Дом, дзе адагрэюцца дзіцячыя сэрцы

Дом, дзе адагрэюцца дзіцячыя сэрцы

IMG_0234

Неўзабаве адчыніць дзверы першы на Жабінкаўшчыне дом сямейнага тыпу. Двухпавярховік – мара многіх дзетак, што засталіся без апекі бацькоў – будаўнікі абяцаюць здаць праз тыдзень-другі.
– Падмурак гэтага дома пачалі заліваць сёлета 25 жніўня, – расказвае прараб Жабінкаўскай ПМК-10 Андрэй Северанюк. – На двары першыя дні лістапада. Што яшчэ трэба зрабіць будаўнікам? Засталіся ўнутраныя работы, добраўпарадкаваць тэрыторыю і ўстанавіць плот. Вось-вось можна будзе завозіць мэблю.
Андрэй Маркіянавіч прызнаўся, што ён ўпершыню будуе дом сямейнага тыпу (дагэтуль былі – шматпавярхоўкі), таму адчувае ўзмоцненую адказнасць за даручаны аб’ект. Як-ніяк, тут будуць жыць дзеці, абдзеленыя пяшчотай і цяплом біялагічных бацькоў. Малыя зведалі, што такое дзіцячы дом або інтэрнат. Па праекце ў доме на першым паверсе знаходзяцца вялікая сталоўка-хол, кухня, кладоўка, санвузел. На другім – чатыры ўтульныя пакоі для дзяцей і пяты – для прыёмных бацькоў, а таксама тры санвузлы з душавымі, балкон. Жылая плошча дома складае 120 квадратных метраў.
Першы дом сямейнага тыпу ў Жабінцы вырашана было будаваць па вуліцы 17 верасня. Галоўны аргумент пры выбары месца – побач праходзяць усе камунікацыйныя сістэмы і газаправод, недалёка – школа, дзіцячы сад, чыгуначны і аўтобусны прыпынкі.
У гэтым доме пастараюцца абагрэць цяплом сваіх шчырых сэрцаў сямейная пара Янушаў. Віктар і Алена выгадавалі сваіх дзвюх дачок (малодшая – студэнтка брэсцкага ВНУ), за 7 гадоў прынялі яшчэ чатырох (адзін з хлопчыкаў нядаўна вярнуўся ў біялагічную сям’ю, бо мама аднавілася ў бацькоўскіх правах). За гэты час Янушы навучыліся не дзяліць дзяцей на “сваіх” і “прыёмных”, а любіць, паважаць і выхоўваць нароўні. Зразумела, што з пераездам у новы дом колькасць жыльцоў павялічыцца, бо ў доме сямейнага тыпу адначасова могуць гадавацца ад 5 да 10 дзяцей. Янушы не баяцца цяжкасцяў, якія ўзнікаюць у любой сям’і. Яны радыя магчымасці любіць і быць любімымі, пастараюцца даць шанц абяздоленым хлопчыкам і дзяўчынкам паверыць у сябе, змяніцца ў лепшы бок.IMG_0221
Святлана БЯЛЯК.
На здымках: зваршчык Рыгор Чарнюк, бетоншчыкі Аляксей Зубік, Віктар Маеўскі, Віталь Кавальчук на будаўніцтве першага дома сямейнага тыпу.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top