Искусству нужен зритель

Искусству нужен зритель

І ў нашы дні вядомы крылаты выраз “… сеяць разумнае, добрае, вечнае…” у педагогіцы мастацтва не губляе свайго актуальнага значэння, асабліва ў эстэтычным выхаванні падрастаючага пакалення. Як паказвае вопыт, увасабленне гэтага выразу ў жыццё патрабуе ад педагога штодзённай работы розуму і сэрца, поўнай аддачы душэўных сіл, цеснага кантакту з навучэнцамі.
Паміж цэнтрам пазашкольнай работы Жабінкі, на базе якога праходзяць заняткі ў гуртках выяўленчага мастацтва сярод вучняў 1-5 класаў, і супрацоўнікамі бібліятэкі цукровага завода ўсталявалася даўняя шматгадовая традыцыя — экспанаваць лепшыя дзіцячыя работы ў зале бібліятэкі. Гэта цікавае і карыснае супрацоўніцтва з грамадскасцю горада, яго гасцямі. Бібліятэкары з разуменнем адносяцца да гэтай справы, часта самі прапаноўваюць зрабіць у іх зале чарговую выставу творчых работ юных мастакоў.
Інтэр’ер старой бібліятэкі не дазваляў у поўным аб’ёме выстаўляць дзіцячыя малюнкі. З адкрыццём новага будынка яе ў цэнтры мікрараёна цукровага завода нашы магчымасці для афармлення выстаў значна палепшыліся. Прасторнае фае, стэлажы, сталы не бываюць пустымі. Творы выяўленчага мастацтва хлопчыкаў і дзяўчынак экспануюцца рэгулярна да святаў і каляндарных датаў, таму што сузіраць, любавацца імі, без сумнення, павінны гледачы. Юным мастакам-творцам вельмі важная адзнака іх працы не толькі ў сценах школы, класа, важна грамадская думка і прызнанне. Выставы пра многае гавораць: аб саміх аўтарах, пра адлюстраванне жыцця ў навакольным свеце, пачуццяў, перажыванняў, спадзяванняў і імкненняў.
Праграма па выяўленчым мастацтве накіравана на далучэнне школьнікаў да розных пластычных яго відаў: тут і малюнкі ў монахраматычнай гаме, і работы з колерам. Дзеці працуюць з гуашшу, акварэллю, акрылам, на ўяўленне і з натуры, займаюцца дэкаратыўна-прыкладной дзейнасцю, працуюць у стылі art dеcor, шырока выкарыстоўваюць прыёмы ў стылі hand made. Паказваем сябе ў работах не толькі фарбамі, а і ўпрыгожваем іх каляровай паперай, паеткамі, стразамі, бісерам, саломай, кавалачкамі аксаміту, ніткамі. Асаблівай складанасцю адрозніваюцца творы бісернага плану, канструяванне прадметаў навакольнага свету. Словам, працуем у спалучэнні выяўленчых, дэкаратыўных і канструктыўных відаў мастацтва, прымяняючы змешаныя тэхнікі.
Сёння асаблівае месца адводзіцца на занятках развіццю эмацыянальна-вобразнага мышлення вучня. Такім чынам, далучэнне да мастацтва трэба ажыццяўляць метадамі, якія адпавядаюць “інструменту пазнання” — г.зн. мастацкаму вобразу.
Настаўнік выяўленчага мастацтва ў адной асобе ёсць і педагог, і мастак. Ён абавязаны не толькі чула, спагадліва ўспрымаць творы мастацтва, але і перажыванні кожнага вучня на занятках, таму што яны, гэтыя перажыванні носяць індывідуальны характар, і ім трэба дапамагчы выразіцца ў слове аб творы і ў практычнай дзейнасці пры стварэнні ўласнай работы.
Дырэкцыі цэнтра пазашкольнай работы і другой гарадской школы ўдзячныя супрацоўнікам цукразаводскай бібліятэкі Алене Чыркун і Аксане Капчук за супрацоўніцтва з дзеткамі, за садзейнічанне ў навучанні іх з самага ранняга ўзросту разбірацца ў тых духоўных каштоўнасцях, сярод якіх жывуць і твораць. А таксама за тое, каб кожны школьнік змог адрозніваць сапраўднае мастацкае палатно ад сурагату так званай “масавай культуры”, якая прыцягвае да сябе яркасцю, нярэдка фамільярнасцю і не патрабуе напружання думкі і пачуццяў.
Пад час такіх выстаў чытачы бібліятэкі (дарослыя і юныя), а таксама госці, з’яўляюцца пастаяннымі гледачамі і ўключаюцца ў роздум аб сутнасці мастацтва, сэнсе творчасці сучаснага мастака, аб прыналежнасці да айчыннай культуры. Талент да многага абавязвае. Не таленавітых творцаў сярод вучняў няма. Цёплыя водгукі атрымліваюць работы шасцікласнікаў Настассі Мышкавец, Ксеніі Борсук, чацвёртакласнікаў Карыны Шпілька, Вольгі Цупа, Марыі Атаманчук і Міхаіла Мікуліча. На занятках у гуртку выяўленчага мастацтва яны праяўлялі і праяўляюць сілу інтэлекту, настойлівасць у авалоданні ведамі, натхнёна развіваюць свае здольнасці, пашыраюць светапогляд, імкнучыся быць зразумелымі гледачамі, адчуваюць адказнасць за прапаганду эстэтычных ідэалаў.
Такім чынам цукразаводская бібліятэка — наша своеасаблівая выставачная зала, у якой юныя мастакі дзеляцца з гледачамі вопытам эстэтычных перажыванняў, расказваюць пра сваё бачанне свету, задумкі. Сапраўднаму мастацтву патрэбны не толькі прафесіяналы, але і людзі, якія разумеюць і правільна ўспрымаюць творчасць, якая ствараецца пэндзлікам, алоўкам…
І.РУДКОЎСКАЯ, педагог.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top