Прывітанні з сорак шостага…

Прывітанні з сорак шостага…

IMG_8027
29 кастрычніка, – асаблівы дзень не толькі для журналістаў-стваральнікаў “Сельскай праўды”, але і для многіх яе прыхільнікаў-чытачоў. Хоць дата і не круглая (нагадаем, самы першы нумар раёнкі пабачыў свет у ваенным сорак чацвёртым), аднак усё ж святочная і знакавая, бо друкаванае слова на Жабінкаўшчыне святкуе чарговы свой дзень нараджэння.
З гэтай нагоды варта прыгадаць, якою была раённая газета ў далёкім ад нас сорак шостым годзе.
Крыху з тагачаснай візітоўкі.
Імя ад нараджэння – “Ленинский путь”. Бацька-“заснавальнік” (ён жа першы рэдактар) – Канстанцін Казакоў. Адрас прапіскі (з мая 1945-га): вёска Жабінка, вуліца Кірава, 25. Памеры: прыкладна чвэрць у параўнанні з сённяшняй “Сельскай праўдай”. Наклад – да 800 экзэмпляраў, усяго за год выйшлі 53 нумары газеты. Занятак: асвятленне жыцця ў раёне, а таксама прапаганда і агітацыя, паколькі газета была органам Жабінкаўскага райкама КП(б)Б і выканкама райсавета дэпутатаў працоўных.
Пра што паведамляў “Ленинский путь” 70 гадоў таму?
Інфармацыя, як заўжды, разнастайная, карысная жыхарам Жабінкі і раёна. Напрыклад, можна даведацца тагачасныя кошты на розныя рэчы. Канечне, пасля вайны не шыкавалі. Таму ў спісе ўсё толькі неабходнае: скураны абутак – 7 рублёў, хустка – 6, ніткі – за тры рублі, туалетнае мыла – па 2 з паловаю, а гаспадарчае па рублю, цукар каштаваў 75 капеек за кілаграм, а соль – паўрубля. Аднак патрэбныя тавары можна было набыць толькі па квітанцыі, што сведчыла – пакупнік здаў дзяржаве свойскую жывёлу ці птушку.
Яшчэ моцна адчуваўся подых мінулай вайны. Пагэтаму ў дзяржбанку ў 1946-м быў адкрыты спецрахунак, на які пералічваліся сродкі ў фонд дапамогі дзецям-сіротам. Як паведамляла газета, свой унёсак ужо зрабілі працаўнікі канторы “Заготзерно” (сённяшні камбікормавы завод), спецыялісты райсавета, райпрамкамбіната і іншых устаноў і прадпрыемстваў. Было сабрана больш за 34 тысячы рублёў і “з кожным днём расце і расце сума”(калі параўнаць з цэнамі на патрэбныя тавары, значныя сродкі на той час).
Старажылы, згадваючы былое, нярэдка з павагай гавораць пра веласіпед (вядома ж, колькасць машын у Жабінцы не перавышала і двух дзясяткаў). Пацвярджэннем, што ровар быў “гаспадаром” тагачаснага руху з’яўляецца аб’яўка пра тое, што райдараддзел (сённяшняя ДАІ) пры райвыканкаме праводзіць рэгістрацыю веласіпедаў. Іншая аб’ява паведамляе, што ў доме № 18 з вуліцы Кірава адкрылася першае ў Жабінцы фотаатэлье.
Пісала газета пра стан пчалярства ў раёне. Прынамсі, як сцвярджалася, да вайны толькі на адной дзяржаўнай пчалярні было 100 пчаліных сямей. Акупанты разбурылі гэтую гаспадарку. Да лета 1946 года аднавіліся пчалярні ў калгасах імя Сталіна і Молатава, дзе сяляне Васілюк з Багноў і Рыхлевіч з Жабінкі маюць па 15 пчаліных сем’яў, а ўсяго па раёне іх налічваецца ўжо 504.
Яўна крытычную накіраванасць (што называецца, не ў брыво, а ў вока) мае “калючая” крытычная заметка “Хлеб з “разынкамі”, дзе расказваецца, якія “сюрпрызы” чакаюць пакупніка, калі ён набывае хлеб у мясцовай пякарні. (Дарэчы, крытыка ў тыя часы мела хуткае дзеянне, і за тое, што замест разынкі ў выпечку нейкім чынам патрапіў… таракан, вінаватыя былі пакараныя). Як і ў выпадку, апісаным ў іншым артыкуле “Чаму дрэнна працуе пошта?” Адказам на гэтае пытанне была пракурорская праверка дастаўкі пасылак да грамадзян. Іншае рытарычнае пытанне ставіў улетку сорак шостага аўтар заметкі “Базар ці рассаднік антысані-тарыі?” У “фокусе” публікацыі – стыхійны рыначак у самым цэнтры Жабінкі, дзе гандляры прадавалі рэчы і прадукты проста на зямлі сярод пылу і бруду.
Аднак, вядома ж, былі і прыклады станоўчыя, на якія звярталі ўвагу журналісты. “Перадавая вёска” – так называўся невялікі артыкул, прысвечаны булькоўцам. У вёсцы, расказвалася на старонках раёнкі, добра працуюць дэпутаты Дзмітрый Варанчук і Фёдар Гойнаш. У Булькове адбыўся сход, прысвечаны нарыхтоўцы драўніны. Працаўнікі адразу ж накіравалі на лесараспрацоўку 13 вазоў. Прыклад булькоўцаў натхніў і жыхароў Ракітніцы, адкуль у лес выехалі 18 лесарубаў. Дадамо, гэта справа была патрэбна і для адбудовы жытла, знішчанага вайной.
70 гадоў таму не спынялася і культурнае жыццё ў краі. Так, раённая бібліятэка сур’ёзна падрыхтавалася да дзясятых угодкаў з дня смерці Максіма Горкага. Да гэтай даты ладзілася выстава, пры-свечаная жыццю і творчасці Аляксея Максімавіча. “У дзень юбілею, з дапамогай агітатараў-дакладчыкаў РК КП(б)Б ва ўсіх хатах-чытальнях праведзены даклады пра геніяльнага рускага пісьменніка”.
І канечне ж, як нярэдка кажуць, галоўнай палітычнай падзеяй таго года сталі выбары ў Вярхоўны Савет СССР. Ад выбарчай акругі, у склад якой уваходзіла Жабінкаўшчына, у савецкі “парламент” быў абраны другі сакратар Цэнтральнага камітэта Кампартыі Беларусі Мікалай Кісялёў.
Гартаў старыя падшыўкі Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: малады бухгалтар ДРБУ № 103 Алёна Юрчук за праглядам чарговага нумара раёнкі.

Фота Таццяны ПЛАВУХ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro