка з ваенных часоў можа быць цікаваю для іншых. Вось і аддаў яе ў музей.
К.АНДРАЮК, г.Жабінка.
На здымку: дырэктар музея Сяргей Дзямідаў з беражлівасцю аглядае дар Канстанціна Кірылавіча Андраюка. Унікальная знаходка неўзабаве зойме належнае месца ў экспазіцыі раённага музея.
Фота А.Бензерука.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top