«Жабінкаўская ПМК -10» адзначае юбілей

«Жабінкаўская ПМК -10» адзначае юбілей

От всей души поздравляем коллектив
ГУСП «Жабинковская ПМК-10», ветеранов
и молодых специалистов предприятия с юбилеем!

Вот уже пять десятилетий предприятие вносит свой вклад в реализацию планов социально-экономического развития нашего района, выполнение государственных программ в сфере строительства.
Активная строительная деятельность последнего десятилетия способствовала формированию привлекательного и современного облика Жабинковщины. За этот период в районе возведено множество социально значимых, сельскохозяйственных и промышленных объектов. Благодаря трудолюбию и профессионализму работников Жабинковской ПМК-10 жабинковцы ежегодно обретают тепло и уют своего дома.
Сегодня жизнь требует от вас огромной отдачи, постоянного совершенствования профессиональных знаний и умений.
Уважаемые работники предприятия!
Сердечно поздравляем вас с юбилеем и выражаем искреннюю благодарность и признательность за плодотворный, добросовестный труд. Желаем процветания, стабильности, дальнейших трудовых успехов, семейного счастья и благополучия.
Жабинковский районный исполнительный комитет.
Жабинковский районный Совет депутатов.

 

 

IMG_0510Унітарнаму прадпрыемству “Жабінкаўская ПМК-10” менавіта сёння спаўняецца паўстагоддзя. Залаты юбілей – цудоўная падстава, каб у думках азірнуцца ў мінулае, ацаніць зробленае, намеціць задачы на будучае. “Калі прааналізаваць пражытыя пяць дзесяцігоддзяў, мы з гонарам можам адзначыць, што гэтыя гады былі напоўнены добрасумленнай працай, – сказаў пад час гутаркі кіраўнік калектыву будаўнікоў Мікалай Антонавіч Шпакоўскі. – Вынікі яе служаць людзям ва ўсіх куточках Жабінкаўшчыны, нават за яе межамі. Пабудаваны жылыя дамы і школы, медыцынскія ўстановы і дзіцячыя сады, магазіны і дамы культуры, прамысловыя прадпрыемствы, малочнатаварныя фермы…”

 

Узгадаем у некалькіх штрыхах час пяцідзесяцігадовай даўніны, калі ў раёне была створана буйная будаўнічая арганізацыя. У сярэдзіне шасцідзясятых гадоў эканоміка жабінкаўскага краю ўяўляла сабой цукровы завод, які быў пушчаны ў эксплуатацыю ў 1963 годзе. Больш як тысячны калектыў цукравараў пастаўляў на спажывецкі рынак трэцюю частку беларускага цукру.
Сярод калгасаў і саўгасаў з’явіліся сапраўдныя “маякі” , якія атрымлівалі важкія ўраджаі ў раслінаводчай галіне. Развівалася вытворчая і сацыяльная база ў вёсках, масава ўводзіліся меліяраваныя землі. Суб’ектам гаспадарання трэба было расшырацца, ствараць новыя вытворчыя пляцоўкі. Аднак раздробленасць будаўнічых брыгад, кантор, участкаў у раёне для ўзвядзення больш маштабнага аб’екта патрабавала дапамогі іншых. Дый адсутнічалі, наогул, прафесійныя арганізацыі будаўнікоў. На той час у калгасах трэба было праводзіць мэтанакіраванае капітальнае будаўніцтва.
16 ЛІСТАПАДА 1966 ГОДА адбыўся сход старшыняў калгасаў і будаўнічых арганізацый раёна, у якім прымалі ўдзел кіраўнікі абласных службаў. Пасля змястоўных абмеркаванняў было вырашана стварыць Жабінкаўскую міжкалгасную будаўнічую арганізацыю, вызначаны яе задачы – капітальнае будаўніцтва ў калгасах па падрадных дагаворах.

Так называлася арганізацыя:
1966 г. – Жабінкаўская міжкалгасная
будаўнічая арганізацыя,
1977 г. – Жабінкаўская МПМК-7
Брэсцкага аблміжкалгасбуда,
1986 г. – Жабінкаўская МПМК-10
Брэсцкага аблсельбуда,
1991 г. – Жабінкаўскі райсельбуд,
1996 г. – ПМК-10,
2001 г. – РУБП “Перасоўная
механізаваная калона № 10”,
2003 г. – ДУБП “Жабінкаўская ПМК-10”.

Для ўтварэння асноўных і абаротных фондаў удзельнікі сходу абавязаліся ўнесці паі ў памеры 1 рубель з аднаго гектара сельгасугоддзяў. Пратакол сходу сведчыць, што сумы былі розныя – ад 1166 рублёў да 2542.
Кіраўніком нованароджанага калектыву стаў Іван Бебель. Словам, на эканамічнай карце Жабінкаўскага раёна з’явілася кропка адліку добрых спраў у будаўнічай галіне.
Адразу ў снежні калектыў прыняў да вытворчасці першыя падрады. Кобрынскія калегі перадалі суседзям два незавершаныя аб’екты: свінарнік калгаса імя Чапаева (сённяшні СВК “Вазнясенскі”) і 4 “фінскія” (зборна-шчытавыя) дамы. Старт калектыву быў сціплым, аднак кіраўніцтва не траціла часу і дзейнічала энергічна, імкнулася найперш падабраць патрэбных лю-дзей і ўкамплектаваць штаты. Летам 1967 года ў арганізацыі налічваліся 64 работнікі (у тым ліку 14 жанчын). Быў пашыраны і ўзмоцнены кіруючы састаў: запоўнены вакансіі галоўнага механіка, загадчыка гаража, начальніка забеспячэння, загадчыка склада. На лініі працавалі два прарабы і два майстры, былі таксама майстры па нарыхтоўцы лесу і будаўнічага двара.
Яшчэ праз паўгода калектыў вырас да 146 чалавек. Гадавое заданне па будаўніча-мантажных работах было перавыканана на 3,3 працэнта. Паводле задання будаваліся дзевяць аб’ектаў вытворчага пры-значэння, раскіданых на тэрыторыі ўсяго раёна. Узводзіліся таксама 11 аб’ектаў сацыяльнай сферы. Дарэчы, большасць будоўляў была здадзена да 7 лістапада – 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі.
У гэты ж час міжкалгасная будаўнічая арганізацыя рэалізавала праекты для ўласных патрэб. Былі ўзведзены кантора ў Жабінцы, кацельня, кузня на два рабочыя месцы, склад матэрыяльных каштоўнасцей, запусцілі пілараму прадукцыйнасцю 26 кубоў драўніны за змену, яшчэ работнікі калектыву адсвяткавалі першыя наваселлі. Працаваць рабілася цікавей, з’явіўся шанц атрымаць жыллё і найперш спецыялістам.
З гадамі паляпшалася матэрыяльна-тэхнічная база будаўнічай арганізацыі, павялічваліся аб’ёмы падрадных работ.
Узводзіліся ў эксплуатацыю кароўнікі, свінарнікі, комплексныя прыёмныя пункты, лазні, сельскія клубы, зернясховішчы, механізаваныя зернетакі і іншыя сельскагаспадарчыя такі.
У 1968 годзе пры “канторы” быў створаны вытворча-тэхнічны аддзел, увялі пасаду інспектара па кадрах, упершыню ўвага была нададзена навучанню персаналу з моладзі. Калектыў у гэты час налічвае 183 рабочыя, з іх 37 муляроў, 26 цесляроў, 7 сталяроў, 2 тынкоўшчыкі, 3 маляры.

Адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі:
муляр Уладзімір Маеўскі – ордэнам Славы,
муляр Марыя Раманюк – медалём “За працоўную доблесць”.

Вось такімі былі першыя гады станаўлення будаўнічай арганізацыі ў раёне. Вузкімі месцамі заставаліся нізкая прадукцыйнасць працы, слабая механізацыя будаўнічых працэсаў, недастатковае выкарыстанне зборных канструкцый павышанай гатоўнасці. Не хапала цэменту, цэглы, вапны. Парк тэхнікі, праўда, папаўняўся. У прыватнасці, быў набыты вежавы аўтакран.
У СПРАВАХ праходзілі дні, гады, пяцігодкі будаўнічага калектыву, які станавіўся ўсё больш прафесійным, узрастаў колькасна (у 1976 годзе тут налічвалася 284 працуючыя, а ў 1989 – 327), мяняліся шыльды (Жабінкаўская МПМК-10, Жабінкаўскі райсельбуд, РУБП “Перасоўная механізаваная калона № 10”, УП “Жабінкаўская ПМК-10”, іншыя), да кіраўніцтва прыходзілі ўсё новыя спецыялісты, але нязменнымі заставаліся функцыі працаўнікоў. Цаглінку за цаглінкай клалі майстры-будаўнікі, увышыню ўзнімаліся шматпавярхоўкі, вытворчыя прадпрыемствы, будынкі сацкультбыту, праводзілі рэканструкцыі заводаў (цукровага, камбікормавага, торфабрыкетнага), таму што павялічваліся аб’ёмы выпуску асноўнай прадукцыі, абнаўляліся тэхналагічныя вытворчыя лініі дзеля якаснага выпуску.
Архіўныя дакументы сведчаць, што сярод дужых, загартаваных фізічнымі нагрузкамі і надвор’ем мужчын усе пяць дзесяцігоддзяў працуюць жанчыны, ад усмешак якіх без сумневу на будаўнічых пляцоўках святлее нават у непагадзь.
ПЕРШЫ надзвычай важны поспех мелі жабінкаўскія будаўнікі ў 1974 годзе, калі перавыканалі даведзены план уводу аб’ектаў. Гэта вывела іх у лік лепшых падраздзяленняў аблміжкалгасбуда. За поспехі, дасягнутыя на ніве сельскага будаўніцтва, 14 работнікаў былі ўдастоены звання “Ударнік камуністычнай працы”. Імі сталі Н.С. Гаўрыленка, Р.Ф. Гумянка, Т.М. Лагота, А.Ф. Ярмашук, В.П. Янчук, Е.П. Мядзведзь, М.В. Леўчанка, Я.Д. Бакун, П.Е. Дзмітрук, М.В. Сіманоўскі, В.А. Верамяюк, Г.С. Сыч, Л.В. Сідзякова, В.І. Старынская. Значны ўклад у забеспячэнне высокіх вытворчых паказчыкаў унеслі спецыялісты сярэдняга звяна, найперш старшы прараб В.М. Жухевіч.
Эстафета працоўных здзяйсненняў працягваецца, спіс ударнікаў узрастае. Усе яны, вядома, дастойныя людзі, прафесіяналы сваёй справы.
Словам, кожная працоўная пяцігодка была напоўнена ўводам і рэканструкцыяй будаўнічых аб’ектаў: кармацэхаў, кацельняў, механічных майстэрняў, малочных лабараторый, зернесушыльных комплексаў, Дома піянераў (сёння цэнтр творчасці дзяцей і моладзі). Устойлівыя паказчыкі жабінкаўскія будаўнікі дэманстравалі па ўсіх артыкулах справаздачнасці.
Аднак у жыцці калектыву ў розныя часы былі цяжкасці і праблемы. Заводы ЖБВ перасталі выпускаць элементы для зборных дамоў, часам не хапала рабочай сілы, была дрэннай тэхнічная аснашчанасць калоны, нізкая механізацыя працы на базе, не было агрэгатаў, тэхнікі, у выніку чаго якасць апрацоўчых работ была нізкая.
НЯГЛЕДЗЯЧЫ на выпрабаванні часу, будаўнікі сённяшняй ПМК-10 стараліся выконваць пастаўленыя перад імі задачы, ім гэта ўдавалася. Па-першае, таму, што пакаленні, якія былі ля вытокаў станаўлення калектыву, і сённяшняе будавалі і будуюць з любоўю да роднага краю, яго жыхароў. Для многіх з іх аднойчы выбраная прафесія стала сэнсам усяго жыцця, пры-званнем, кошт якому дзесяцігоддзі нялёгкай працы, а ўзведзенае імі за пяць дзесяцігоддзяў вымяраецца сотнямі аб’ектаў дзеля дабрабыту людзей. Напрыканцы 80-ых гадоў мінулага стагоддзя сітуацыя ў будаўнічай галіне складвалася так, што працу МПМК-10 не шукала, работа сама знаходзіла будаўнікоў. Асноўнага і дапаможнага персаналу ў МПМК-10 налічвалася больш за тры сотні чалавек. Яны за год здавалі заказчыкам да 40 аб’ектаў. Брыгады калоны працавалі на “чарнобыльскіх” будоўлях. Паводле заказу Упраўлення капітальнага будаўніцтва аблвыканкама ўзводзілі лячэбны корпус Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Гэты заказчык чакаў у той час і 52-кватэрнага дома з інжынернымі сеткамі. Адным словам, на працоўным рахунку калектыву ПМК-10, акрамя названых ужо аб’ектаў, адміністрацыйны будынак былой райсельгасхіміі, агульнаадукацыйная школа на 1296 вучняў, дзіцячы яслі-сад на 140 выхаванцаў з плавальным басейнам і адміністрацыйны будынак жылкамунгаса, спартыўны комплекс “Бадзёрасць” і дзіцячая школа мастацтваў, станцыя абезжалезвання ў Жабінцы, мноства шматкватэрных дамоў, у тым ліку і жыллёва-спажывецкіх кааператываў, іншыя. Важкі ўклад жабінкаўскіх будаўнікоў у ажыццяўленні дзяржаўнай праграмы па адраджэнні вёскі, у будаўніцтве і рэканструкцыі малочнатаварных ферм, у будаўніцтве аграгарадкоў, прэзідэнцкіх домікаў. Працавалі жабікаўскія будаўнікі на Пружаншчыне і Камянеччыне…

Кіраўнікі:
1966-1969 – Іван Бебель,
1969-1971 – Аляксандр Рыжко,
1971-1972 – Барыс Табачкоўскі,
1972-1977 – Уладзімір Селівонік,
1977-1981 – Анатоль Канавалюк,
1981-1982 – Васіль Лугоўскі,
1982-1983 – Міхаіл Піліпук,
1983-1986 – Арсеній Фянюк,
1986-1996 – Пётр Масальскі,
1996-2000 – Арсеній Фянюк,
з 2000-га – Мікалай Шпакоўскі.
З 2000 года ПМК-10 узначальвае Мікалай Антонавіч Шпакоўскі. Неаднойчы даводзілася браць у яго інтэрв’ю. Пра сябе ён стараецца не расказваць, акцэнтуе ўвагу на працаўніках. Відаць, залішняя сціпласць кіраўніка ніколі не дазваляе яму казыраць поспехамі. Пройдзены ім шлях кіраўніка амаль у 16 гадоў, быў часам напружанай працы, настойлівага пошуку рацыянальных рашэнняў, якія б прымнажалі набыткі калектыву. Менавіта ў гэтага кіраўніка ёсць арганізатарская жылка, адказнасць за ўсё, што ён робіць. Дзякуючы ў многім яму скарбонка добрых спраў калектыву ПМК-10 папаўняецца і цяпер.

 

Прафесіяналізм, памножаны на вопыт

IMG_0546Калі паставіць усе дамы, якія пабудаваў Валерый Дзмітрыевіч Шумілаў, побач, дык, пэўна, атрымаецца цэлы горад. Для яго будоўля – не толькі прафесія, гэта ягонае жыццё! А як жа інакш – упершыню ўзяўся за кельму яшчэ хлопцам, да службы ў войску. У 1984 годзе ўладкаваўся ў будаўнічую арганізацыю ў Бярозе. Тады для яго гэта была магчымасць атрымаць жыллё, а таксама на рабочым месцы новую спецыяльнасць.
У спрытных руках Валерыя Дзмітрыевіча любы інструмент вырабляе цуды. Яго аднолькава “слухаюцца” цэнгі, малаток, цыркулярка, нівелір і інш. За гады працы на будоўлі ён асвоіў фактычна ўсе прафесіі: муляра, кранаўшчыка, бетоншчыка, сталяра, мантажніка, так што на любым этапе – закладка падмурка, будоўля сцен, мантаж даху – ён незаменны працаўнік.
У ПМК-10 Валерый Шумілаў, бадай, самы вопытны і паважаны руплівец. Менавіта яму даручаюць самыя адказныя этапы, бо ведаюць: вопыту і адказнасці яму не займаць.
– Я прывык сваю работу выконваць бездакорна, – кажа будаўнік. – Так бы мовіць, “савецкая загартоўка” захавалася. І маладых вучу працаваць з душою, з сэрцам. Скажам, зрабіў работу бездакорна – малайчына, толькі смецце пасля сябе прыбяры, інструмент адмый ад раствору. І калі за справу ўзяўся – калі ласка, выканай так, каб пасля цябе ні калегі, ні навасёлы не перараблялі…
Валерый Дзмітрыевіч – чалавек на рабоце да мозгу касцей адказны і скрупулёзны. А па жыцці ён – весялун. Здаецца, лёгкая ўсмешка ніколі не пакідае вуснаў. Да шчырага і адкрытага чалавека цягнуцца малодшыя калегі, пытаюцца парады, просяць дапамагчы. Не было такога, каб каму адмовіў. Пажартуе, падкажа, паправіць, як трэба. І ніхто ніколі не пачуў ад яго грубых, абразлівых слоў.
– Я цаню ў людзях сумленнасць і дабрыню, – кажа Шумілаў. – Паверце, сярод будаўнікоў такіх нямала. Яны становяцца маімі сябрамі на ўсё жыццё. Напрыклад, з Міхаілам Кірдзеем мы настолькі, як кажуць, сышліся, што разумеем адзін аднаго без слоў і нават прадугадваем думкі. Чаго далёка ісці, літаральна сёння ўстаўлялі з ім вокны на чацвёртым паверсе. Думаю, трэба за балончыкам з мантажнай пенай ісці, а Міша праз секунду з каробкі яго вымае, падае мне і смяецца.
Валерый Дзмітрыевіч пасля працоўнай вахты любіць адпачыць. Разам з жонкай ходзіць у грыбы, з унукамі рыбаліць, корпаецца ў тэхніцы, наводзіць парадак у агародзе. Сядзець у крэсле з пультам ад тэлевізара – не яго стыль жыцця. Па выхадных збірае сваю шматлікую сям’ю і вязе ў брэсцкі Лядовы палац (дарэчы, які некалі таксама будаваў). Разам з унукамі навучыўся няблага катацца на каньках. Калі нехта з малодшых пажадаў скочыць з парашута, задумаўся: а мо і самому рызыкнуць? Ну і што, што будаўнікі – прадстаўнікі самай мірнай прафесіі на зямлі? Ім таксама ўласцівы авантурызм.

 

Ажыццяўляе жыллёвыя мары

IMG_0561Ілля Макарэвіч (на здымку) – адзін з маладых майстроў Жабінкаўскай ПМК-10. Ён прыйшоў у калектыў у 2013 годзе і паспеў ужо зарэкамендаваць сябе як кемлівы, адукаваны спецыяліст, які можа справіцца з даручанай справай, умее прымаць правільныя рашэнні ў нестандартных сітуацыях, умела арганізоўваць работу падначаленых.
За плячамі ў Іллі Сяргеевіча – вучоба ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце. У гэтай ВНУ ён атрымаў спецыяльнасць канструктара, інжынера-будаўніка. У ПМК-10, куды Ілля быў накіраваны пасля заканчэння ўніверсітэта, вялікую падтрымку і шматлікія слушныя парады атрымаў ад прараба Васіля Васільевіча Лугоўскага. На жаль, гэты працалюбівы, шчыры чалавек, які браў пад сваё “бацькоўскае крыло” маладых спецыялістаў, нядаўна пайшоў у іншы свет. Цяпер Ілля, калі неабходна, раіцца з прарабам Андрэем Северанюком. Апошні, нягледзячы на сваю маладосць, у горадзе і раёне здаў нямала аб’ектаў, у тым ліку – і шматкватэрныя дамы.
На рахунку Іллі Макарэвіча – некалькі рэканструяваных ферм у СВК “Вазнясенскі”, пабудаваныя паводле прэзідэнцкай праграмы 5 домікаў у Курпічах, а таксама зда-
дзены 40-кватэрны дом у мікрараёне цукровага завода. Цяпер гэты спіс папоўніць і 60-кватэрны дом у мікрараёне райцэнтра, здача якога запланавана ў снежні.
Калі будуецца жыллё – значыць, гэта некаму патрэбна. Ілля Макарэвіч рады, што сваёй самай міралюбівай працай дапамагае ажыццявіцца нечай мары.
А праз пэўны час Ілля і сам адчуе радасць навасёлаў. Нядаўна ён узяў участак пад будаўніцтва ўласнага дома. Майстар падзяліўся сваёй марай – хоча ўзвесці невялічкі, акуратненькі домік, каб у ім было ўтульна яму, жонцы і 8-месячнай дачушцы Сафійцы. У доме, які гаспадар плануе пабудаваць, абавязкова будуць два дзіцячыя пакоі, бо Ілля з жонкай вырашылі крышачку пазней нарадзіць Сафійцы сястрычку ці браціка.
Ілля лічыць сябе чалавекам шчаслівым: “Усё жыццё наперадзе. Ёсць любімая работа, пяшчотная жонка, доўгачаканае дзіцятка. Працуй і радуйся жыццю!” Аптымізм і жыццялюбства Іллі запальваюць і калег, і падначаленых. Паболей бы такіх маладых кадраў!

