Пакланіліся хмелеўскім святыням

Пакланіліся хмелеўскім святыням

IMG_9575

27 кастрычніка сябры клуба “Суразмоўнік”, што дзейнічае пры Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы, наведалі Хмелеўскі Спаса-Праабражэнскі мужчынскі манастыр. Гэта намоленае, ціхае і светлае месца, куды часта прыязджаюць паломнікі не толькі з усіх куточкаў Беларусі, але і з суседніх краін – Расіі, Польшчы, Украіны – і іншых.
“Суразмоўцаў” сустрэў брат Раман і правёў цікавую, пазнавальную экскурсію па тэрыторыі манастыра, расказаў пра гісторыю Спаса-Праабражэнскай царквы, пра яе былога настаяцеля – айца Мікалая Сабалеўскага, сённяшняга – айца Серафіма, а таксама пра хмелеўскі спіс цудадзейнага абраза Божай маці Чанстахоўскай. Ён адносіцца да 17-18 стагоддзяў і выкананы на палатне. Брат Раман расказаў і легенду, звязаную з хмелеўскім абразом. Ён захоўваўся ў памешчыка ў капліцы. Аднойчы здарыўся пажар і капліца згарэла, а ікона засталася цэлай і непашкоджанай, толькі пачарнела. Пасля гэтага выпадку памешчыку было адкрыццё, і ён заклаў Спаса-Праабражэнскую царкву ў Хмелеве, якая стаіць і сёння. Паводле адных дадзеных храм быў пабудаваны ў 1725 годзе, па іншых – на 45 гадоў раней. Царкве і начынню давялося перажыць нямала ліхіх часоў: дзве сусветныя вайны, грамадзянскую і савецка-польскую, гады барацьбы з праваслаўнай верай. Але, нягледзячы на гэта, Свята-Праабражэнская царква ніколі не спыняла дзейнасць для людзей. У 90-ыя гады ХХ стагоддзя хмелеўскі спіс цудадзейнай іконы Божай маці Чанстахоўскай абнавіўся, пасвятлеў, і з тае пары ўсё больш людзей сталі вылечвацца з яе дапамогай ад хвароб і немачаў, у асаблівасці ад вар’яцтва, анкалагічных захворванняў, п’янства і наркаманіі, а таксама ад бясплоднасці. У ХХ стагоддзі яе неаднаразова спрабавалі ўкрасці, але кожны раз вярталася на месца. Сёння Чанстахоўскі абраз асабліва шануецца сярод праваслаўных беларусаў.
Акрамя Чанстахоўскай Божай маці, у хмелеўскім храме ёсць рэдкі абраз Мікалая Цудатворца, на якім святы адлюстраваны ў белай рызе.
Прадстаўнік брацтва расказаў сябрам клуба “Суразмоўнік”, што зусім нядаўна ў Свята-Праабражэнскай царкве з’явілася яшчэ адна святыня – тапачак святога цудатворцы Спірыдона Трыміфунцкага – заступніка горада Керкіра, сталіцы грэчаскага вострава Корфу. Тапачкі мяняюць святому штогод, таму што яны нейкім неверагодным чынам аказваюцца зношанымі. Іх перадаюць розным храмам, і, можна сказаць, пашанцавала Хмелеўскай Спаса-Праабражэнскай царкве, што ёй дасталася не частка абутку свяціцеля Спірыдона, а цэлы тапачак, які захоўваецца ў куфэрачку і да яго можна прыкласціся кожную першую нядзелю месяца пасля Літургіі.
Удзельнікі экскурсіі падзякавалі кіраўніку клуба “Суразмоўнік” Алене Бельскай за арганізаваную паездку, брату Раману за цікавы аповед і змястоўныя адказы на іх пытанні і паабяцалі наведацца ў Хмелева яшчэ не аднойчы, каб пакланіцца мясцовым святыням.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top