Белая палка – яшчэ не прыгавор

Белая палка – яшчэ не прыгавор

IMG_9940

Бачыць свет – дарунак Божы. На жаль, не ўсе людзі маюць гэтую магчымасць. На Брэстчыне пражывае амаль тры тысячы чалавек першай, другой і трэцяй груп інваліднасці ў зроку і штогод, паводле заключэння медыцынскай камісіі, інваліднасць атрымліваюць да 400 чалавек.
Як паводзіць сябе з людзьмі з белай палкай у руках, як ім можна дапамагчы?
IMG_9951Аб гэтым і іншым гутарылі медыцынскія работнікі УАЗ “Жабінкаўская цэнтральная раённая бальніца”, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі грамадскага аб’ядняння “БелТІЗ” Ірына Леанідаўна Юрэня і яе намеснік Андрэй Анатольевіч Лявіцкі. Яны ў межах рэспубліканскай акцыі правялі семінар-трэнінг па абслугоўванні медыцынскімі работнікамі людзей з інваліднасцю па зроку.
Госці расказалі пра арганізацыю “БелТІЗ”, яе мэты і задачы. Засяродзілі ўвагу на тым, што самая галоўная з іх – дапамагчы людзям, што страцілі зрок, ці тым, хто ўвогуле не бачыць з нараджэння, знайсці сваю сцяжынку ў жыцці, быць рэабілітаваным. Як правіла, такія інваліды IMG_9945маюць магчымасць працаваць у дзвюх спецыялізаваных арганізацыях – у “Белтэксе” (г. Брэст) і Пінску. Нядаўна адчыніўся ўчастак у Івацэвічах, дзе невідушчыя людзі збіраюць шчотачныя вырабы, а таксама ў Кобрыне, дзе ўпакоўваюць бахілы. Прыемна, калі невідушчыя людзі знахо-дзяць сабе занятак у сістэме адукацыі, культуры, сацыяльнай абароны, медыцыны (у прыватнасці, невідушчыя людзі маюць магчымасць вучыцца ў Гродзенскім медкаледжы і становяцца выдатнымі масажыстамі). Значыцца, яны дастаткова рэабілітаваны, не замыкаюцца на сваіх праблемах, маюць зносіны з астатнімі людзьмі, жывуць паўнацэнным жыццём.
– Інваліды не павінны заставацца на ўзбочыне жыцця, – сказала Ірына Юрэня. – Яны не хочуць быць абузай для родных. Ад нас, відушчых, патрабуецца простае чалавечае паразуменне і ўмелае аказанне дапамогі.
Як? На гэтае пытанне ўсе прысутныя атрымалі адказ з відэаролікаў, знятых Аляксандрам Міронавым (ён, дарэчы, поўнасцю згубіў зрок, але знайшоў у сабе сілы не паддавацца смутку і зноў узяўся за відэакамеру) і супрацоўнікамі “БелТІЗ”. З відэакадраў, у прыватнасці, вынікала: трэба невідушчым стварыць безбар’ерны асяродак (многія з нас бачылі жоўтыя палосы на тратуары, аранжавыя на першых і апошніх прыступках, яркія кружочкі на дзвярах. Але не ўсе ўстановы і дарожкі абазначаны. На шляху невідушчага могуць стаяць смеццевыя бакі і іншыя перашкоды і г. д.). Калі вы бачыце чалавека з белай палкай і хочаце яму дапамагчы з’арыентавацца на мясцовасці, трэба пакласці руку на плячо (каб сляпы з’арыентаваўся з месцазнаходжаннем памочніка) і прапанаваць дапамогу. Калі атрымалі згоду, тактоўна пакладзіце яго руку пад свой локаць і няшпарка ідзіце, уголас расказвайце, якая перашкода наперадзе: машына, бардзюр, скрыжаванне, лесвіца. Хапаць чалавека за белую палку пры гэтым нельга.
Калі трэба прайсці ў вузкі праём дзвярэй, то неабходна ўзяць далонь невідушчага ў сваю і папярэдзіць аб гэтым. Увогуле, усе рухі трэба суправаджаць словамі.
Калі невідушчы хоча сесці, ягонай рукой трэба датыкнуцца да сядзення стула або лавачкі. Калі чалавек прыйшоў у медустанову, урач, які выпісвае рэцэпт, павінен прачытаць уголас інструкцыю ад пачатку да канца, нічога не прапускаючы.
Відэаролікі, думаю, былі карыснымі медыцынскім работнікам. Веды, атрыманыя пад час семінара-трэнінгу, яны змогуць выкарыстаць на практыцы, бо ў бальніцу па ўрачэбную дапамогу часта звяртаюцца жабінкаўскія сябры “БелТІЗ”.
Святлана БЯЛЯК.
На здымках: пад час правядзення семінара-трэнінгу ў райбальніцы.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro