14 лістапада – Сусветны дзень барацьбы супраць дыябету

14 лістапада – Сусветны дзень барацьбы супраць дыябету

Controlling-Diabetes1Ведайце пра фактары рызыкі захворвання

У цяперашні час у Беларусі налічваецца каля 240 тысяч хворых на цукровы дыябет, у нашым раёне – 600 чалавек. Іх колькасць няспынна расце, і большасць з іх набылі гэтае захворванне на працягу жыцця.
Развіццю хваробы садзейнічае генетычная схільнасць, атлусценне, нездаровае харчаванне, маларухомы лад жыцця, хранічныя стрэсавыя сітуацыі, курэнне, празмернае ўжыванне алкаголю. Ад 40 да 80 працэнтаў асоб, якія пакутуюць на цукровы дыябет, не ўсведамляюць сур’ёзнасці захворвання і часта не лечацца належным чынам, што вядзе да развіцця цяжкіх незваротных ускладненняў (слепаты, ныркавай недастатковасці, ампутацый). Дыябет пашкоджвае сэрца, крывяносныя сасуды, ныркі і нервы, прыводзіць да заўчаснай смерці. Рызыка памерці сярод людзей з дыябетам як мінімум у два разы вышэйшая, чым у асоб такога ж узросту, якія не маюць гэтага захворвання.
Сімптомамі дыябету з’яўляюцца: смага, пастаяннае пачуццё голаду, страта вагі, пагаршэнне зроку, празмернае мочааддзяленне, стомленасць. У дзяцей і ў маладым узросце (пры дыябеце 1 тыпу) гэтыя сімптомы ярка выяўлены, тады як пасля 40 гадоў (пры дыябеце 2 тыпу) працяглы час хвароба можа працякаць скрыта.
Дыягназ цукровага дыябету ўстанаўліваецца, калі: узровень глюкозы ў крыві раніцай нашча больш за 6,1 ммоль/л (у плазме больш за 7,0), а на працягу сутак больш за 11,1, паказчыкі глікіраванага гемаглабіну больш за 6,5 %.
Паколькі цукровы дыябет 2 тыпу не мае яркіх клінічных сімптомаў, неабходна не менш за адзін раз у год правяраць узровень глюкозы ў крыві:
– асобам старэйшым за 45 гадоў;
– асобам з абцяжараным сямейным анамнезам па цукровым дыябеце;
– людзям з залішняй вагой і атлусценнем (ІВЦ больш за 25 кг/кв. м);
– жанчынам з атлусценнем і парушэннем менструальнай функцыі (сіндром полікістозных яечнікаў);
– жанчынам, у анамнезе якіх быў гестацыйны цукровы дыябет пры цяжарнасці ці нараджэнні дзіцяці вагой больш за 4,5 кг.
Эфектыўнымі мерамі па прафілактыцы цукровага дыябету 2 тыпу з’яўляюцца: нармалізацыя вагі цела, фізічная актыўнасць (не менш за 30 хвілін фізічнай нагрузкі ў дзень), здаровае харчаванне (гародніна і садавіна не менш за 3-5 разоў у дзень, зніжэнне ўжывання цукру і насычаных тлушчаў), адмова ад курэння.
Веды пра фактары рызыкі развіцця цукровага дыябету, меры прафілактыкі і своечасовы зварот да ўрача дапамогуць зберагчы ад гэтага грознага захворвання, прадухіліць магчымыя ўскладненні.
Марына МАРКОВІЧ, урач-эндакрынолаг
УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro