Здзітаўская царква на парозе юбілею

Здзітаўская царква на парозе юбілею

Церковь_Никитская

З чаго пачынаецца Радзіма? У кожнага па-рознаму, але ў нас, хрысціян, яна пачынаецца з увядзення ў храм, з хрышчэння, з малітвы хросных бацькоў і гэтак далей.
На ўсё жыццё ў маёй памяці застанецца дзень, калі матуля прывяла мяне, тады 6-гадовага, перад пачаткам школьнага жыцця ў Свята-Мікіцкую царкву, што ў вёсцы Здзітава. Памятаю, як бацюшка бласлаўляў нас і дарыў кожнаму іконку Прасвятой Багародзіцы “Прибавление ума”. Памяць святога вялікамучаніка Мікіты праваслаўная царква ўшаноўвае 28 верасня. Ён быў воінам і пацярпеў за веру Хрыстову. Мне пашчасціла сёлета прысутнічаць на гэтым свяце ў Здзітаве. Спачатку быў малебен, потым — хрэсны ход. Пад час знаходжання ў царкве я адчуваў хваляванне з прычыны таго, што сцены гэтага храма захоўваюць малітвы нашых продкаў. Задумаўся аб тым, што ў гады войнаў тут стаялі маці, жонкі, дзеці і маліліся, каб іх сыны, мужы і бацькі вярнуліся жывымі з франтавых дарог, з баёў.
Калі мы ішлі хрэсным ходам, перад вачамі паўстала такая карціна: лес, луг, спакойная рака Мухавец, спакойнае блакітнае неба над галавой. Усё, напэўна, як і сто, і дзвесце гадоў назад. А словы малітвы, якія гучалі ў асенняй цішыні, быццам звязвалі былыя часы і сучасную эпоху.
Вясной, дарэчы, я бачыў на тэрыторыі здзітаўскай царквы групу замежных турыстаў, сярод якіх быў мужчына, што вельмі добра размаўляў па-руску. Ён працуе ў адным з польскіх прытулкаў для “складаных” падлеткаў. Пяць гадоў таму гэты мужчына ажыццяўляў падарожжа па Беларусі і вырашыў заехаць у Здзітава, каб атрымаць запал энергіі ад знаходжання тут, палюбавацца мясцовай прыродай, дакрануцца да шматвекавога дуба і набрацца цярпення для нялёгкай працы.
У інтэрнэце я прачытаў, што ў Маскоўскай вобласці, у вёсцы Бываліна, царква таксама носіць назву святога вялікамучаніка Мікіты. Перад адыходам у армію будучыя воіны прысутнічаюць на абавязковым малебне, таму што святы Мікіта вялікамучанік заўсёды быў заступнікам воінаў. А зараз у Расіі прынята, што ён з’яўляецца абаронцам супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў.
І самае галоўнае, пра што мне хацелася напісаць: у наступным годзе Свята-Мікіцкай царкве ў вёсцы Здзітава споўніцца 515 гадоў. Прыхаджане павінны падрыхтавацца да гэтай знамянальнай падзеі і, канечне, памаліцца за сябе, за іншых, за мір на Зямлі, за добрыя адносіны не толькі паміж беларусамі, але і паміж рознымі нацыямі.
Няхай у сценах Свята-Мікіцкага храма яшчэ многія гады чуецца голас айца Стэфана і яго малітвы за нас.
Уладзіслаў АНДРЭЕЎ, жыхар Жабінкі.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*