Рэкорды б’юць кукуруза і салодкія карані

Рэкорды б’юць кукуруза і салодкія карані

IMG_8703

Адно з важнейшых святаў восені – Дзень працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Ён аб’ядноўвае ўсіх тых, чыя праца заўжды была і застаецца запатрабаванай нашай эканомікай і грамадствам, хто любіць родную зямлю, хто сваімі добрасумленнымі адносінамі да справы, высокай арганізаванасцю, дысцыплінай і майстэрствам павялічвае яе багацце.
У мінулую пятніцу, напярэдадні прафесійнага свята, у ГДК віншавалі лепшых працаўнікоў АПК. Гля-дзельная зала, як заўжды, была запоўнена. Яно і не дзіва: толькі ўзнагароджаных было запрошана амаль 90 чалавек.IMG_8380
Адкрыў святочную праграму старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Дзмітрый Мікалаевіч Гарадзецкі.
– Сельская гаспадарка – аснова эканомікі любой краіны, – адзначыў пад час свайго выступлення старшыня. – Гэта свята тых, хто рупіцца ў сферы сельскагаспадарчай і прамысловай вытворчасці. Уменне і прафесіяналізм лю-
дзей, выкананне тэхналагічнай дысцыпліны, набыццё тэхнікі дазволілі дабіцца пэўных вынікаў у вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. Так, напрыклад, у раёне разам з кукурузай намалочана больш як 57 тысяч тон збожжа, пры IMG_8935ўраджайнасці звыш 41 цэнтнера з гектара. І хоць гэты паказчык не самы высокі за апошнія некалькі гадоў, упершыню за ўсю гісторыю раёна ўдалося намалаціць 11 тысяч тон збожжа кукурузы (гэта пры тым, што ў лепшыя гады гэты паказчык быў крыху большы за 6 тысяч тон). Выдатны ўраджай “каралевы палёў” на зерне атрымалі ў СВК “Маціевічы”, “Рагазнянскі”, “Азяты-АГРА” і “Вазнясенскі”. Дарэчы, ураджайнасць кукурузы на насенне – 173 цэнтнеры з кожнага гектара вырасцілі аграрыі “Азяты-АГРА”.
Дзмітрый Гарадзецкі з трыбуны назваў пераможцаў жніва сярод сельгас-арганізацый. Імі сталі СВК “Хмелева” (сабрана 7,3 тысячы тон збожжа), “Вазнясенскі” (намалочана 5,6 тысячы тон пры IMG_8549ўраджайнасці 49 цэнтнераў з гектара) і ААТ “Ракітніца” (усяго намалочана збожжа звыш 6 тысяч тон).
– За гэтымі лічбамі стаяць людзі, якія вырошчваюць хлеб не дзеля ўзнагарод і пашаны, – падкрэсліў Дзмітрый Мікалаевіч. – Гэта сапраўды руплівая і бясцэнная праца. Без хлебнага поля няма вёскі. Прыемна было бачыць на абласных “Дажынках-2016” у Драгічыне нашых вадзіцеляў Дзмітрыя Аляксандравіча Савосіна з СВК “Вазнясенскі”, Сяргея Анатольевіча Ласкевіча і Максіма Мікалаевіча Кавальчыка з СВК “Маціевічы”.
Парадавалі сёлета аграрыяў ураджаем буракі – 506 цэнтнераў з гектара пры валавым зборы звыш 74 тысяч тон. Гэта самы важкі вынік за апошнія пяць гадоў. Лідарам у вырошчванні гэтай культуры з’яўляецца СВК “Вазня-сенскі”, дзе накапана 11 тысяч тон цукровых буракоў – па 690 цэнтнераў з кожнага гектара. 9,6 тысячы тон – такі валавы збор ААТ “Ракітніца”, звыш 15 тысяч тон – у ААТ “Жабінкаўскі”. Гэтыя поспехі не могуць не радаваць.
Вядучае месца ў сельгасвытворчасці традыцыйна займае жывёлагадоўля. На яе долю прыходзіцца 70 працэнтаў таварнай прадукцыі. З пачатку года на фермах IMG_0603Жабінкаўшчыны атрымана 47 тысяч тон малака. Жывёлаводам ёсць чым ганарыцца. Так, у малочных лідарах – СВК “Вазнясенскі”, “Рагазнянскі” і “Хмелева”, дзе надоена 6274, 6136 і 5184 кілаграмаў на карову адпаведна. Самыя лепшыя з 25 малочнатаварных ферм – “Бусні-1” СВК “Рагазнянскі” (загадчык Віктар Іванавіч Сабалеўскі), “Агароднікі” СВК “Вазнясенскі” (загадчык Валянціна Сцяпанаўна Асіпук), “Дзяменічы” СВК “Хмелева” (Марыя Міхайлаўна Ульяніцкая).
Не менш значнай задачай, якая стаіць перад жывёлагадоўляй, застаецца вытворчасць і рэалізацыя мяса. За 10 месяцаў у раёне вырашчана 6105 тон мяса, 44 працэнты яго атрымана на свінакомплексе “Сычова”. Сярод лепшых аператараў на адкорме і дарошчванні БРЖ былі названы прозвішчы Андрэя Карлавіча Шмідта (СВК “Маціевічы”), Людмілы Міхайлаўны Андрасюк (СВК “Хмелева”) і Ірыны Мікалаеўны Кажамякінай (ААТ “Жабінкаўскі”).
Свой уклад у вытворчасць сельгаспрадукцыі ўносяць сялянска-фермерскія гаспадаркі, у якіх рупяцца 84 работнікі. Сапраўднымі гаспадарамі на зямлі паказалі сябе фермерскія гаспадаркі “Улас” (кіраўнік – Уладзімір Краўчук), “Яквіл” (Людміла Якаўчук), “Бярозка” (Сяргей Кузнец), “Ева-Лэнд” (Анастасія Кухарчук). Гэты спіс можна працягваць.
– Нам ёсць чым ганарыцца, – падкрэсліў у сваім выступленні Дзмітрый Гарадзецкі. – За 10 месяцаў бягучага года Жабінкаўшчына забяспечыла самы высокі тэмп вытворчасці валавой прадукцыі ў вобласці – 119 працэнтаў. У гэтым заслуга не толькі работнікаў ферм, але і кіраўнікоў і спецыялістаў усіх арганізацый.
У гэтае галоўнае для хлебаробаў свята кіраўнік раёна падзякаваў усім спецыялістам, рупліўцам вёскі – работнікам АПК – за тое, што дзякуючы ім раён не здае свае лідарскія пазіцыі, пажадаў здароўя і шчасця, дабрабыту і дастатку, поспехаў, цярпення ў дасягненні мэт.
Затым старшыня райвыканкама ўручыў Ганаровыя граматы і Лісты падзякі лепшым працаўнікам АПК.
Далей слова ўзяў шаноўны госць свята – старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Дзмітрыевіч Ашмянцаў:
– Выказваю словы ўдзячнасці тым людзям, якія выбралі працу ў сельскай гаспадарцы. Вы з’яўляецеся прыкладам працавітасці, вернасці і адданасці сваёй справе.
Сяргей Дзмітрыевіч пажадаў працаўнікам ферм і палёў моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, новых працоўных поспехаў для роднай Жабінкаўшчыны і ўручыў высокія ўзнагароды некаторым з іх. Так, Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь удастоены Віталь Васільевіч Дадычанка, начальнік аддзялення № 2 “Якаўчыцы” ААТ “Жабінкаўскі”. Ганаровыя граматы абласнога Савета дэпутатаў атрымалі Уладзімір Мікалаевіч Дземідзюк, дырэктар ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”, і Тамара Уладзіміраўна Кузьміч, галоўны заатэхнік СВК “Арэпічы”, а Ліст падзякі Брэсцкага аблвыканкама – Валянціна Сцяпанаўна Асіпук (загадчыца МТФ “Агароднікі”). Дыпломам аблвыканкама за высокія паказчыкі ў вытворчасці цукровых буракоў адзначана старшыня СВК “Вазнясенскі” Надзея Рыгораўна Кандрацюк.
Працаўнікоў сельскай гаспадаркі Жабінкаўшчыны віншавалі таксама старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў, што ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, Ніна Уладзіміраўна Калыбская, старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Вітальевіч Шалтанюк, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Леанідавіч Стасевіч, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Наталля Львоўна Карпук, старшыня раённага аграпрамысловага саюза Аляксандр Серафімавіч Тарасевіч і іншыя. Яны адзначылі граматамі, Лістамі падзякі і прэміямі за самаадданую працу шматлікіх рупліўцаў ферм і палёў.
Выдатным падарункам у дапаўненне да слоў віншаванняў, падзяк і ўзнагарод стала канцэртная праграма, падрыхтаваная работнікамі культуры. Музычныя нумары ў выкананні ансамбляў: народных інструментаў “Тоніка”, палескай песні Ракітніцкага СДК “Вярбічанька”, узорнага ансамбля народнага танца “Каруначкі”, вакальнага “Каларыт”, міні-тэатра гумару і песні “Спявай, душа” Крыўлянскага СДК, а таксама салістаў ГДК, сталі сапраўдным упрыгажэннем свята, а цёплая, добразычлівая атмасфера яго запомніцца ўдзельнікам надоўга.
Святлана КІСЛАЯ.
Фота Таццяны ПЛАВУХ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro