Прыгожае шматгалоссе “Каларыту”

Прыгожае шматгалоссе “Каларыту”

колорит

Дыпламант міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў народны вакальны ансамбль “Каларыт” адзначае 20-годдзе з часу атрымання звання “народны” . Юбілейны канцэрт калектыву адбудзецца 4 лістапада ў гарадскім Доме культуры у 18.30.
Утварэнню калектыву папярэднічаў мужчынскі вакальны ансамбль, які быў створаны на базе гарадскога Дома культуры ў 1981 годзе і сваёй творчасцю радаваў жыхароў Жабінкаўшчыны на працягу многіх гадоў. Яго мастацкім кіраўніком і ідэйным натхняльнікам быў Мікалай Зіноўеў. Калі з цягам часу па розных прычынах ансамбль сталі пакідаць некаторыя яго ўдзельнікі і ў ім засталося некалькі чалавек, Мікалай Васільевіч прыняў рашэнне запрасіць у яго склад іншых салістаў і стварыць новы калектыў. Прыгожае спалучэнне шматгалосся, своеасаблівае адзінства гучання пад час спеваў дало калектыву назву – “Каларыт”.
Першапачаткова гэта быў мужчынскі вакальны ансамбль, у яго ўвайшлі: Леанід Дашкевіч, Павел Карнееў, Валерый Няменьшы, Уладзімір Абрамчук, Васіль Ільюк і мастацкі кіраўнік Мікалай Зіноўеў. Першымі музычнымі творамі, якія пачаў выконваць “Каларыт”, сталі песні з рэпертуару братоў Генадзя і Аляксандра Завалокіных “Я – деревня, я – село”, ансамбля “Сябры” – “Полька беларуская”, а таксама “Криницы” (аўтары Андрэй Эшпай і Уладзімір Карпенка). За час існавання “Каларыту” ягонымі ўдзельнікамі былі многія яркія і самабытныя спевакі: Аляксандр Кавальчук, Сяргей Бышэвіч, Ігар Зотаў, іншыя.
У нейкі момант тагачасны мастацкі кіраўнік ансамбля Мікалай Зіноўеў зразумеў, што для паўнаты гучання твораў патрэбны і жаночыя галасы. У свой час у скла-дзе “Каларыту” выступалі Наталля Дырман, Алена Козел, Галіна Міцковіч. Цяпер яны спяваюць у іншых калектывах. Так, Наталля – мастацкі кіраўнік народнага тэатра гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” Хмелеўскага СДК, Алена – удзельніца міні-тэатра песні і гумару “Спявай, душа” Крыўлянскага СДК, Галіна – кіраўнік дзіцячай вакальнай студыі “Зорны дождж” клуба цукровага завода. З 2009 года ў “Каларыце” спявае Ірына Рынчук і з 2012-га – Аксана Пракошына. Цяперашнюю мужчынскую палову ансамбля складаюць Аляксандр Шчасюк, Андрэй Войнаш і яго мастацкі кіраўнік Валерый Няменьшы.
Год 1996 стаў знакавым для калектыву: ён атрымаў званне народнага. З таго часу “Каларыт” радуе нас сваімі выступленнямі на гарадскіх святах і мерапрыемствах. Яго добра ведаюць далёка за межамі раёна. Ансамбль – удзельнік рэспубліканскіх і абласных фестываляў-кірмашоў працаўнікоў вёскі “Дажынкі”, ІІ Усебеларускага фестывалю народнага мастацтва “Беларусь – мая песня”, дае канцэрты ў санаторыях “Буг” і “Надзея”, на прадпрыемствах Брэстчыны. Выступаў таксама на сцэне Палаца культуры ў сталіцы, на днях культуры Брэсцкай вобласці, што ладзіліся ў Маскве. Калектыў неаднаразова запрашалі на калядныя святы і свята бульбы ў суседнюю Польшчу. У творчай скарбонцы “Калырыту” шмат грамат і дыпломаў за удзел у міжнародных і рэспубліканскіх фестывалях, за вялікую работу ў адраджэнні і развіцці нацыянальнага мастацтва, актыўную канцэртную дзейнасць.
Сваіх слухачоў ансамбль зачароўвае непаўторным чатырох- і пяцігалоссем – у кожнага саліста свая партыя. Калектыў заўсёды выступае ў прыгожых сцэнічных касцюмах (зараз ужо заказаны і шыюцца новыя). За ўвагу да сябе, разуменне і ўсебаковую падтрымку спевакі выказваюць словы ўдзячнасці старшыні райвыканкама Дзмітрыю Мікалаевічу Гарадзецкаму, яго намесніку Але Сцяпанаўне Ануфрыюк, начальніку фінансавага аддзела райвыканкама Святлане Мікалаеўне Плавух, начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама Веры Уладзіміраўне Бортнік, яе намесніку – загадчыку сектара культуры аддзела Наталлі Іванаўне Бернат, дырэктару арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела Ірыне Паўлаўне Дулевіч, дырэктару гарадскога Дома культуры Уладзіміру Уладзіміравічу Пляшко.
Як расказаў цяперашні мастацкі кіраўнік ансамбля Валерый Няменьшы, у юбілейным канцэрце прагучаць добра вядомыя слухачам творы “Дарья”, “Каліна-ягада”, “Галина”, “Праздники”, “Земляки”. Аўтар апошняй берасцеец Васіль Кандрасюк. Пачуюць жабінкаўцы і новыя песні: “Зажигаем”, “Это Беларусь”, “Дзе б я не ехала”, “За далью даль”, “Холостяк”, “Центр Евро-пы”, іншыя. Апошнюю выканаюць разам з дзіцячай вакальнай студыяй “Золак”. Будуць і сюрпрызы. А каб іх убачыць, Валерый Пятровіч запрашае ўсіх на канцэрт. Прыходзьце, ад прыгожага шматгалосся “Каларыту” будзем атрымліваць асалоду разам.
Алёна НІКАНЧУК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*