За лічбамі бачыць чалавека

За лічбамі бачыць чалавека

_DSC1025

Бываюць людзі, пасля зносін з якімі на душы становіцца хораша і цёпла, хочацца спяваць і радавацца цёпламу сонейку, пошчаку птушак і, нібы эстафету, перадаваць добры настрой іншым. Марына Мікалаеўна Ахметава (на здымку) – якраз з кагорты такіх. У ААТ “Ракітніца” яна працуе дыспетчарам, і, здаецца, яе ветлівасці, шчырасці, цеплыні сэрца, прамяністага позірку хопіць на ўсіх, хто на працягу дня заходзіць у дыспетчарскую або размаўляе з ёй па тэлефоне.
…ДЗЯЦІНСТВА МАРЫНЫ МІКАЛАЕЎНЫ прайшло ў горадзе Каспійску, што побач з Дагестанам. “Здорава было: выйдзеш на балкон – і мора відаць”, – узгадвае яна. Мама працавала ў канструктарскім бюро, а тата ад простага токара “дарос” да начальніка цэха мясцовага завода. Старэйшая сястра вучылася іграць на фартэпіяна, і ёй прарочылі настаўніцкую дзейнасць. А Марынка лёгка “шчоўкала” задачкі і ўсім гаварыла, што стане эканамістам. Зрэшты так і атрымалася: старэйшая з дзяўчат вывучылася на настаўніка, а малодшая атрымала спецыяльнасць эканаміста ў галіне народнай гаспадаркі і планавання ў Дагестанскім тэхнікуме імя Сярго Арджанікідзэ.
Тата па рабоце часта ездзіў у камандзіроўкі ў Беларусь. Яму імпанаваў прыгожы, утульны край (а ў ліхія 90-ыя ў Дагестане стралялі, і кулі неаднойчы ціўкалі ў вокны і дзверы). Першым беларускім горадам, у які бацька Марыны трапіў і адразу ўлюбіўся, было Маладзечна. “Выклапатаў” кватэру ў 1994 годзе і адразу перавёз жонку і абедзвюх дарослых дачок у Беларусь. Ці мог ён ведаць, што крывінушкі знойдуць тут свой лёс?
МАРЫНА МІКАЛАЕЎНА ніколі не забудзе той сустрэчы з Ігарам. Ён з першага позірку паланіў яе сэрца, а праз паўгода дзяўчына афіцыйна стала яго жонкай.
Як нітачка за іголкай, паехала за мужам на яго малую радзіму – Жабінку. Тут знайшлася і работа. Год прарабіла касірам, яшчэ 6 гадоў – кладаўшчыцай у Жабінкаўскім РВПС. А з 2004 года ўладкавалася дыспетчарам у КУСП “Саўгас Ракітніца”. Разбірацца ва ўсіх тонкасцях даручанай справы ёй дапамагала свякроў – Аляўціна Міхайлаўна, якая працавала тут галоўным бухгалтарам.
– Пасада дыспетчара мяне першыя месяцы крыху бянтэжыла, – узгадвае Марына Мікалаеўна, – бо тут вялікае кола абавязкаў. Цяпер для мяне зводкі аператыўнай справаздачнасці – нібы песня. Колькі надаілі малака, прадалі мяса, расцялілася кароў і колькі пакрылі, дзе і чым пасеялі – даведваюся нават раней за кіраўніка гаспадаркі. Я ў курсе ўсіх падзей, якія штодзённа адбываюцца на палях і фермах у ААТ “Ракітніца”.
Наша гераіня не толькі выдатна спраўляецца са сваімі службовымі абавязкамі. Яна на працягу апошніх дзесяці гадоў узначальвае ў гаспадарцы прафсаюзны камітэт работнікаў АПК. Варта адзначыць, што ў ААТ “Ракітніца” ўсе 175 работнікаў з’яўляюцца сябрамі прафсаюза. Зразумела, у гэтым немалая заслуга ўсмешлівай і лагоднай Марыны Ахметавай.
– Многія чамусьці думаюць, што прафсаюз – гэта толькі цукеркі да Новага года, – разважае яна. – Усе льготы і дапамогі, прапісаныя ў калектыўным дагаворы, – гэта заслуга найперш прафкама. І нашы работнікі гэта адчуваюць.
Напрыклад, на 8 Сакавіка, 23 лютага, Новы год усе атрымліваюць падарункі. Ідзе руплівец на заслужаны адпачынак – калі ласка, у залежнасці ад колькасці адпрацаваных гадоў атрымлівае дапамогу ад 5 да 20 базавых велічынь. Калі здарылася бяда, цяжка захварэў – раз у год можна ўзяць матэрыяльную дапамогу, у санаторый пуцёўку дастаць – таксама не праблема.
Абавязкова віншуюць калектывы ферм і механізатараў напярэдадні Новага года – з салодкім сталом і падарункамі. Дарэчы, салодкія наборы атрымліваюць дзеці працаўнікоў.
Рупліўцы гаспадаркі і пенсіянеры атрымліваюць па 2 цэнтнеры збожжа напалову яго кошту. Таксама, каб пасадзіць, апрацаваць і выкапаць бульбу, прывезці сена ці салому, выпісаць машыну, работнікі плацяць толькі палову кошту гэтых паслуг. Кожную нядзелю праваслаўныя вернікі маюць магчымасць дабірацца ў булькоўскі храм на аўтатранспарце ААТ “Ракітніца”.
Клапоціцца прафсаюз гаспадаркі аб патанненні харчавання работнікаў. Так, у сваёй сталоўцы гатуюць страву для рупліўцаў двойчы на дзень, і кошт абеду складае ўсяго 60 капеек.
Здароўе ракітчукоў і іх дзетак – таксама пад пільным наглядам. Так, за год паправілі здароўе і адпачылі ў санаторыях Дзіма Сацюк, Улад Гарох, Аляксей Марціновіч, Ганна Кавальчук, Мікалай Цвяткоў, Ганна Жыгар, Ірына і Ганна Мілянок. Бацькі былі вельмі ўдзячныя прафсаюзу за выдзеленыя пуцёўкі ў санаторыі.
Марына Мікалаеўна стараецца разнастаіць жыццё ракітчукоў-рупліцаў. Дзякуючы яе клопату жадаючыя работнікі і іх дзеці ездзілі ў Брэст і Жабінку на канцэрты з удзелам беларускіх зорак, бачылі выступленне дэльфінаў, глядзелі лялечны тэатр, фаер-шоу. Пасля кожнай культурнай падзеі яна атрымлівала нямала шчырых і цёплых “дзякуй” за відовішчы.
Не забывае прафсаюзны камітэт гаспадаркі і аб радасных падзеях у сем’ях работнікаў, калі іх падросшыя хлопчыкі і дзяўчынкі становяцца першакласнікамі. Бацькам аказваецца матэрыяльная дапамога. Напрыклад, па 30 рублёў ад прафсаюзнага камітэта гаспадаркі плюс 15 – ад райкама прафсаюза работнікаў АПК атрымалі сёлетнія першакласнікі Даша Вячорка, Воля Шамайла, Наташа Цвяткова, Дзяніс Шамайла, Іванна Іванюк, Дзіма Разановіч, Арцём Тарасюк, Яўген Ярашук. Няхай дзеткі добра вучацца ў Краіне ведаў!
У ААТ “Ракітніца” выдзяляецца дапамога і самым старэйшым людзям. Напрыклад, ветэрану вайны і працы Міхаілу Данілавічу Яроцкаму да юбілею падарыі набор пасцельнай бялізны. На жаль, нашых вызваліцеляў пакідаюць сілы, з кожным годам іх застаецца ўсё менш, таму ўсе пяць ветэранаў і адзін вязень, якія жывуць на тэрыторыі ракітніцкага сельсавета, не застаюцца без увагі і напярэдадні важных дат іх наведваюць, а 9 Мая ўручаецца дапамога ад гаспадаркі – 100 рублёў кожнаму.
– Мне вельмі хочацца, каб усе работнікі гаспадаркі атрымлівалі годныя заробкі, – кажа Марына Мікалаеўна. – Мне, як старшыні прафсаюза, хочацца ўсім дапамагчы, толькі бюджэт абмяжоўвае. За лічбамі трэба бачыць чалавека, ведаць яго праблемы, мары, жаданні. Не адною працай павінен жыць чалавек.
Запісала Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top