Камфортна і жывёле, і людзям

Камфортна і жывёле, і людзям

IMG_0478

Чаго баяцца выпускнікі вну больш за ўсё? Дзяржаўных экзаменаў? Абароны дыпломнага праекта? Не, хутчэй размеркавання. Для многіх гады адпрацоўкі прыраўноўваюцца нібы да нейкага заключэння.

Міхаіла Чырука (на здымку), выпускніка Пінскага дзяржаўнага аграрнага тэхналагічнага каледжа, размеркаванне і радавала, і палохала. Радавала, бо малады вет-урач першае месца работы атрымаў у Жабінкаўскім раёне, побач з роднай Маларытчынай. Пужала, бо не ведаў, як прымуць яго ў калектыў старэйшыя, вопытныя спецыялісты, ці хутка заслужыць давер і павагу, у якім стане пагалоўе гаспадаркі.
Усе Міхаілавы апасенні, як аказалася, не мелі падстаў. Маладому спецыялісту ў СВК “Рагазнянскі” адразу арэндавалі жыллё, а на МТФ “Бусні-1” ветэрынарнаму фельчару знайшоўся занятак.
Побач з Міхаілам заўжды былі людзі, гатовыя ў любы момант прыйсці на дапамогу, раілі словам і справай. Малады спецыяліст адчуваў падтрымку старэйшых вопытных калег, кіраўніцтва, і сам стараўся ўнікаць ва ўсе тонкасці ветэрынарыі, дасканала выконваў свае абавязкі. За два гады адпрацоўкі яшчэ больш захапіўся працэсам лячэння жывёлы, таму вырашыў удасканальваць веды ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.
Кемліваму рупліўцу-завочніку прапанавалі ў гаспадарцы жыллё – дыхтоўны домік, пабудаваны паводле прэзідэнцкай праграмы, а таксама пасаду ветурача-гінеколага.
– Работа захапіла мяне, – расказвае Міхаіл. – Своечасовае штучнае асемяненне кароў, расцёлы, іх пасляродавая рэабілітацыя, збалансаванае харчаванне адыгрываюць не апошняе значэнне ў колькасці і якасці малака, якое штодзённа адпраўляем на малаказавод. Не сакрэт, што найбольшая малакааддача ад каровы атрымліваецца пасля трэцяга-чацвёртага ацёлу. У статку “Бусні-1” з 560 кароў больш за палову – з чацвёртай лактацыяй. Ёсць і свае “рэкардсменкі” – даюць да сарака пяці кілаграмаў малака штодня. Зразумела, такіх рагуль трэба берагчы. Задача ветслужбы – сачыць за здароўем пагалоўя, не дапускаць мастытаў, ялавасці, пасляродавых ускладненняў, сачыць за харчаваннем, умовамі ўтрымання, асабліва ў сухастойны перыяд.
У СВК “Рагазнянскі” мэтанакіравана вядзецца галштынізацыя статка – гэта значыць, каровы і цялушкі пакрываюцца семем пародзістых быкоў, якое дастаўляецца з Германіі і Францыі.
Ад такога матэрыялу звычайна нараджаюцца ладныя, буйныя цяляткі. Рагулі абавязкова атрымліваюць вітамінны комплекс, ферменты і энергетычныя дабаўкі.
– Працаваць на ферме ветурачом-гінеколагам мне падабаецца, – кажа Міхаіл Чырук. – Тут камфортна і жывёле, і персаналу. Ёсць лабараторыя па штучным асемяненні, неабходныя прэпараты і лекі; у базу дадзеных занесена ўся інфармацыя аб кожнай рагулі. Асаблівае задавальненне атрымліваем, калі пасля праведзеных маніпуляцый карова становіцца сцельнай.
Дарэчы, за мінулы год на МТФ “Бусні” выхад цялят на 100 кароў склаў 99,8. Гэта выдатны паказчык. Нездарма Міхаіл Чырук па выніках работы за мінулы год сярод аператараў па штучным асемяненні заняў першае месца ў вобласці.
Святлана КІСЛАЯ.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro