На іх спадзяюцца бацькі і Радзіма

На іх спадзяюцца бацькі і Радзіма

IMG_8113IMG_8153
Прызыўнік – гэта гучыць горда! Ён герой, абаронца. На яго спадзяюцца бацькі. Яго чакаюць каханыя. Ім ганарыцца краіна… 9 лістапада адбыліся ўрачыстыя праводзіны маладых жабінкаўцаў ва Узброеныя Сілы Беларусі. Павесткі ў армію атрымалі ў гэты дзень 50 юнакоў. Заўтрашніх салдат чакае служба ў сухапутных, унутраных, пагранічных вой-сках, супрацьпаветранай абароны, іншых.
Цырымонію праводзінаў адкрыў Дзяржаўны гімн нашай краіны. Будучыя армейцы заслухалі Указ Прэзідэнта Беларусі аб прызыве грамадзян на тэрміновую вайсковую службу, які агучыў начальнік абасобленай групы (Жабінкаўскага раёна) ваеннага камісарыята Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў падпалкоўнік Аляксей Пятроў. У вачах многіх маладых людзей чыталіся пытанні: “Якім будзе маё жыццё ў армейскіх казармах?”, “Якія выпрабаванні мяне чакаюць?”.
– Вам будзе аказаны высокі давер абараняць мір і спакой грамадзян Беларусі, – сказала, звяртаючыся да прызыўнікоў, старшыня прызыўной камісіі, намеснік старшыні райвыканкама Ала Ануфрыюк. – Наша дзяржава клапоціцца аб тым, каб стварыць добрыя ўмовы для службы і каб юнакі служылі ў межах Беларусі.
Ала Сцяпанаўна пажадала маладым людзям, каб тыя веды, уменні і навыкі, якія яны набудуць пад час службы ў арміі, спатрэбіліся ім толькі ў мірным жыцці, пажадала годнай службы, каб бацькі атрымлівалі лісты падзякі з вайсковых часцей, каб пераадольваць армейскія цяжкасці будучым салдатам дапамагалі думкі пра родных, якія будуць іх чакаць.
Старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў”, падпалкоўнік запасу Сяргей Візнер, выступаючы, адзначыў, што ва ўсе часы абарона сваёй Айчыны лічылася свяшчэнным доўгам кожнага мужчыны. Цаніліся храбрасць, мужнасць, адвага, кемлівасць.
– Праверку на наяўнасць гэтых якасцяў пройдзеце і вы ў арміі, – сказаў ён. – Самае галоўнае, каб, адслужыўшы, вы вярнуліся дадому здаровымі, узмужнелымі, пасталелымі.
Сяргей Мар’янавіч даў наказ юнакам захоўваць тэхніку бяспекі, берагчы сябе і сваіх блізкіх.
Ва ўрачыстай цырымоніі праводзінаў прымаў
удзел і старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Анатоль Старыцкі. Ён падкрэсліў, што наша краіна праводзіць мірную палітыку, што баяздольнасці беларускіх Узброеных Сіл удзяляецца вялікая ўвага, а да прызыўнікоў прад’яўляюцца ўсё больш высокія патрабаванні.
Ад імя бацькоў словы на дарогу юнакам сказала Таццяна Шахалевіч, якая прыйшла правесці ў армію сына Канстанціна. Таццяна Іванаўна вельмі хвалявалася, і гэтае хваляванне перадалося прысутным. Яна павіншавала маладых людзей, якія знахо-дзяцца на парозе “школы мужнасці”, у жыцці якіх настаў адказны момант, і пажадала ім знайсці ў арміі верных сяброў і вярнуцца пасталелымі і ўзмужнелымі, а таксама не забываць пад час службы пра бацькоў, якія будуць маліцца за сваіх сыноў і чакаць іх дадому.
Блаславіў маладых лю-дзей на сумленную і годную службу на карысць Радзіме дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі, настаяцель Свята-Пакроўскага храма Жабінкі, протаіерэй Сергій Петрусевіч.
– Сёння вы перагортваеце старонку з назвай “Бесклапотнае юнацтва” і адкрываеце новую – з назвай “Служэнне Радзіме”, – сказаў ён. – У шэрагах Узброеных Сіл свой уклад жыцця, дысцыпліна, строгасць. Прачытаўшы прысягу, вы добраахвотна аддасце сябе ў падпарадкаванне арміі, а праз некаторы час да вас у падпарадкаванне прый-дзе маладое папаўненне. Заўсёды памятайце словы вялікага рускага палкаводца Аляксандра Суворава: “Навучыся падпарадкоўвацца, перш чым кіраваць іншымі”. Захоўвайце свае сэрцы ад злосці, ад крыўдаў, ад перавагі над іншымі. Здароўя вам і сіл!
Пад час урачыстай цырымоніі праводзінаў будучым абаронцам уручылі позвы, якія сімвалізуюць пачатак іх вайсковай службы, і падарункі ад райвыканкама. Музычныя ж віншаванні для прызыўнікоў прагучалі ў выкананні Валерыя Няменьшага, Аксаны Пракошынай і Наталлі Сяргеевай.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота Таццяны ПЛАВУХ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro