ВЕЦЕР-ПАШТАР

ВЕЦЕР-ПАШТАР

549310_1402486416

Мама, пачытай!

Казка

Гаспадыня Восень прыйшла ў лес. І Вецер-паштар з ёю. Ён бачыў, колькі гаспадыня прынесла розных фарбаў, і здзівіўся:
– А навошта табе столькі?
– Нам трэба будзе разаслаць усім звярам і птушкам лісты-тэлеграмы, каб хутчэй рыхтаваліся да зімы.
– Дык я лісты і зялёныя магу разнесці, – адказаў Вецер.
– Э не, зверу і птушцы будзе прыемней атрымаць ліст аранжавы, чырвоны ці залацісты! – не пагадзілася Восень.
І праўда, закінуў Вецер яркі кляновы ліст да Вавёркі ў дупло. Яна ўзрадавалася і гукнула:
– Дзякуй табе! Пайду пералічу запасы свае, ці хопіць на зіму…
Залацісты бярозавы ліст трапіў у гняздо да крыжадзюбаў.
– А чым вы там займаецеся? – пацікавіўся паштар.
– Жытло ўцяпляем, – адказалі птушкі, – каб дзетак вырасціць!
– У вас што, зімою дзеткі будуць? – здзівіўся Вецер.
– А чаму ж не?! У нашай хатцы пры тату і матцы ім будзе цёпла і ўтульна…
Мядзведзь узрадаваўся госцю і павёў паказваць свае харомы:
– Вось глядзі, які палац я збудаваў! Ніякі мароз мне не страшны, ніхто аж да вясны не разбудзіць мяне!
– Добры палац, Міхайла Іванавіч! Так і перадам гаспадыні Восені…
Сустрэў паштар і Зайца. Той перамінаўся з нагі на нагу, а пра жытло быццам і не думаў.
– А чаму ты доміка не будуеш? – спытаў яго Вецер. – Бачыў Вожыка, дык ён з лісця хатку сабе збудаваў, а Міхайла Іванавіч цэлы палац адгрохаў, а ты ў сваім кажушку зімою замерзнеш…
– Не замерзну! – бойка адказаў Заяц. – Гэты кажушок я на цяплейшы памяняю. Буду бегаць, грэцца.
Не будаваў жытла і Воўк. На запытанне, чаму, адказаў:
– Пражыву. Не сур’ёзна такому дужаму зверу, як я, дом будаваць.
– Але ж Мядзведзь узвёў сабе палац!
– Дык Мішка – лежабок: яму б толькі паспаць, а мяне – ногі кормяць.
Цецярук прызнаўся: калі будзе вялікі мароз, ён у снег зарыецца і праспіць ноч, а Сарока застракатала:
– Навошто мне гняздо? Навошта мне гняздо?! Я лепей палячу да чалавечага жытла, там і пракармлюся, там і абагрэюся! Там сустрэну і Снегіра, які раскажа, як яму жылося на Далёкай Поўначы.
– Як знаеш… – паціснуў плячыма паштар і паляцеў далей.
Спраўна папрацавала асенняя пошта. Вецер разнёс усе лісты-тэлеграмы і зараз дакладваў гаспадыні, як выканаў яе заданне.
– Малайчына! – пахваліла Восень, аднак у яе словах паштар не ўлавіў радасці. Наадварот, яна сумнымі вачыма паглядзела на голыя дрэвы, уздыхнула і дадала: – Цяпер і мне пара збірацца ў дарогу, бо суседка Зіма спяшаецца ўжо сюды!..
І заплакала халоднымі дажджлівымі кроплямі.

Расціслаў Бензярук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro