Незвычайны начлег

Незвычайны начлег

C;8=K5

Дзед Максім быў жыхар гарадскі. Кожную восень, як толькі дрэвы пакрываліся асенняй пазалотай, а ў паветры пачыналі лётаць бялёсыя павуцінкі “бабінага лета”, ён браў свой прыгожа сплецены кошык, тэрмас з чаем, бутэрброды, садзіўся ў прыгарадны цягнік і праз гадзіну-другую быў ужо на патрэбным прыпынку. Сцежку ў лес дзед ведаў добра, бо ўжо каторы год запар прыязджаў сюды, каб пахадзіць па лясных сцежках, удыхнуць незабыўны водар асенняга лесу і знаёмы з далёкага дзяцінства лясных грыбоў. Увайшоўшы ў лес, дзед Максім спачатку стараўся прытрымлівацца лясной дарогі, якая вяла да далёкага возера. На гэты раз хутка “натрапіў” на лісічкі, потым “папаўся” падасінавік, затым чорнагаловы баравік і дзядуля апомніўся толькі, калі кошык быў амаль поўны.
Ён спыніўся, агледзеўся. Лес быў незнаёмы, нават і блізка ніякай дарогі не заўважыў. Дзед пайшоў наўздагад, але чым глыбей ён заходзіў у гушчар, тым больш лес рабіўся змрочным. Глянуў на сонца, але дзень заканчваўся, і ўсё неба зацягнулі шэрыя хмары. Стары чалавек стаміўся, таму прысеў і перакусіў бутэрбродамі з чаем. Вырашыў ісці напрамкі, недзе ж павінна быць дарога! Восеньскі дзень кароткі, прыцемкі хутка агарнулі лес, падарожнік затрывожыўся.
Надыходзіла ноч, і дзядуля зрузумеў, што заблудзіўся. У надзеі выйсці хоць на якую-небудзь дарогу ён ішоў і ішоў. Раптам лес прарэдзіўся, а гарадскі госць выйшаў на адкрытае месца. Як толькі ступіў некалькі крокаў, зразумеў, што трапіў у балота. Ён хацеў вярнуцца назад, але куды б не ступаў, усюды пад нагамі была халодная густая дрыгва. Падарожнік разгубіўся.
Ён ніколі не быў веруючым чалавекам, але ў гэтую хвіліну словы малітвы самі прыйшлі ў галаву. Ён не памятаў іх дакладна, гаварыў як ведаў, але іншага выйсця ў гэты момант не бачыў. Ён паспрабаваў стаць, агледзецца, але і стаяць не было як, бо ногі ўсё глыбей зацягвала багна. З цяжкасцю выцягваючы ногі, дзед Максім ступіў некалькі крокаў і ўбачыў прама перад сабою бярозку, што расла на невялічкай прагаліне, як бы на астраўку. З цяжкасцю дацягнуўся да сваёй выратавальніцы, ступіў на астравок, абхапіў бярозку рукамі і прысеў адпачыць. Усю ноч дзед прасядзеў пад ёю, нават не заплюшчыў вачэй. Калі развіднела, агледзеўся навокал, паўсюдна чарнела балота. Не спадзеючыся, што яго нехта пачуе, пачаў гукаць. Раптам недзе далёка ў лесе хтосьці адгукнуўся. Голас прыбліжаўся і дзед Максім пазнаў у ім мясцовага лесніка. Аднаму яму вядомай сцяжынкай мужчына вывеў спадарожніка на дарогу, што вяла да чыгункі.
Кошык з грыбамі гараджаніну ўсё ж такі ўдалося зберагчы, але з гэтай пары ў лес дзед больш ні нагой, а ў душы яго ўсё больш разрасталася і мацнела ўпэўненасць, што гэта Бог выратаваў яго, не даў загінуць, і малітва, якую ён гаварыў так шчыра.
Лідзія ЗІНЧУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro