Інтэграцыйныя праекты – на карысць народам

Інтэграцыйныя праекты – на карысць народам

214905-06

У Мінску 27-28 кастрычніка прайшлі пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета і Савета кіраўнікоў урадаў СНД. На пасяджэннях разгледжаны актуальныя пытанні супрацоўніцтва дзяржаў – членаў ЕАЭС і СНД.
На пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета абмеркаваны праект новага Мытнага кодэкса ЕАЭС, праект бюджэту ЕАЭС на 2017 год, ход работы па міжнароднай дзейнасці Еўразійскай эканамічнай камісіі, асобныя аспекты гандлёвай палітыкі.
На пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД разгледжана больш за 20 праектаў, якія датычацца далейшага развіцця супрацоўніцтва па прыярытэтных напрамках дзейнасці Садружнасці.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з кіраўнікамі ўрадавых дэлегацый ЕАЭС і СНД.

Краіны СНД
інтэграцыйную палітыку Беларусі прызнаюць актыўнай

Правядзенне ў Мінску пасяджэнняў кіраўнікоў урадаў Еўразійскага эканамічнага саюза і Садружнасці Незалежных Дзяржаў у Беларусі разглядаюць як прызнанне актыўнай інтэграцыйнай палітыкі краіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час сустрэчы з кіраўнікамі ўрадавых дэлегацый ЕАЭС і СНД.
У сучасным свеце абвастраецца палітычная і эканамічная турбулентнасць. «Узмацнілася абгрунтаваная крытыка ў нашых краінах у сувязі з незадаволенасцю як тэмпамі, так і практычнымі вынікамі развіцця інтэграцыі. Чутны трывожныя сігналы ад бізнесу, – адзначыў кіраўнік дзяржавы. – Буду шчыры: крытычная маса пытанняў, што назбіраліся, выклікае ў нас, у Беларусі, трывожныя настроі наконт перспектыў не толькі СНД, але і ЕАЭС».
Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна павысіць эфектыўнасць патэнцыялу інтэграцыі і яе канкурэнтныя перавагі.

Пры рэалізацыі
дасягнутых дамоўленасцей краіны ЕАЭС не павінны таптацца на месцы

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, калі паспрабаваць разабрацца са станам спраў у ЕАЭС, то, вядома, на этапе эканамічнага спаду дзяржавы воляй-няволяй задзейнічаюць пратэкцыянісцкія меры. «Але ж саюз для таго і ствараўся як больш паглыбленая інтэграцыйная форма, каб разам пера-адольваць крызісы і застоі ў эканоміцы, паважаць інтарэсы адзін аднаго, сфарміраваць агульныя рынкі, – звярнуў увагу Прэзідэнт. – Наогул, крызісы і розныя непарадкі, сутыкненні павінны збліжаць сапраўдных сяброў і братоў».
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што краіны вызначылі дакладныя тэрміны рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцей. І гэтыя рашэнні, як бы ні было складана, трэба выконваць.

Лукашэнка заклікае краіны ЕАЭС
да правядзення ўзгодненай прамысловай палітыкі

«Беларусь рэгулярна ставіць пытанне аб правядзенні ўзгодненай прамысловай палітыкі. Адзіны шлях для ператварэн-
ня ЕАЭС у цэнтр эканамічнай сілы – гэта развіццё магутнай і сучаснай вытворчай базы на аснове кааперацыі, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Тэарэтычна з гэтай ідэяй згодны ўсе. Але практычнай рэалізацыі, на жаль, няма».
Як адзначыў Прэзідэнт, таксама неабходна ўрэгуляваць пытанні функцыянавання ЕАЭС ва ўмовах прымянення адной з дзяржаў-членаў аднабаковых мер абароны рынку адносна трэціх краін, пытанні функцыянавання ЕАЭС таксама абмяркоўваліся на нядаўнім саміце АДКБ у Арменіі. Паводле слоў Прэзідэнта, гэта была жорсткая і прынцыповая размова, але разам з тым адкрытая і дружалюбная.
«Нас не задавальняюць аддаленыя тэрміны стварэння агульных рынкаў энерганосьбітаў, а таксама лібералізацыі выканання перавозчыкамі адной дзяржавы перавозак паміж пунктамі, размешчанымі на тэрыторыі іншай дзяржавы», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што, нават калі ўмоўна вызначаны тэрміны стварэння адзіных рынкаў, не трэба чакаць да апошняга з іх запускам.

Без фармалізму ў рабоце па ўдасканаленні дагавора аб ЕАЭС

«Пачата работа па ўдасканаленні палажэнняў дагавора аб ЕАЭС. Самае важнае – падысці да яе не фармальна, а выкарыстаць гэту магчымасць для вырашэння самых складаных пытанняў інтэграцыі», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што няўзгодненасць дзеянняў прывяла ўжо да разбалансіроўкі ўнутраных інтэграцыйных працэсаў.
«Толькі пераемнасць, паслядоўнасць і сістэмнасць у рабоце могуць стварыць неабходныя перадумовы для паскоранага руху да тых мэт, якія мы паставілі перад саюзам», – упэўнены беларускі лідар.
«Падыход Беларусі празрысты – калі сказалі, што будзем будаваць Еўразійскі эканамічны саюз, то трэба быць паслядоўнымі і рашуча ісці наперад, як дамовіліся. Інакш інтэграцыйныя ідэі не будуць успрымацца сур’ёзна ні нашымі народамі, ні за межамі саюза», – рэзюмаваў Прэзідэнт.
«У Бішкеку кіраўнікі дзяржаў далі ўрадам сігнал аб неабходнасці пошуку новых, сучасных імпульсаў развіцця СНД, аб павышэнні эфектыўнасці работы органаў Садружнасці. Усё непатрэбнае і неэфектыўнае неабходна пакінуць у мінулым», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, апошнія гады пастаянна адзначаюцца праблемы з паўнатой фарміравання бюджэту органаў СНД. Прэзідэнт Беларусі лічыць, што адной з прычын гэтага з’яўляецца адсутнасць інавацыйных ідэй і яркіх вынікаў у сферах узаемадзеяння Садружнасці.
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што патрэбны амбіцыйныя задачы. «Неабходны агульныя кропкі эканамічнага росту, заснаваныя на прынцыпах вытворчага, інвестыцыйнага і навуковага ўзаемадзеяння».

СНД захоўвае запатрабаванасць як універсальная пляцоўка
ўзгаднення пазіцый

«У верасні ў Бішкеку мы прадметна разгледзелі пытанні адаптацыі СНД да сучасных умоў. Беларусь заўсёды выступала за захаванне Садружнасці як паўнацэннай міжнароднай арганізацыі, нацэленай на развіццё рэгіянальнай інтэграцыі, – адзначыў кіраўнік дзяржавы. – З задавальненнем адзначаю, што і ў Беларусі ў нас такое ж меркаванне, і гэты падыход быў падтрыманы ўсімі кіраўнікамі дзяржаў Садружнасці і знайшоў сваё адлюстраванне ў прынятым рашэнні аб адаптацыі СНД».
Прэзідэнт звярнуў увагу на той факт, што ў аснове Садружнасці – стратэгія ўзаемавыгаднага і раўнапраўнага супрацоўніцтва, што дае магчымасць кожнай з дзяржаў-удзельніц рабіць свабодны выбар ступені свайго ўдзелу ў інтэграцыйным працэсе, грунтуючыся пры гэтым на нацыянальных інтарэсах.
Ён выказаў перакананасць, што СНД поўнасцю запатрабавана.

Буйны касмічны праект на аснове аб’яднання рэсурсаў краін СНД магчымы

«Нашы вучоныя ў якасці аднаго з фактараў развіцця навукова-тэхнічнага і інавацыйнага патэнцыялу краін Садружнасці бачаць супрацоўніцтва ў даследаванні і выкарыстанні космасу ў мірных мэтах, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. – Базісам такога ўзаемадзеяння мог бы стаць буйны сумесны касмічны праект, што рэалізуецца на аснове аб’яднання рэсурсаў краін СНД у мэтах атрымання важкіх навуковых, практычных і эканамічных вынікаў».
Паводле яго слоў, важным напрамкам з’яўляецца забеспячэнне ўнутраных рынкаў стратэгічнымі сыравіннымі рэсурсамі, у тым ліку энергетычнымі.
На думку кіраўніка дзяржавы, неабходны гарманізацыя патрабаванняў у галіне бяспекі і якасці сельскагаспадарчых тавараў, уключаючы выкарыстанне недыскрымінацыйных форм маніторынгу і кантролю, развіццё сістэмы абмену інфармацыяй аб выніках лабараторнага кантролю, сумеснае выяўленне выпадкаў парушэння ветэрынарнай стабільнасці тэрыторыі.
Як лічыць Прэзідэнт Беларусі, дзейнасці органаў галіновага супрацоўніцтва неабходна надаць сістэмнасць і праграмна-мэтавы характар. «Асобныя з іх функцыянуюць дзесяцігоддзямі, але не ўносяць укладу ў развіццё Садружнасці, – заўважыў кіраўнік дзяржавы. – Але ж менавіта на гэтым узроўні ажыццяўляецца экспертная дзейнасць па практычным напаўненні палітычных рашэнняў, вынікі такой работы фарміруюць уяўленне аб карысці СНД для канкрэтных грамадзян, арганізацый, прадпрыемстваў, дзяржаў».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе гэтыя тэмы не новыя і на іх трэба проста паглядзець пад іншым вуглом, актуалізаваць з улікам сучасных рэалій.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Дагавор аб зоне свабоднага гандлю з’яўляецца адным з ключавых элементаў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ўнутры Садружнасці. «Сёння ў практычнай рэалізацыі дагавора ёсць складанасці, выкліканыя абвастрэннем адносін паміж двума нашымі ключавымі партнёрамі. Застаецца толькі заклікаць да цярпення і стрыманасці ў прыняцці рашэнняў», – адзначыў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, Садружнасць шмат страціла з выхадам з яе складу Грузіі. «Далейшы рух па такім вектары істотна зніжае эканамічны і палітычны патэнцыял СНД, – лічыць Прэзідэнт. – Тым больш што ў рамках Дагавора аб зоне свабоднага гандлю мы пачалі вырашэнне дзвюх важных задач: пабудову адзінага рынку дзяржаўных закупак і фарміраванне асноў рынку свабоднага гандлю паслугамі».
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на той факт, што Беларусь вельмі зацікаўлена ў максімальна шырокім скла-дзе ўдзельнікаў гэтай работы.
Ён лічыць, што раўнапраўнасць дзяржаў-удзельніц, гібкасць фарматаў калектыўнага супрацоўніцтва і механізмаў прыняцця рашэнняў дадуць магчымасць з годнасцю вырашыць надзённыя пытанні далейшага развіцця Садружнасці.

Саюз Беларусі і Расіі – прыклад і ўзор глыбокай інтэграцыі

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што СНД – добрая пляцоўка для сустрэч і перагавораў, вырашэння тактычных пытанняў. Еўразійскі эканамічны саюз прадугледжвае ўжо глыбокую эканамічную інтэграцыю. «Яшчэ больш глыбокая інтэграцыя ў Саюзе Беларусі і Расіі. Ён з’яўляецца прыкладам і ўзорам», – падкрэсліў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы дадаў, што пры стварэнні ЕўрАзЭС краіны абапіраліся менавіта на многія беларуска-расійскія дамоўленасці.
«Калі нехта гатовы перайсці ад эканамічнага саюза да цеснага эканамічнага ваенна-палітычнага саюза ў рамках Саюза Беларусі і Расіі, дагавор адкрыты», – звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Краіны ЕАЭС змаглі ў значнай меры рушыць наперад да стратэгічных мэт саюза

Аб гэтым заявіў 27 кастрычніка прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета ў пашыраным складзе.
«Бягучы 2016 год надзвычай няпросты і напружаны як у развіцці нашых эканомік, так і ў станаўленні Еўразійскага эканамічнага саюза, – сказаў Андрэй Кабякоў. – Абнадзейвае, што па шэрагу важных напрамкаў у гэтых складаных умовах нам удалося або дабіцца канкрэтных пазітыўных вынікаў, або ў значнай меры рушыць наперад да стратэгічных мэт функцыянавання саюза, замацаваных у дагаворы аб ЕАЭС ад 29 мая 2014 года».
Андрэй Кабякоў выказаў упэўненасць у тым, што сустрэча кіраўнікоў урадаў
ЕАЭС у Мінску ўнясе сур’ёзны ўклад у развіццё еўразійскай эканамічнай інтэграцыі.
Кіраўнік беларускага ўрада адзначыў, што краінам СНД неабходна ўдакладніць сферы паўнамоцтваў органаў Садружнасці, аптымізаваць і павысіць выніковасць работы галіновых структур, забяспечыць эканомію і эфектыўнае выкарыстанне фінансавых рэсурсаў.
Паводле слоў Андрэя Кабякова, кожнае пасяджэнне ў фармаце Садружнасці Незалежных Дзяржаў з’яўляецца пацвярджэннем яе функцыянальнага прызначэння. «Гэта пляцоўка для вядзення шматбаковых перагавораў і прыняцця ўзаемавыгадных рашэнняў па ўсіх пытаннях», – падкрэсліў ён.
«Мінск заўсёды быў і вось ужо 25 гадоў застаецца ў цэнтры інтэграцыйных працэсаў, – падкрэсліў прэм’ер-міністр. – Упэўнены, што і сённяшняе пасяджэнне прыўнясе новыя вехі ў развіццё інтэграцыі на прасторы Садружнасці».
Гэта першае пасяджэнне кіраўнікоў урадаў СНД пасля сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў у Бішкеку, дзе пацверджана агульная гатоўнасць захаваць Садружнасць як паўнацэнную рэгіянальную міждзяржаўную арганізацыю.
Цэнтральнымі для краін СНД застаюцца пытанні эканамічнага ўзаемадзеяння. «Намі распрацаваны стратэгіі эканамічнага развіцця на перыяд да 2020 года. Задачы пастаўлены сур’ёзныя. Дакумент ахоплівае больш за 20 напрамкаў і налічвае 290 практычных мерапрыемстваў, – расказаў Андрэй Кабякоў. – Іх рэалізацыя прызначана стварыць рэальныя ўмовы для ўстойлівага развіцця эканомік нашых краін, структурных пераўтварэнняў у розных сферах дзейнасці. Упэўнены, што няўхільная рэалізацыя стратэгіі надасць дадатковую дынаміку дагавору аб зоне свабоднага гандлю».
Кіраўнікі ўрадаў разгледзелі ход рэалізацыі палажэнняў дагавора аб зоне свабоднага гандлю ад 18 кастрычніка 2011 года і пазітыўна ацанілі іх выкананне. На сённяшні дзень бакамі ўзгоднены правілы і працэдуры рэгулявання дзяржаўных закупак, ажыццяўляецца падрыхтоўка дакумента, які будзе рэгламентаваць свабодны гандаль паслугамі. Бакі выконваюць узятыя абавязацельствы ў частцы экспартных пошлін, захоўваюць умовы прымянення тэхнічных, санітарных і фітасанітарных мер ва ўзаемным гандлі. Прадугле-джаныя дагаворам механізмы вырашэння гандлёвых спрэчак уяўляюцца найбольш эфектыўным шляхам дасягнення ўзаемавыгадных вынікаў, а ліквідацыя бар’ераў у гандлі таварамі і паслугамі садзейнічае развіццю ўзаемнага гандлю і эканамічнаму росту яго ўдзельнікаў.
Наступнае пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў СНД пройдзе 26 мая 2017 года ў Расіі
Старшынства ў СНД у 2017 годзе пераходзіць да Расіі. У 2016 годзе ў СНД старшынствуе Кыргызстан. Краіны СНД падпісалі пакет дакументаў аб супрацоўніцтве.
БелТА.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro