Да цяжарнасці трэба рыхтавацца

Да цяжарнасці трэба рыхтавацца

e47e33af408c026e1f8db66b6fce7b4f0127742f_800У апошні час часта можна пачуць, асабліва ад маладых жанчын і ўрачоў, словазлучэнне “прэгравідарная падрыхтоўка”. Слова “прэгравідарная” складаецца з дзвюх частак: прыстаўкі “прэ”, якая абазначае папярэднічанне чаму-небудзь, і лацінскага слова “gravida” (цяжарная). Значыць, прэгравідарная падрыхтоўка да цяжарнасці.

Яна пачынаецца з планавання таго, што і ў якія тэрміны трэба будзе
зрабіць будучым бацькам. Прэгравідарную падрыхтоўку неабходна пачаць не за месяц і не за два да зачацця, а як мінімум за паўгода ці лепш за год да мяркуемага моманту зачацця. Яна ўключае: вызначэнне стану здароўя будучых бацькоў, падрыхтоўку арганізма кожнага з іх да зачацця і жанчыны да цяжарнасці.
Самую значную частку прэгравідарнай падрыхтоўкі займае абследаванне будучых бацькоў. Канечне, больш пільнае і поўнае чакае жанчыну. Бо менавіта ў яе арганізме адбываюцца працэсы росту і развіцця будучага дзіцяці, на якія могуць паўплываць мацярынскія невылечаныя інфекцыі і захворванні, у тым ліку і хранічныя.
Назначаныя даследаванні дазволяць высветліць многія пытанні, якія тычацца гарманальнага статусу жанчыны, устойлівасці яе арганізма да вірусаў, небяспечных для дзіцяці, а таксама пацвердзіць наяўнасць ці адсутнасць захворванняў і інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам у абаіх будучых бацькоў.
Дастаткова важным з’яўляецца збор і аналіз урачом інфармацыі з амбулаторнай (медыцынскай) карты жанчыны, дзе бачны перанесеныя раней хваробы, траўмы ці аперацыі.
Будучай маме таксама патрэбна наведаць шэраг вузкіх спецыялістаў, перш за ўсё гінеколага. Магчыма, жанчыне і мужчыне неабходна пракансультавацца ў генетыка. Падставай для гэтага могуць быць генетычныя захворванні блізкіх родзічаў, а таксама ўзрост будучых бацькоў.
Усё вышэйпералічанае зойме нямала часу, але дазволіць адказаць на шэраг важных пытанняў. Ці магчыма зачацце натуральным шляхам? Ці здольна жанчына вынасіць дзіця і радзіць? Ці верагодна заражэнне эмбрыёна інфекцыямі ўнутрывантробна і ў працэсе родаў?
Пры спрыяльных выніках даследавання стану здароўя будучым бацькам можна рыхтавацца да зачацця, а жанчыне – да цяжарнасці. Перш за ўсё патрэбна адмовіцца ад шкодных звычак, захоўваць рэжым дня, паўнацэнна харчавацца, пазбягаць негатыўных эмоцый і стрэсаў.
Прэгравідарная падрыхтоўка – абавязковая ўмова паспяховага зачацця, беспраблемнага працякання цяжарнасці і родаў без ускладненняў. Адказны падыход і добрая падрыхтоўка дазваляе жанчыне атрымліваць асалоду ад цяжарнасці, а плоду – правільна расці і развівацца.
Сяргей ЗАМАХІН,
загадчык гінекала-гічнага аддзялення УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top