Любы аўтамабіль яму па сілах

Любы аўтамабіль яму па сілах

пожарный
Роля вадзіцеля на службе МНС вельмі важная. Менавіта ад яго прафесіяналізму залежыць, наколькі хутка выратавальнікі патрапяць на месца здарэння. Ён павінен арыентавацца на дарозе, ведаць аб знаходжанні бліжэйшых водных крыніц і эфектыўна прымяняць навыкі валодання спецтэхнікай.
Андрэй Крывянец за рулём з 2000 года. Працаваў вадзіцелем грузавых аўтамабіляў на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, затым кіроўцам аўтобуса гарадскіх пасажырскіх рэйсаў у расійскім горадзе Ліпецку, таксістам. Апошнія два гады ён вадзіцель пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 Жабінкаўскага раённага аддзела надзвычайных сітуацый.
Хто хоць аднойчы садзіўся за руль пажарнай спецмашыны, разумее, як складана кіраваць такой цяжкай і магутнай тэхнікай.
– За вадзіцелем пажарнай часці няма пэўнага замацаванага аўтамабіля, – расказвае 34-гадовы Андрэй Крывянец, – ён павінен умець кіраваць усімі відамі машын і мае допуск да ўсіх аўтамабіляў. Сёння я саджуся за руль ЗІЛа-130 або 131, заўтра мне падуладныя МАЗ-пяцітоннік або васьмітоннік. Умею кіраваць усёй пажарнай рэзервовай тэхнікай.
Напрыклад, адзін ЗІЛ павышанай праходнасці, на ім устаноўлена абсталяванне для выратавання людзей на вадзе, у зімовых умовах. Часцей за ўсё выкарыстоўваецца для выцягвання аўтамабіляў са снегу. МАЗ-васьмітоннік – аўтамабіль павышанай праходнасці, на ім размешчана, акрамя пажарнага, абсталяванне для выратавання людзей пры дарожна-транспартных здарэннях: гідраўлічныя нажніцы, разжымы, дамкраты і іншае.
З размовы з Андрэем Алегавічам даведваюся, што вадзіцель службы МНС не толькі кіруе аўтамабілем, але і дапускаецца да работы на пажарнай помпе. А яны розныя: помпа на васьмітонніку, напрыклад, адрозніваецца ад сваёй “калегі” на пяцітонніку. На аўтамабілі хуткага рэагавання стаіць помпа высокага ціску. З усімі імі Андрэй Крывянец умела ўпраўляецца.
На аўтамабілі сувязі і асвятлення стаяць дымагенератары, каб адкачваць дым з будынкаў, дзе адбываецца пажар. Пад час яго кіроўца знаходзіцца на пасту бяспекі, але пры неабходнасці можа ўваходзіць у склад звяна газадымаабарончай службы, тушыць пажар “знутры”.
– Працуючы ў райаддзеле надзвычайных сітуацый, больш адчуваю сябе пажарным, чым вадзіцелем, – кажа Андрэй Алегавіч. – Ад моманту дастаўкі пажарных і абсталявання да моманту ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі я – кіроўца, а потым – выратавальнік.
Сёлета ўлетку Андрэй Крывянец прымаў удзел у конкурсе прафесійнага майстэрства “Лепшы
вадзіцель органаў і пад-раздзяленняў па надзвычайных сітуацыях”. Спачатку былі абласныя спаборніцтвы ў Брэсце, дзе жабінкавец заняў шостае месца з 18 удзельнікаў. На рэспубліканскі этап конкурсу ад Брэсцкай вобласці былі адабраны 6 чалавек, потым з іх выбралі траіх. У ліку лепшых апынуўся і вадзіцель ПАВЧ № 1 Жабінкаўскага РАНС Андрэй Крывянец. Рэспубліканскія спаборніцтвы праходзілі на вучэбна-трэніровачным палігоне пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС. Конкурс меў на мэце вызначыць лепшых знаўцаў правілаў дарожнага руху і кіроўцаў пажарнага аўтамабіля.
– Удзельнікі (а нас было 8 каманд па тры вадзіцелі ў кожнай) рыхтаваліся што-дзённа, вельмі сумленна, прапрацоўвалі білеты па правілах дарожнага руху ў ДТСААФе, ажыццяўлялі ваджэнне на яго аўтадроме, – расказвае Андрэй Алегавіч. – У першы дзень было асабістае першынство, на наступны – каманднае. Неабходна было як мага хутчэй і з найменшай колькасцю памылак пераадолець элементы “Кольца”, “Каляіна”, “Тунэль”, “Змейка”, “Дыяганальная паркоўка” і іншыя. Улічваючы немалыя габарыты аўтацыстэрн, гэта было даволі няпроста. Асабіста мне найбольш запомніўся элемент “Змейка” – складаны і прыгожы адначасова. Уяўляеце, як пажарны пяцітоннік праязджае змейкай уперад, а потым назад? Аўтацыстэрна нахіляецца ўбок, наколькі можа, аж “свісціць” рызіна на колах. Гудзіць рухавік на высокіх абаротах, педаль уціскаецца ў падлогу. А самае складанае – кручэнне руля: чым хутчэй, тым лепш “упішашся”.
Нашы выратавальнікі паказалі высокі клас майстэрства ў экстрэмальным ваджэнні, і ў выніку каманда Брэсцкай вобласці заняла ў фінальным этапе рэспубліканскага конкурсу першае месца. У складзе каманды былі, акрамя Андрэя Крывянца, супрацоўнікі Маларыцкага і Пінскага РАНС – абодва вадзіцелі з вялікім стажам работы.
– Кіраўніцтва загадзя дало нам устаноўку на першае месца, – прызнаецца Андрэй Алегавіч. – Мы адчувалі вялікую адказнасць, стараліся апраўдаць давер, а перамога была прыемнай і нечаканай.
Ім ганарацца родныя: маці, жонка Кацярына і 7-гадовая дачка Вікторыя. Яго прафесіяналізм цэняць у раённым аддзеле надзвычайных сітуацый. Радуюцца яго поспехам і землякі-крыўлянцы.
Нягледзячы на перамогу, Андрэй не захварэў “зорнасцю”, застаецца такім жа сціплым, якім яго ведаюць калегі. Выратавальнік проста выконвае сваю работу і гатовы ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

Фота Святланы Кіслай.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro