Распаўсюджваць і прымнажаць вопыт перадавых настаўнікаў

Распаўсюджваць і прымнажаць вопыт перадавых настаўнікаў

IMG_8166 IMG_8233
У мінулую пятніцу, 11 лістапада, на базе першай гарадской школы адбыўся рэспубліканскі семінар “Забеспячэнне якасці адукацыі на аснове фарміравання інфармацыйнай культуры ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу ва ўмовах высокатэхналагічнага адукацыйнага асяроддзя”. У ім прынялі ўдзел начальнік цэнтра развіцця дадатковай адукацыі дарослых Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Таццяна Кажамякіна, старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, яго намеснік Ала Ануфрыюк, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Бурко, яе намеснік Іна Тарасевіч.
У той дзень Жабінку наведалі ўдзельнікі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі Рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы”. У першай гарадской школе ён рэалізуецца другі год.
Адкрыў семінар старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. Дзмітрый Мікалаевіч пазнаёміў гасцей з нашым раёнам, у прыватнасці, яго ўдалым месцазнаходжаннем: ля трасы М1, недалёка ад свабоднай эканамічнай зоны і мяжы з Украінай і Польшчай, а таксама магчымасцю перамяшчацца па чыгунцы як у напрамку сталіцы, так і на Палессе. Спыніўся кіраўнік раёна на эканамічным развіцці Жабінкаўшчыны, яе значных прамысловых, сельскагаспадарчых, транспартных і будаўнічых прадпрыемствах, развіцці сацыяльнай сферы. Агучыў і тыя задачы, якія стаяць перад Жабінкай як горадам-спадарожнікам, у першую чаргу далейшае развіццё інфраструктуры: будаўніцтва шматкватэрнага і прыватнага жылля, дарог, водазабеспячэння, каналізацыйных сістэм.
Гаварыў Дзмітрый Мікалаевіч і пра партнёрскія адносіны з суседнімі краінамі, у прыватнасці, Украінай і Польшчай, і, канечне, пра асноўнае багацце раёна – яго працавітых людзей. У канцы ён запрасіў гасцей семінара прыязджаць да нас яшчэ і нагадаў, што на Жабінкаўшчыне ёсць выдатныя санаторыі – “Буг” і “Надзея”, дзе можна паправіць здароўе і добра адпачыць.
З адукацыйнай прасторай раёна пазнаёміла ўдзельнікаў семінара начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Бурко. Так, на Жабінкаўшчыне 27 устаноў адукацыі: ліцэй, 9 сярэдніх школ, адна базавая, 13 устаноў дашкольнай адукацыі, цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі навучаецца 2872 вучні, а дашкольныя ўстановы наведвае 1131 выхаванец.
Гаварыла Галіна Сцяпанаўна пра станоўчую дынаміку якаснага складу педагагічных кадраў раёна, якая ў апошнія гады дапаўняецца ростам іх кваліфікацыйнага ўзроўню. Так, колькасць педагогаў Жабінкаўшчыны, якія маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйныя катэгорыі, вырасла да 77 працэнтаў, пацвердзілі апошнюю 22 настаўнікі.
У раёне працягвае развівацца інавацыйная дзейнасць. У мінулым навучальным годзе была завершана работа па трох інавацыйных праектах у першай гарадской школе, яслях-садзе № 1 і Ракітніцкім. З 1 верасня 2015 года пачата рэалізацыя рэспубліканскіх інавацыйных праектаў у Ракітніцкай, Крыўлянскай і першай гарадской адзінаццацігодках. Цікавым быў мінулагодні праект “Медыя – Ваш новы інструмент!”, які ажыццяўляўся на базе трэцяй гарадской школы сумесна з Майстэрняй сацыяльнага кіно (г. Мінск).
Галіна Сцяпанаўна звярнула ўвагу прысутных, што ў раёне працягваецца далейшая інфарматызацыя ўстаноў адукацыі, і гэта абумоўлена пераходам да масавага выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Сёлета з верасня ў гарадскім ліцэі і першай школе пачалося ўкараненне такіх электронных сэрвісаў, як “Электронны журнал” і “Электронны дзённік”.
З мэтай павышэння якасці агульнай сярэдняй адукацыі з 2015/2016 навучальнага года ў школах раёна ўведзена профільнае навучанне.
Аналіз дынамікі паступлення выпускнікоў школ Жабінкаўшчыны паказвае, што кожны год у сярэднім 50 працэнтаў іх становяцца студэнтамі ВНУ.
Развіццё інтэлектуальных ведаў пацвярджаецца ўдзелам школьнікаў у алімпіядным руху і даследчай дзейнасці. Галіна Сцяпанаўна агучыла мінулагоднія вынікі трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах: адзін дыплом І ступені і чатыры дыпломы ІІІ ступені. У агульным абласным рэйтынгу раён заняў пятае месца па колькасці пераможцаў абласнога этапа і шостае – заключнага. Так, дзесяцікласніца гарадскога ліцэя Вольга Чарнецкая была ўключана ў склад абласной каманды для ўдзелу ў заключным этапе алімпіяды і па яе выніках была ўзнагароджана дыпломам І ступені па нямецкай мове.
Дырэктар першай гарадской школы Міхаіл Савянкоў прадставіў гасцям семінара ўстанову, расказаў пра арганізацыю вучэбных заняткаў, факультатываў, аб’яднанняў па інтарэсах, работу профільных груп, рэсурсных цэнтраў па падрыхтоўцы навучэнцаў да ўдзелу ў прадметных алімпіядах, што працуюць на базе школы трэці год. Падкрэсліў Міхаіл Пятровіч, што мадэляваць дзейснае інфармацыйнае асяроддзе ўстановы дапамагае высокі ўзровень аснашчанасці сучасным абсталяваннем. Так, у школе 62 камп’ютары, 12 праектараў, 3 інтэрактыўныя дошкі, мабільны камп’ютарны клас. Усе камп’ютары аб’яднаны ў лакальную сетку і маюць высокахуткасны доступ у інтэрнэт. 72 працэнты педагогаў маюць сертыфікаты карыстальнікаў інфармацыйных тэхналогій, 98 працэнтаў – выкарыстоўваюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў адукацыйным працэсе. Чатыры педагогі павысілі кваліфікацыю па тэме “Падрыхтоўка рэгіянальных IT-т’ютараў”.
Дырэктар установы звярнуў увагу прысутных, што школа з’яўляецца актыўным удзельнікам інавацыйнай і эксперыментальнай дзейнасці, пачынаючы з 2011 года. У гэтым навучальным годзе першая гарадская адзінаццацігодка рэалізуе пілотны праект “Электронны журнал/Электронны дзённік” для вучняў 4-5 класаў.
Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Іна Мірко расказала пра накірункі метадычнай работы ў школе, агучыла яе задачы. У першую чаргу яна рэалізуецца праз дзейнасць метадычных фарміраванняў. Існуюць праблемныя групы для настаўнікаў-прадметнікаў, якія ў сваёй дзейнасці выкарыстоўваюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Адзначыла Іна Аляксандраўна, што педагогі школы з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі навукова-практычных канферэнцый, семінараў, педагагічных чытанняў, абагульняюць свой вопыт. Прафесійнае майстэрства яны павышаюць праз самаадукацыю, удзел у конкурсах, наведванне навучальных семінараў. Штогод у план метадычнай дэкады ўключаюцца адкрытыя ўрокі, майстар-класы, на якіх настаўнікі школы дэманструюць свае знаходкі ў вобласці прымянення інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Свой вопыт у выкарыстанні ІКТ педагогі ўстановы, удзельнікі інавацыйнага праекта прадстаўляюць на e-mail канферэнцыях, на старонках прадметных часопісаў, прафесійных газет, дзеляцца ім з калегамі раёна, вобласці і рэспублікі.
Удзельнікам семінара была прадэманстравана магчымасць установы трымаць сувязь са сваімі сеткавымі партнёрамі, у прыватнасці, з калегамі сярэдняй школы № 2, праз скайп, а таксама магчымасць завочна папрысутнічаць на пасяджэнні праблемнай групы настаўнікаў пачатковых класаў школы.
Пасля завочнага знаёмства з нашым раёнам, установамі адукацыі Жабінкаўшчыны, работай першай гарадской школы ў ажыццяўленні рэспубліканскага інавацыйнага праекта і прымяненнем у дзейнасці яе педагогаў інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, удзельнікі семінара ажыццявілі экскурсію па школе, пазнаёміліся з выставай метадычных напрацовак сеткавых партнёраў першай адзінаццацігодкі – СШ № 2 і СШ № 3, а таксама з выставай дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва выхаванцаў Жабінкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Убачылі госці семінара і майстар-класы педагогаў школы – удзельнікаў інавацыйнага праекта. Іх правялі настаўнікі рускай мовы і літаратуры Святлана Арэхава, гісторы і грамадазнаўства Марына Іпатава, англійскай мовы Ірына Макарук, нямецкай мовы Інга Лазоўская і музыкі Андрэй Войнаш.
Падвяла вынікі семінара начальнік цэнтра развіцця дадатковай адукацыі дарослых Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Таццяна Кажамякіна. Таццяна Іванаўна выказала словы ўдзячнасці аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама за арганізацыю такой сустрэчы, адміністрацыі і калектыву першай школы за гасціннасць. Яна адзначыла высокі ўзровень прафесійнага майстэрства настаўнікаў, якія праводзілі майстар-класы, а таксама падкрэсліла, што галоўная задача інавацыйных пляцовак, існуючых у рэспубліцы, – браць, выкарыстоўваць, распаўсюджваць і пры-мнажаць вопыт перадавых настаўнікаў нашай краіны.
У той дзень знаёмства ўдзельнікаў семінара з нашым раёнам прадоўжылася наведваннем Хмелеўскага мужчынскага манастыра і Жабінкаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея.
Алёна НІКАНЧУК.
Фота Таццяны ПЛАВУХ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro