Светла і радасна ад мамінай усмешкі

Светла і радасна ад мамінай усмешкі

_DSC2919

Я часта звяртаю ўвагу на твары людзей. Цікава цішком назіраць, як эмоцыі, нібы ў люстэрку, знаходзяць адбітак на твары. Самыя сапраўдныя эмоцыі можна заўважыць на тварыках дзяцей. Дарослыя з цягам часу вучацца спраўляцца з хваляваннямі, перажываннямі і стараюцца за словамі хаваць кепскі настрой, няўдачы і расчараванні. Толькі вось вочы, вусны, лоб, нават шчокі “выдаюць” стан душы.
“Прачытаць” гэта не складана – трэба толькі прыглядзецца паўважлівей.
Звярнула ўвагу, што амаль усе мамачкі, якія цешацца з малечаю, глядзяць на сваіх маленькіх дочак і сыночкаў з цеплынёй і пяшчотай. Нават, калі неслух лезе ў лужыну або ў чарговы раз цягне суседскага ката за хвост – абурэнне паводзінамі гарэзы хутчэй паказное. Так, пасля сотавага выгуку “нельга!” можа быць і больш сур’ёзнае пакаранне – шляпок ніжэй спіны, стаянне ў кутку або яшчэ жудасней – татава папруга ці забарона на прагляд чарговага мульціка. Мама пакарае і сама ж потым пашкадуе, абдыме свавольніка.
Наша мамачка Валянціна Цвыд такая ж. Калі малодшая сястрычка вывядзе яе з цярпення сваім істэрычным “хачу!” і “не буду!”, маміна нервовая сістэма не вытрымлівае націску пяцігадовай агрэсаркі і бываюць “збоі”. Добра яшчэ, татаў спакой дапамагае маме не прымаць карацельных мер. Ён уводзіць Кацярыну ў другі пакой, тлумачыць ёй, што няправільна тая робіць. Татавы лагодны тон міралюбіва ўздзейнічае на абедзвюх. У выніку сястрычка на некаторы час забываецца, што патрабавала, а мама ўсміхаецца.
Вось гэтыя моманты я люблю больш за ўсё. Мая мамачка такая прыгожая, калі ўсміхаецца! Я разумею, што яна стараецца з усяе сілы заставацца добрай, лагоднай, радаснай. Дзівуюся часам, як яна ўсё паспявае: пасля работы прыбярэ ў кватэры (а калі Кацярынка пазабаўляецца з цацкамі – у пакоі пануюць хаос і бардак); прыгатуе смачную вячэру, спячэ нашы любімыя кексікі і тварожныя ватрушкі ды яшчэ знаходзіць час, каб пашыць нам з сястрычкай спаднічкі, гольфы.
Яна ў курсе ўсіх падзей, якія адбыліся з намі ў школе і дзіцячым садзе. Тата таксама дзеліцца ўражаннямі дня. Вечарам, за вячэрай, мы абмяркоўваем цікавыя навіны. Наша мама завочна вучыцца на бухгалтара. У стосе кніг па бугуліку ляжаць і дзіцячыя, з прыгожымі малюнкамі, бо мамачка стараецца знайсці час і пачытаць перад сном казку малодшай. Праўда, стомленая за дзень, не раз засыпала на ложку раней дачушкі…
Мама лічыць, што дзеці павінны быць шчаслівымі. Яна з татам робіць усё, каб нам было цёпла, хораша і ўтульна. А для нас з Кацярынкай вельмі важна, каб мама пасміхалася. Там, дзе ўсміхаюцца мамы – светла і радасна.
Вольга ЦВЫД, сябра гуртка “Юны журналіст” пры Жабінкаўскім РЦТДіМ.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top