 

“Дом з відам на возера”

IMG_0558Так жыхары мікрараёна негалосна “ахрысцілі” 60-кватэрны дом, які ўзводзяць будаўнікі Жабінкаўскай ПМК-10. Шматпавярхоўка ўдала “ўпісалася” на беразе рэчкі Жабінка, непадалёку ад першай гарадской школы, і прыгожа адлюстроўваецца ў водах возера гарадскога парку. У гэтыя дні ўцяпляецца фасад, устанаўліваюцца шклопакеты, вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторыі. Згодна з планам, будаўнічая арганізацыя абавязана здаць аб’ект ужо ў наступным месяцы. Так што многія навасёлы пад Новы год змогуць атрымаць ключы ад доўгачаканых “квадратных метраў”.
Чым адрозніваецца гэты дом ад шматпавярховых сабратаў, расказвае майстар ПМК-10 Ілля Макарэвіч:
– У здаваемым намі будаўнічым аб’екце з трыма пад’ездамі налічваецца 60 кватэр IMG_0551– па чатыры на кожнай пляцоўцы. Тут ёсць 5 – трох-, 30 – двух- і 25 – аднапакаёвых кватэр.
Дом узведзены па чарцяжах ДУПВП “Інстытут БрэстБудПраект”. Лічу, праект неблагі, кватэры даволі зручныя. Плошча іх ад 37,9 квадратнага метра (аднапакаёвыя кватэры) да 74,6 (трохпакаёвыя). Ну, а ўтульнымі іх зробяць самі навасёлы.
Чым яшчэ адметны дом? Апошнія некалькі гадоў у Жабінцы ўзводзілі жыллё з пакватэрным газавым ацяпленнем, а гэтая “60-ка” падключана да цэнтральнага абагрэву. Дарэчы, газу ў гэтым доме таксама няма, гатаваць гаспадыні будуць на электрычных плітах. Кватэр з аддзелкай “пад ключ” тут не будзе. Навасёлы атрымаюць сваю мару толькі з чарнавой аддзелкай, сцяжкай на падлозе і атынкаванымі сценамі. Дарэчы, пра сцены. Многіх, мабыць, здзівіць той факт, што сцяны-перагародкі паміж кухняй і сталовай у новым доме таксама не будзе. Такім чынам, будучым жыльцам даецца магчымаць адчуць сябе дызайнерамі і самім вырашыць, у якім месцы яе ўстанавіць, тым самым самастойна ўплываць на памер кухні і сталовай.
Дом гэты будзе вельмі цёплы: усе цагляныя сцены абкладзены тоўстым слоем уцяпляльніка.
Немалаважным для будучых навасёлаў лічу і месцазнаходжанне шматпавярхоўкі: побач школа, дзіцячы сад, бібліятэка, бальніца, магазіны. Адпачыць ад гарадской мітусні можна ў парку, выкупацца ў возеры – да іх, балазе, літаральна некалькі крокаў.
…Вельмі хутка з агароджанай тэрыторыі з’едуць будаўнічыя вагончыкі і пад’ёмныя краны, сціхне IMG_0519гоман увішных будаўнікоў. На змену ім у кватэрах будуць шчыраваць навасёлы.

На здымках: Сяргей БЫКАЎ; Валерый Шумілаў і Міхаіл Кірдзей; Ілля Макарэвіч; Ігар Старынскі, Міхаіл ВАЛЮШКА, Станіслаў ЗАНЬКО; Аляксандр КАСАТКІН; Аляксандр РЫБАК і Іван ВАРВАШЭВІЧ.

Выпуск падрыхтавалі Людміла КОСЦІНА і Святлана БЯЛЯК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*