Застаюцца вернымі прафесіі

Застаюцца вернымі прафесіі

120 кастрычніка, у Міжнародны дзень повара, адбыўся выязны раённы семінар загадчыкаў і работнікаў харчаблокаў устаноў дашкольнай адукацыі Жабінкаўшчыны. У ім прынялі ўдзел галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі аблвыканкама Алена Белаш і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Бурко.
Першай установай, якую наведалі ўдзельнікі семінара, стаў яслі-сад №1 г. Жабінка. Тут яны пазнаёміліся з работай харчаблока, умовамі працы повараў, новым высокатэхналагічным абсталяваннем, у прыватнасці, параканвектаматам, а таксама з умовамі захоўвання прадуктаў, у якіх не працяглы тэрмін прыдатнасці. Паглядзелі, як зберагаюцца садавіна, гародніна, кансерваваная прадукцыя ў гароднясховішчы.
У музычнай зале ясляў-сада №1 адбылася ўрачыстая частка мерапрыемства. Са словамі віншавання з прафесійным святам звярнулася да прысутных галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі аблвыканкама Алена Белаш. Алена Аляксандраўна ўзгадала некаторыя факты з гісторыі: з XI стагоддзя кулінарыя пачала лічыцца мастацтвам, а Дзень повара афіцыйна стаў адзначацца ў рэспубліках былога Савецкага Саюза з 2004 года. Яна падкрэсліла, што повар для сістэмы адукацыі ў ліку асноўных работнікаў, бо ў яго руках здароўе дзяцей. Госця пажадала прысутным і надалей радаваць хлопчыкаў і дзяўчынак смачнымі стравамі, удасканальвацца прафесійна, каб кухня заўсёды была на самым высокім узроўні.
5Павіншавала повараў з прафесійным святам і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Бурко. Галіна Сцяпанаўна адзначыла, што сэрца школ і дашкольных устаноў б’ецца на харчаблоку. Яна выказала словы ўдзячнасці за штодзённую нялёгкую працу ўсім поварам сістэмы адукацыі раёна, бо прыгатаваць стравы на вялікі калектыў, каб яны адпавядалі нормам, радавалі дзяцей, задавальнялі патрэбы бацькоў – вельмі складана, але работнікі харчаблокаў з гэтымі задачамі выдатна спраўляюцца. Галіна Бурко падкрэсліла, што такія семінары патрэбныя, яны даюць магчымасць абмяняцца вопытам, павучыцца, пераняць штосьці для сябе і выкарыстоўваць гэта ў рабоце.
Цёплыя словы з нагоды прафесійнага свята сваім калегам гаварыла ў той дзень інжынер-тэхнолаг аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Дарошка. Іна Адамаўна адзначыла, што нягледзячы на ўсе складанасці прафесіі повара, у ёй застаюцца тыя, хто па-сапраўднаму любіць сваю працу і прысвяціў ёй 20-25 гадоў і больш. Гэтыя людзі – прафесіяналы, якія аднойчы выбралі сваю жыццёвую дарогу і застаюцца вернымі ёй.
У сваё прафесійнае свята ніхто з прысутных не застаўся без увагі. Галіна Бурко ўручыла граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама поварам Азяцкага дзіцячага сада і Падлескага ясляў-сада Ганне Краўцовай і Святлане Марашчук, а таксама кухоннаму рабочаму Вежкаўскага ясляў-сада Святлане Дзяркач.
Узнагароды прадоўжыла ўручаць старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Урбан. З яе рук граматы атрымалі повары Вежкаўскага ясляў-2сада і ясляў-сада №5 г. Жабінка Ганна Галавейка і Валянціна Дзмітрук.
За добрасумленную працу, вялікі асабісты ўклад у арганізацыю дзіцячага харчавання шэраг повараў і кухонных рабочых дашкольных устаноў Жабінкаўшчыны былі ўзнагарод-жаны Пісьмамі падзякі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, а таксама сваіх устаноў.
Урачыстыя моманты межаваліся з музычнымі нумарамі, якія дарылі прысутным выхаванцы ясляў-сада №1, а таксама своеасаблівымі відэасюрпрызамі, якія запрашала паглядзець вядучая мерапрыемства намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці гэтай установы Вольга Быкава. Так прысутныя ўбачылі відэаролікі аб гісторыі з’яўлення некаторых страў і пачулі меркаванні саміх дашкалят аб тым, хто такі повар і чым ён займаецца.
Далей удзельнікі семінара перамясціліся ў першую гарадскую школу. Як раз у гэты час харчаваліся навучэнцы. Як паведаміла загадчык вытворчасці Таццяна Дзмітрук, кожны дзень у школе атрымліваюць гарачыя сняданкі – 443 вучні 1-4 класаў, каля 350 – 5-11-ых; 150 вучняў групы падоўжанага дня харчуюцца двойчы на дзень – снедаюць і абедаюць.
Повары дашкольных устаноў раёна ўбачылі розніцу ў арганізацыі харчавання ў школах і дзіцячых садах, пагутарылі з калегамі, задалі пытанні, якія іх зацікавілі.
Затым семінар прадоўжыў сваю работу ў Ленінскім яслях-садзе. Тут яго ўдзельнікам прадэманстравалі ўвесь тэхналагічны працэс ад прыёму прадуктаў харчавання да выдачы гатовых 4страў, прымяненне на практыцы праграмы вытворчага кантролю, захаванне санітарных норм і правіл. Госці азнаёміліся таксама з вядзеннем нарматыўнай і тэхналагічнай дакументацыі, электроннай праграмай напісання меню “Меню-раскладка”. Завіталі ў адну з груп, дзе як раз абедалі выхаванцы.
Да слова, за апошнія гады амаль ва ўсіх установах адукацыі Жабінкаўшчыны праведзены бягучыя ці капітальныя рамонты харчаблокаў, заменена тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне, закуплена абедзеная мэбля, набыты кухонны інвентар і сталовы посуд, створаны належныя ўмовы для працы, каб нашы дзеці своечасова атрымлівалі збалансаванае і рацыянальнае харчаванне.
Завяршаючай кропкай семінара стала наведванне санаторыя “Надзея”. Інжынер-тэхнолаг здраўніцы Галіна Андраюк правяла экскурсію па адным з двух харчаблокаў “Надзеі” і расказала пра асаблівасці лячэбнага і дыетычнага харчавання, выкарыстанне ў вытворчасці праграмы ХАССП. Удзельнікаў семінара ўразілі ўмовы працы работнікаў харчаблока санаторыя, сучаснае тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне, утульныя абе-дзеныя залы з новай мэбляй.
Яшчэ адзін дзень падарыў людзям, улюбёным у сваю справу, магчымасць правесці яго з карысцю: сустрэцца з калегамі, абмяняцца вопытам, пашырыць свае веды і разам адзначыць прафесійнае свята.
Алёна НІКАНЧУК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro