Путешествие в историю рода

Путешествие в историю рода

Некалі, у часы летапісныя – амаль легендарныя, каб стаць мужчынам, юнаку патрабавалася выканаць тры адказныя заданні: пераплыць сцюдзёную раку, выйсці сам-насам з драпежным зверам і, нарэшце, у прызначаны дзень у святым месцы паўстаць перад колам старэйшых. Усе маўчалі, гаварыў самы паважаны:
— Ты раку адолеў. Ты скуру прынёс. Аднак гэта ўсё драбяза. Сапраўдны мужчына павінен ведаць свой радавод да дзясятага калена. Вось ты стаіш. А побач бацька твой, побач дзед… А хто быў раней за іх? Пачынай!
І юнак пачынаў пералічваць без запінкі свой род, бо ведаў, што будзе гэтае пытанне, і рыхтаваўся да экзамена з таго дня, як пачаў прамаўляць словы.
Скончыліся часы летапісныя — прыйшлі мабільныя. Цяпер ніхто ў рэчку не загоніць — часу няма. Са зверам на двубой не пашле — моцы няма. Радавод не спытаецца — памяці няма.
— Гэта ў каралёў повязі ў стагоддзі паглыбляюцца, — шкадаваў адзін знаёмы. — А ў мяне ўжо ў ХХ-м губляюцца. Бацька быў шафёрам, дзед — селянінам і прадзед у зямлі корпаўся, пакуль у яе не паклалі… А хто да яго на пагосце палёг? Бог ведае. Не, не каралеўскай мы крыві.
Добра, пагаворым пра кроў “самую тую” — “найвышэйшых” гатункаў, выстаяную на стагоддзях. Англа-ірландска-валійска-шатландскую з дабаўленнем нямецка-ўгорска-франка-іспанскай ды ўкраінска-беларускай крыві. Іншым словам, пойдзем ад Рагнеды Полацкай да Лізаветы Вялікабрытанскай. Ад стагоддзя Х да ХХІ-га.
Тое, што брытанскія манархі параднёныя з колішнімі валадарамі Шатландыі, Ірландыі, Уэлса, не здзіўляе нікога. Нездарма гэтыя дзяржавы аб’ядналіся пад адной каронай. Аднак, ці ведаеце вы, што ў роднасці з англійскімі каралямі былі нават некаторыя прэзідэнты Злучаных Штатаў Амерыкі? Напрыклад, пра свае повязі з каранаванымі асобамі ведае Уільям Джэферсан Блайт IV, які ў 15 гадоў стаў Білам Клінтанам, а ў 46-ць – 42-м прэзідэнтам ЗША.
Яшчэ больш цікавая сувязь англійскага Каралеўскага Дома са славянскімі землямі. Князь Рурык, якога лічаць заснавальнікам Рускай дзяржавы, з’яўляецца продкам сучаснай англійскай каралевы Лізаветы ІІ… у 40-ым калене! Ягоны праўнук Уладзімір Хрысціцель сілай узяў за сябе полацкую князёўну Рагнеду. Іх сына Яраслава Мудрага нездарма звалі “Цесцем Еўропы”: сваіх дачок вялікі кіеўскі князь сасватаў за каралёў Нарвегіі, Францыі, Венгрыі. А далей, ужо ў XIII стагоддзі, родавыя сувязі пацягнуліся ў Іспанію і Францыю – да Філіпа Прыгожага. Калі Жалезны Кароль (другая мянушка караля) выдаваў дачку Ізабелу Французскую Ваўчыцу за Эдуарда ІІ, хітры манарх лічыў гэта добрай справай, якая прынясе нашчадкам уладу над Англіяй. Аднак шлюб стаў прычынай ліхалеццяў для самой Францыі.
Ваяўнічы Эдуард ІІІ, сын Ізабелы і Эдуарда, калі ўсклаў на галаву брытанскую карону, пажадаў займець і дзедаўскі прастол. Так пачалася Стогадовая вайна, у якой не адно пакаленне англічан і французаў змагаліся дзеля славы сваіх каралёў. Не паспелі сціхнуць грымоты баёў адной вайны, як пачалася новая — грамадзянская Вайна Руж. Пасля працяглай барацьбы Пунцовая і Белая геральдычныя Ружы злучыліся ў гербе дынастыі Цюдараў.
Непрымірымыя ворагі Лізавета I і Марыя Сцюарт былі сваячкамі. Аднак каралеўская кроў нярэдка пралівалася ў гісторыі. Лізавета захапіла саперніцу, і кат адсёк няшчаснай галаву… Аднак перамагла ўсё ж Марыя! Беспатомная Лізавета перад смерцю вымушана была перадаць карону Англіі Якаву, сыну ненавіснай шатландкі. А ягоны праўнук Георг I займеў адразу тры спадчынныя вянцы: у нямецкім Гановеры і на Брытанскіх астравах. Яшчэ больш дыяментаў у карону Брытанскай імперыі прынесла славутая каралева Вікторыя, спадчынніца Георга ў пятым пакаленні. Пры ёй дзяржава са шматлікімі калоніямі, раскіданымі па ўсіх кантынентах, стала найвялікшай у свеце. Вікторыя была шматдзетная маці. Яе нашчадкі не толькі Георг V, але й апошні расійскі цар Мікалай II. (Дарэчы, знешне яны былі падобныя, нібыта блізняты!). Сённяшняя каралева Лізавета II — таксама спадчынніца Вікторыі.
Вось такімі пакручастымі шляхамі часам ідзе Гісторыя праз стагоддзі і чалавечыя лёсы. З глыбіняў вякоў — па сённяшні дзень. Ад няшчаснай Рагнеды — да шчаслівай Лізаветы.
А.БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top