Дарадцы старшыні – псіхалогія і пунктуальнасць

Дарадцы старшыні – псіхалогія і пунктуальнасць

IMG_9106

Уладзімір Уладзіміравіч Дземідзюк (на здымку) родам з Украіны. 16 гадоў таму ён працаваў эканамістам у аграфірме-саўгасе “Патрыкі” Кобрынскага раёна, затым – брыгадзірам на птушкафабрыцы. Пэўны час рупіўся па атрыманай спецыяльнасці. Калі яму прапанавалі іншае месца работы з перспектывай займець уласнае жыллё на Жабінкаўшчыне, у 2006 годзе без шкадавання пераехаў у Ракітніцу і ўладкаваўся ў мясцовае сельгаспрадпрыемства эканамістам.
Любы новы чалавек у вёсцы, як гаворыцца, навідавоку. Калегі адразу адзначылі ў працаўніку дакладнасць, адказнасць за даручаны ўчастак работы, а яшчэ ветлівасць, уменне знаходзіць агульную мову з любым чалавекам, перажываць за грамадскую справу. Хутка Уладзіміра Уладзіміравіча ракітчукі пажадалі бачыць дэпутатам сельскага Савета.
У маі 2013 года ён быў назначаны старшынёй Ракітніцкага сельвыканкама. Усё складваецца ў сям’і кіраўніка сельсавета добра: ёсць утульны дом, жонка, дачушкі. Старэйшая Аліна закончыла вучобу ў Ленінскай сярэдняй школе з залатым медалём, паступіла ў медуніверсітэт, будзе фармацэўтам. Малодшая Таццяна таксама добра вучыцца ў 10-ым класе абласнога ліцэя імя Машэрава. Яны падтрымалі жаданне таты і мужа ўзваліць увесь груз праблемных пытанняў, якія штодзённа даводзіцца вырашаць кіраўніку сельсавета. Якія яны? Аб гэтым гутарка карэспандэнта.
– Так, клопатаў у старшыні сельсавета, паверце, нямала. Аднак зусім не шкадую, што жыццёвая дарога зрабіла круты паварот. Я ўвогуле з тых людзей, што не баяцца эксперыментаваць, шукаць лепшай долі. Даводзіцца штодня сустракацца з людзьмі рознага ўзросту, рознымі жыццёвымі пазіцыямі, са сваімі думкамі і разважаннямі – і гэта мне імпануе. Ніводны працоўны дзень не быў падобны на іншы. У нашым сельскім Савеце ў 9 населеных пунктах (а гэта Федзькавічы, Замошаны, Дзяглі, Пятровічы, Ракітніца, Стрыганец, Задзерць, Булькова, хутар Стрыганецкія Бусні) пражываюць 1722 чалавекі. Найбольш населеная Ракітніца – 824 чалавекі. Ведаю многіх з іх.
Напачатку майго старшынёўства было складана. Вельмі дапамагалі ўвайсці ў курс падзей кіраўнік спраў сельвыканкама Ніна Васільеўна Буян (у яе вопыт і 20-гадовы стаж работы) і вядучы спецыяліст Алена Аляксееўна Лепская. Заўжды прыслухоўваюся да парад галоўнага бухгалтара Ірыны Фёдараўны Клімчук.
– Цікава, што найбольш хвалюе вяскоўцаў? З якімі пытаннямі звяртаюцца да вас?
– Пытанні – розныя. Гэта асвятляльнасць вуліц, рамонт дарог, іх грэйдзіраванне, вывазка смецця, добра-ўпарадкаванне, абкошванне пустазелля, выдзяленне ўчасткаў пад будаўніцтва і інш.
– Якія праблемныя пытанні вам удалося вырашыць у апошні час?
– Жыцццёвых надзённых пытанняў шмат, у сельвыканкам прыходзяць і тэлефануюць жыхары з рознымі праблемамі. Напрыклад, адзінокапражываючы ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Данілавіч Яроцкі бедаваў, што ў ягонай хаце электраправодка ў аварыйным стане. Заказалі праектна-каштарысную дакументацыю. У выніку 50 працэнтаў кошту яе аплаціла наша гаспадарка і столькі ж – ветэран. Такая ж праблема была ў доме 83-гадовай Ніны Іванаўны Гуль з вёскі Задзерць, з ёю справіліся таксама сумесна. Восенню абследавалі стан печак у вяскоўцаў пажылага ўзросту. Замянілі прытопачныя лісты ў 88-гадовай Ганны Васільеўны Шэйда, Веры Аляксееўны Пастушчык нават і некаторыя дошкі ў падлозе замянілі. Цяпер у апошняй устанаўліваем новую сетку-плот. Летась замянілі плот за паўкошта ветэрану Валянціне Васільеўне Хмурэц з Ракітніцы. Летам часта вяскоўцы прасілі навесці парадак на прыдамавых тэрыторыях. З гэтай задачай выдатна спраўляўся Уладзімір Іванавіч Гарбачоў. Ён без стомы абкошваў траву бензакасой. Многія нам званілі і дзякавалі за акуратна зробленую ім работу. Просяць таксама дапамагчы прывезці дровы, правесці ў дом ваду. Калі пытанне ў кампетэнцыі сельсавета – нікому не адмаўляем.
Была і нестандартная просьба. Пазваніў неяк Мікалай Герасімавіч Яроцкі (ён жыве па вуліцы Настаўніцкая) і папрасіў прыбраць гнёзды “гаманлівых” варон, якія пасяліліся на дрэвах за Домам культуры. Мы і яго просьбу выканалі!
– Па тэрыторыі Ракітніцкага сельсавета праходзіць аўтастрада Брэст – Мінск. Як гэта акалічнасць накладвае свой адбітак на вашу працу?
– Такое месцазнаходжанне дае больш “плюсаў”, чым “мінусаў”. Трэба заўжды памятаць: “А якое меркаванне складзецца ў людзей пра Жабінкаўшчыну, якія бачаць яе з вокнаў аўтамабіляў?” Падтрымліваць парадак на прыдарожнай тэрыторыі – задача нумар адзін. Ніякіх пластыкавых бутэлек, паперчын на ўзбочыне вы не ўбачыце (зразумела, калі іх не пакінуць пасля сябе хамы-вадзіцелі), пустазеллю ўздоўж шашы не даецца “зялёнае святло”. Добраўпарадкаванню тэрыторыі мы надаем многа ўвагі. Напрыклад, наводзілі парадак на могілках у Булькове, ачысцілі іх ад кустоўя. Напярэдадні абласнога свята – ушанавання хлебаробаў-рупліўцаў – Ракітніца, як дбайная гаспадыня, правяла рамонт плота, наводзілі парадак уздоўж галоўнай вуліцы вёскі, “прыхарошваўся” і наш ДК. Заказалі ўязны знак, які, думаю, упрыгожыць аграгарадок.
У верасні заклалі храм у гонар Валянціны Мінскай. Для ракітчукоў гэта цэлая падзея ў духоўным жыцці. Новы храм выдатна “ўпішацца” ў кварталы новабудоўляў і будзе добра бачны з шашы.
Я ўлюбёны ў нашы вёскі. Якія прыгожыя тут дамы! Людзі стараюцца стварыць атмасферу казкі і сонечнай радасці на прыдамовых тэрыторыях. Патанаюць у кветках, напрыклад, дворыкі Аляксандра Мікалаевіча Нідчанкі, Ніны Васільеўны Буян, Святаслава Баляслававіча Копаця і іншых.
– Дарэчы, наколькі я ведаю, атрымаць участак пад будаўніцтва ў вашым сельсавеце не так і проста – утварылася цэлая чарга…
– Часткова гэта так. Выгаднае суседства з Брэстам і Жабінкай, наяўнасць камунікацый (тыя ж газ, святло, вада) стварыла нездаровую сітуацыю вакол участкаў у тых жа Пятровічах і Федзькавічах. На сённяшні дзень 70 чалавек выказалі пісьмовае жаданне будавацца на тэрыторыі нашага сельсавета (і гэта не толькі жабінкаўцы). Некаторыя ўчасткі былі прададзены з аўкцыёна (самы дарагі, напрыклад, за 12 тысяч еўра!).
І людзі набываюць участкі і будуюцца.
– Палова Ракітніцы, лічы, новабудоўлі. Радуюць вока архітэктурныя фантазіі іх будучых гаспадароў. Што просяць навасёлы ад сельсавета?
– Жыхары вуліц Рабінавая і Вінаградная прасілі падсыпаць дарогі, а таксама “злучыць” зручным праездам Настаўніцкую і Каштанавую. Будзе развівацца інфраструктура і электрафікацыя квартала побач з будучай царквой.
Зусім пакуль не добраўпарадкаваны вуліцы Нізкая, Новая, Меліяратыўная, аднак гэта праблема часу. Дарэчы, адпачываючыя просяць зрабіць зручны праезд да булькоўскага кар’ера, а таксама да Задзерці. Неаднаразова жыхары вёскі За-дзерць і хутара Стрыганецкія Бусні ўзнімалі пытанне газіфікацыі. Пакуль яно толькі на паперы…
– Наколькі мне вядома, на тэрыторыі вашага сельсавета працуюць некалькі фермераў…
– Так, у нас многа рупліўцаў. Сярод іх – фермерскія гаспадаркі “Ева-Лэнд”, “Яквіл”, “Агралэнд-Еўра”, “АграБуг-Прагрэс”. Дзякуючы першай у дварах многіх ракітчукоў растуць купленыя там туі і кветкі. Напрыклад, у мяне расце прывіты лімон. Ёсць у нас фермер, які вырошчвае бараноў. Ён, дарэчы, адзіны такі на Жабінкаўшчыне. З усімі імі ў нас усталяваліся добрыя адносіны. Мясцовыя жыхары маюць магчымасць набываць вырашчаны ўраджай, у сезон знайсці работу.
– Уладзімір Уладзіміравіч, на пасадзе старшыні сельсавета вы працуеце чацвёрты год. Якія “правілы кіраўніка” выконваеце?
– Маё галоўнае правіла – пунктуальнасць. Слова не павінна разыходзіцца са справай. Паабяцаў нешта зрабіць – выконвай. Калі да мяне звяртаюцца з нейкай просьбай, стараюся прымяніць ягоную праблему да сябе і, як правіла, гэта дапамагае прыняць правільнае рашэнне.
– Кожны дзень – гэта незлічоная колькасць званкоў, гутарак, размоў, пытанняў. А як вы адпачываеце пасля працоўнага дня?
– Калі выпадае вольная гадзінка, магу дазволіць сабе пасядзець з вудай на рэчцы або падхапіцца ў пяць гадзін раніцы і схадзіць да пачатку работы ў лес па грыбы. Па тэлевізары магу паглядзець футбол, а так – прыхільнік більярда і настольнага тэніса. Праўда, вылучыць гадзінку на спорт бывае складана. Люблю пачытаць фантастыку і гістарычныя раманы. З маіх любімых кніг – Дзюма “Граф Монтэ Крыста” і Дантэ “Божественная комедия”. Калі ўзначаліў сельсавет, захапіўся псіхалогіяй і сацыялогіяй – гэтыя дысцыпліны дапамагаюць мне ў штодзённай працы.
– Дзякуй за гутарку. Поспехаў вам!
Запісала Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro