Простая ісціна – паважаць адзін аднаго

Простая ісціна – паважаць адзін аднаго

IMG_9977

На чым трымаецца сям’я? На каханні, павазе, узаемападтрымцы, цярпенні. Усе гэтыя якасці змаглі захаваць і пранесці ў сваім доўгім сямейным жыцці цудоўныя, шчырыя, працавітыя людзі – Лідзія Сямёнаўна і Яўген Феліксавіч Яхалкоўскія (на здымку), якія 9 лістапада адзначылі важкі юбілей – брыльянтавае вяселле. 60 гадоў яны разам крочаць па зямлі. У іх утульным доміку апельсінавага колеру па вуліцы Перамогі ў гэтыя дні збярэцца шмат гасцей, каб павіншаваць юбіляраў. Абавязкова прыедуць дачка Тамара з Санкт-Пецярбурга, сын Сяргей з сем’ямі, чатыры ўнукі і столькі ж праўнукаў, суседзі, сябры і добрыя знаёмыя. Гаспадары заўжды радыя гасцям, знаёмым і незнаёмым людзям. Не было дня, каб да гасцінных. Яхалкоўскіх ніхто не завітаў.

– Э-эх, я тую першую сустрэчу з Лідачкай ніколі не забуду, – расказвае, вяртаючыся ў маладосць, Яўген Феліксавіч. – Я на вяселлі на баяне граў, а яна з сяброўкамі сярод гасцей была. Невялічкага расточку, стройненькая, а танцавала як! Ага, думаю, папалася, птушачка, маёй будзеш! Сам нібыта на ўсіх гляджу, а толькі за ёй і цікую. Правёў да хаты з яе сяброўкамі, даведаўся, што вучыцца, яшчэ ў дзясяты выпускны клас збіраецца. Ну, гэта не бяда – пачакаць, пакуль давучыцца, не праблема…
Так і хадзіў Яўген да Лідачкі на суседнюю вуліцу. Яна над падручнікамі схіліцца, задачкі рашае, тата на кухні боты шые (яго абутак з задавальненнем многія насілі, бо шыў роўненька, акуратна, не мазолілі боты ногі), у хаце яшчэ чацвёра Лідзіных сясцёр і братоў грызлі граніт навукі. А ён сядзе на ганку, уздыхне, паглядзіць у акенца на дзяўчыну і моўчкі на здымную кватэру вернецца. Бывала, ні слова не скажа – абы толькі на тварык любімай паглядзець. Татава сястра, як бюро даведак, пра кавалера ўсё дазналася: што няма ў Жэні бацькі – загінуў у танку на вайне, мама, дзякаваць Богу, жывая. Што ў войску ўжо адслужыў – ажно ў Архангельску. Быў, як вадзіцель, на добрым рахунку і нават на новенькай “Победе” ваеннае кіраўніцтва вазіў. Прапаноўвалі там і застацца, ды цягнула хлопца на радзіму, на Жабінкаўшчыну.
– Людзі кажуць пра Жэню, што спакойны ён, самастойны, з павагай да людзей адносіцца, – рэзюмавала ўсёведаючая цётка. – А як на баяне грае і спявае! Мо, не гані ты, братка, Жэню ад Лідачкі?
– А я што? Няхай Лідачкіна сэрца вырашае…
А яно адгукнулася шчырымі і чыстымі пачуццямі. Атрымала атэстат аб заканчэнні школы і ў кастрычніку 1956 года аб’явіла бацькам, што хоча разам з Жэнем далей крочыць па жыцці. Праз два тыдні згулялі вяселле.
– Самае смешнае, што на роспіс у загс не ехалі на машынах, як зараз, а пешшу адправіліся, і гэтаксама гасцей па хатах разводзілі, – узгадвае Лідзія Сямёнаўна. – Перабралася да маладога мужа на здымную кватэру, уладкавалася на працу ў будаўнічую арганізацыю табельшчыцай.
Праз некалькі месяцаў атрымалі ўчастак для будаўніцтва дома непадалёку ад райбальніцы. Бацькі дапамаглі хутчэй збудаваць дом для маладых, тым болей, што ў сям’і ўжо нарадзіўся Сярожа і чакалі дачушку Тамарачку. Дом атрымаўся цёплы, утульны, з дзвюма печкамі. Дапамагала гадаваць маленькіх маці Яўгена. (Яна, дарэчы, пражыла з імі 27 гадоў).
Яўген працаваў вадзіцелем у камбінаце бытавога абслугоўвання, а Лідзія прарабіла год у друкарні, потым уладкавалася бліжэй да мужа ў ботаваляльны цэх камбіната, працавала там майстрам, бухгалтарам, у аддзеле кадраў.
34 гады яна шчыра рупілася ў КБА, адтуль пайшла на заслужаны адпачынак. Руплівіца не магла на пенсіі сядзець без справы – яшчэ амаль восем гадоў наводзіла чысціню і парадак у першай гарадской школе. І паўсюль яна пакінула аб сабе памяць як аб ветлівым, прыгожым душою чалавеку.
Муж Яўген Феліксавіч нязменна працаваў вадзіцелем. Балагур і весяльчак, здавалася, ніколі не ўмеў сумаваць. Вакол яго заўжды былі людзі, бо Яўген Яхалкоўскі ўсім паднімаў настрой прыпеўкамі і песнямі, жартоўнымі вершыкамі. Дарэчы, у пасляваенным дзяцінстве асвоіў баян самавукам, а ноты вучыў, калі ў войску служыў. Нават зараз, пасля перанесенага інсульту, стараецца не проста адказваць на пытанні, а радкамі з любімых песень. Сыграў бы на баяне, ды пальцы пасля хваробы так спрытна па кнопках ужо не бегаюць…
– Пявун ты мой, ну як табой не цешыцца? – звяртаецца да мужа жонка і неўпрыкмет лашчыць ягоную далонь. – Як мне з табою хораша…
– І мне з табою, цудоўная, прыгожая кветачка…
Пытаюся ў брыльянтавых юбіляраў, які сакрэт іх сямейнага шчасця? Яны назвалі простыя ісціны: паважаць адзін аднаго, цаніць, разумець і ўступаць.
– Колькі жыву з Жэнем, – кажа Лідзія, – ніводнага разу не абразіў, кепскім словам не абазваў. Бывае, буркаю на яго, а ён падыдзе, за плечы абдыме і лагодна скажа “кветачка ты мая”. Ну, як пасля такіх слоў на яго сварыцца? Нават калі я, бывае, не маю рацыю, дык усё роўна ўступіць, бо паважае маё меркаванне. А ў сямейным жыцці самае цяжкае – уступіць, прызнаць сваю віну, папрасіць прабачэння. Нават дзеці нашы, а потым і ўнукі, і праўнукі не чулі, каб мы сварыліся, гавораць, што ў нашым доме вітае ў паветры дух кахання і згоды…
А яшчэ – пах выпечкі і смажанай курачкі, кашы з гарбузом, дранікаў – любімых страў Яўгена Феліксавіча і шматлікіх нашчадкаў Яхалкоўскіх. Лідзія Сямёнаўна, нягледзячы на свой узрост – як-ніяк, ёй амаль 80 гадоў, усё так жа завіхаецца ў гародчыку, вырошчвае памідоры, агуркі, клубніцы, перац, каб было чым пачаставаць родных і сяброў.
– Зіма наперадзе, а я ўжо па агародзе сумую, – разважае гаспадыня. – Хутчэй бы вясну дачакацца. Калісьці вязала і вышывала. Цяпер вочы горш бачаць. Будзем з табою, Жэнечка, маладосць узгадваць. А памятаеш, як ты мне адрэз такой прыгожай тканіны на сукенку падарыў?
– Памятаю, кветачка мая, памятаю…
Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro