Першы – у вобласці, адзіны – у гаспадарцы

Першы – у вобласці, адзіны – у гаспадарцы

 

IMG_9275

Ці могуць жыццёвыя абставіны паўплываць на лёс чалавека? Герой гэтай нататкі лічыць такое магчымым.
– Мама працавала медсястрой, старэйшы брат – аграномам, – разважае Уладзімір Мікалаевіч Цімошык. – У доме ад мамінай вопраткі заўжды пахла лекамі. А ў хлеўчыку мукала карова, рохкалі свінні. Нам, вясковым дзецям, часта выпадала дапамагаць па гаспадарцы. Жывёл мы любілі. Ну, як ты не пашкадуеш кацяня, якое ад сабакі залезла на высокае дрэва, баіцца спусціцца ўніз? Лезлі, здымалі небараку… То сабака вожыка пакусае, а потым глядзіць на цябе вачамі, поўнымі слёз, ці яшчэ горш, уткнецца ў твае далоні распухлым ад пчалінага ўкусу носам і жаласліва скуголіць… Употай цягалі з хатняй аптэчкі бінты і ёд, лячылі, як маглі, сяброў нашых меншых. Таму, як школу закончыў, асабліва не разважаў на каго вучыцца – вядома, на ветурача. Цікава, што яшчэ двух хлопцаў з класа падбухторыў, усе мы сталі дыпламаванымі спецыялістамі.
У Ляхавіцкім саўгас-тэхнікуме атрымаў спецыяльнасць, там жа – першы вопыт працы. Праз пяць гадоў паступіў у Віцебскі ветэрынарны тады яшчэ інстытут. Па размеркаванні Уладзімір трапіў у саўгас “Маяк” Дзяржынскага раёна. Лячыў грамадскую жывёлу і марыў аб тым, каб займець нарэшце і сваю гаспадарку, дом, сустрэць чалавека, побач з якім хацелася б жыць і быў бы сэнс у жыцці.
Мары Уладзіміра хутка спраўдзіліся. Зграбная Тамара паланіла душу і сэрца маладога ветурача. Сям’я вырашыла пераехаць з Дзяржынскага раёна бліжэй да жончыных бацькоў, на Жабінкаўшчыну. Знайшлася праца ў былым калгасе імя Куйбышава, а потым пасаду галоўнага ветэрынарнага ўрача прапанавалі ў СВК “Шпіталі”. З’явілася перспектыва мець уласнае жыллё. У гаспадарцы, якая стала роднай для Цімошыка, рупяцца абое: ён – лечыць жывёлу, а жонка Тамара Іосіфаўна праводзіць штучнае асемяненне кароў.
Клопатаў у ветурача хапае: трэба сачыць за станам здароўя ўсяго пагалоўя. А здаровую, высокаўдойную карову можна атрымаць з ладнага цяляці. Таму вітамінізацыю, імунізацыю і прафілактыку захворванняў галоўны ўрач пачынае праводзіць менавіта з маладняку.
– Зараз працаваць – любата, – кажа ветурач. – На фермах “Грабаўцы”, “Лойкі”, “Жыцінь”, “Сяхновічы” і “Шпіталі” створаны добрыя ўмовы для ўтрымання жывёлы. Рэгулярна чытаю ў інтэрнэце навінкі – цікаўлюся лекамі і прафілактычнымі прэпаратамі для жывёлы. Беднае фінансаванне не дазваляе ўдосталь набываць іх. А таму даводзіцца выбіраць самае неабходнае.
Уладзімір Мікалаевіч мае 33-гадовы стаж работы. У ветэрынарыі ён прызвычаіўся спяшацца на ферму, калі неабходна дапамагчы расцяліцца карове або даць лекі хвораму цялятку.
– Я проста люблю жывёл, – кажа ветурач. – А без любові да гэтых стварэнняў няма чаго рабіць у нашай прафесіі.
Уладзімір Цімошык неаднойчы дэманстраваў выдатныя вынікі працы, станавіўся лепшым урачом у раёне. А нядаўна ён заняў ганаровае першае месца сярод ветурачоў вобласці!
Канечне, прыемна ведаць, што ты – лепшы ў вобласці, толькі да такіх перамог Уладзімір Мікалаевіч ставіцца спакойна: галоўнае для яго – работа і сям’я. Ён радуецца ладным, жвавым цялушкам і каровам, атрыманаму якаснаму малаку і прыбаўленням у вазе жывёлы. У хлеўчыку, як і некалі марыў, стаіць карова і свінні, ёсць птушка. Усё ладна і на сямейным фронце: выгадаваў чатырох дзяцей, трое з якіх ужо вызначыліся ў жыцці. Старэйшая Вольга працуе экскурсаводам у Белай Вежы, Улад рупіцца механізатарам у фермера, Алена гатуе абеды для вучняў Пелішчанскай школы, 17-гадовы Яўген вучыцца ў ліцэі і збіраецца паступаць у політэхнічны ўніверсітэт. Унучаты-школьнікі Саша і Каця любяць назіраць, як Уладзімір увіхаецца ля жывёл. Мо, яны пакрочаць за дзедам у прафесію?
Святлана КІСЛАЯ.

На здымку: галоўны ветурач СВК “Шпіталі” Уладзімір Цімошык.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro