С вниманием к труженикам и их семьям

С вниманием к труженикам и их семьям

Прафсаюзная арганізацыя ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі” аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах 235 чалавек. Гэта 99 працэнтаў ад усіх працуючых.
Прайшоў год, як узначаліць яе торфабрыкетчыкі даручылі Аляксандру Іванавічу Андрасюку, які працуе на прадпрыемстве юрысконсультам. Старшыні прафкама, як і для многіх іншых завадчан, хто жыве далёка за межамі пасёлка Ленінскі, дабрацца на працу, праблемы няма. За кошт прадпрыемства наладжаны падвоз работнікаў на завод.
З прыемнасцю Аляксандр Андрасюк расказаў мне як прафкам і адміністрацыя прадпрыемства дапамагаюць тым, хто здабывае сыравіну для вытворчасці, ці вырабляе паліва. А робіцца тут і сапраўды нямала. У навагоднія святы ніводнае дзіця работнікаў не засталося без увагі. Было закуплена каля 120 салодкіх падарункаў. Дарослыя таксама атрымалі матэрыяльную падтрымку ў 35 тысяч рублёў кожны. Сума, мож, і не вялікая, але ўсё-такі прыемная ўвага!
Хутка вясновае свята 8 Сакавіка, і Аляксандр Іванавіч з упэўненасцю зазначыў, што кожная жанчына-працаўніца не будзе абдзелена ў гэты дзень увагаю. Усяго ж тут працуе 60 жанчын. Дарэчы, пра заахвочванні да святаў запісана нават у калектыўным дагаворы. Прадугледжваюцца і іншыя матэрыяльныя, дапамогі: пры заключэнні шлюбаў, пры нараджэнні немаўлятак, у сувязі са смерцю работніка, яго блізкіх ці родных, а таксама былых торфавытворцаў. Найбольш выплат было зроблена летась з выпадку нараджэння дзяцей — 2 млн. 100 тыс.рублёў. Працаўнік мае права звярнуцца па дапамогу ў прафкам калектыву ў сувязі з хваробай ці з прычыны цяжкага матэрыяльнага становішча. Як зазначыў Аляксандр Іванавіч, грашовая падтрымка ў сувязі з хваробай не фіксаваная, бо яна залежыць ад цяжкасці і ад працягласці захворванняў. А вось з-за цяжкіх сямейных сітуацый выплачваецца канкрэтна — 50 тыс.рублёў.
— Каб нікога не пакрыўдзіць, — гаворыць старшыня прафкама, — дапамогу аказваем аднаму і таму ж чалавеку не больш чым адзін раз у год. Праўда, бываюць і непрадбачаныя сітуацыі. Тады, вядома, не пакідаем у бядзе, хоць выплата ўжо і рабілася.
Прафкам разам з адміністрацыяй завода клапоціцца пра здароўе і карысны адпачынак сваіх рабочых. У раённым аддзеле аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння заказваюцца пуцёўкі. Часткова іх аплачвае адміністрацыя, прафкам. Сума, якую патрэбна заплаціць супрацоўніку, вылічваецца зыходзячы з сярэдняга даходу і складае прыкладна 10 працэнтаў ад кошту пуцёўкі. Калі рабочы згодна са сваёй ініцыятывай едзе адпачываць у санаторый ці дом адпачынку і набывае пуцёўку за свой кошт, то прафкам таксама часткова кампенсуе расходы: 50 працэнтаў кошту яе, але не больш 500 тыс. рублёў. Летась чацвёра нашых завадчан набылі пуцёўкі самі і сума выплат склала 1 млн. 400 тыс. рублёў.
Згодна з калектыўным дагаворам набываюцца пуцёўкі на летні перыяд і для дзяцей рабочых. Мінулым летам аздаравіліся ў летніках “Лясная казка” і “Арляня” шасцёра дзяцей работнікаў прадпрыемства. Грошы на пуцёўкі часткова выдаткоўвалі прафкам, адміністрацыя і самі бацькі.
Сябры прафсаюзнай арганізацыі прымаюць актыўны ўдзел у карпаратыўным адпачынку. Пад новы год для бацькоў і іх дзяцей былі арганізаваныя паездкі ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы і ў Лядовы палац г.Брэста. Прафкам набывае рабочым білеты на канцэрты беларускіх артыстаў, якія выступаюць на сцэне гарадскога Дома культуры.
Прапісаўся ў калектыве і лозунг “У здаровым целе — здаровы дух”. Тут ёсць нямала спартсменаў. Каманда міні-футбалістаў летась прымала ўдзел у раённым першынстве і заняла трэцяе прызавое месца. Прафсаюзны камітэт падтрымаў заводскіх спартсменаў матэрыяльна, што безумоўна паўплывала на настрой і агульны вынік.
— Ці сутыкаецца прафкам у сваёй рабоце з цяжкасцямі? — запыталася ў Аляксандра Іванавіча.
— У жыцці, вядома, ёсць цяжкасці. І наш клопат пераадолець іх, — з усмешкай сказаў старшыня прафкама Аляксандр Андрасюк. — Але невырашальных пытанняў няма. З любой сітуацыі ёсць выйсце, трэба толькі ўважліва яе прааналізаваць і выхад будзе знойдзены.
Н.ГУР’ЕВА, пасёлак Ленінскі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top