Новые технологии в животноводстве

Новые технологии в животноводстве

Вядома, што жывёлагадоўля займае вядучае месца ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці. Пра набыткі адышоўшага ў мінулае года і пра ход зімовага перыяду на Жабінкаўшчыне, яго праблемах гутарка нашага карэспандэнта з намеснікам начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Рыгорам Антонавічам Казлякоўскім.
— Рыгор Антонавіч, чым парадаваў мінулы год жывёлаводаў Жабінкаўшчыны?
— Скажу адразу, што гэта быў звычайны год. Як заўсёды работнікі малочнага і мяснога цэхаў раёна стараліся працаваць рупліва, узводзіліся і рэканструяваліся жывёлагадоўчыя памяшканні, распаўсюджваліся найноўшыя тэхналогіі ў вырошчванні маладняку і атрыманні малака. Вядома, і прыйшоў пэўны поспех. Валавая вытворчасць мяса летась у параўнанні з папярэднім годам павялічылася на 2,2 працэнта, а малака — на 3,7. На ўзроўні 2009 года было атрымана мяса — 4630 тон. Напрыклад, на 14 працэнтаў павялічылі вытворчасць мяса ў СВК “Рагазнянскі” і атрымалі яго 587__ тон. А вось ад кожнай рагулі на Жабінкаўшчыне надаілі малака 5200 кілаграмаў, што на 16 кілаграмаў менш папярэдняга году. Шасцітысячны рубеж у разліку на карову пераўзышлі толькі жывёлаводы СВК “Хмелева” і ААТ “Жабінкаўскі”.
Радуюць таксама поспехі даярак СВК “Рагазнянскі” і “Падлессе-АГРА”, ААТ “Ракітніца”, а ў СВК “Надзея-АГРА” і “Маціевічы” нават не дасягнулі пяцітысячных удояў.
Адмоўна на набыткі паўплывалі летась кліматычныя ўмовы, ад якіх залежаць і ўдоі, і вагавыя прыбаўленні маладняку на дарошчванні і адкорме. Напрыклад, толькі 33 працэнты малочнага статка ўтрымліваюцца з захаваннем навейшых тэхналогій: у СВК “Хмелева” ўсе дойныя каровы круглы год знаходзяцца ў стойлах з аднатыпным кармленнем, а значыць умовы надвор’я на іх прадукцыйнасць не ўплываюць. Часткова статак утрымліваецца згодна з сучаснымі патрабаваннямі ў СВК “Рагазнянскі”, “Вазнясенскі” і “Якаўчыцы”, ААТ “Ракітніца”.
Не ўдалося дасягнуць чакаемых поспехаў у мясным цэху таксама ў некаторай ступені з-за таго, што каля 40 жывёлагадоўчых памяшканняў вельмі старыя і не адпавядаюць сучасным умовам догляду маладняку, асабліва да 6-месячнага ўзросту. Яшчэ вельмі многа ручной працы, а значыць ёсць упушчэнні і ў кармленні.
— Рыгор Антонавіч, відаць, мэтазгодна пагутарыць пра тое, як у раёне будзе вырашацца праблема сучаснасці ферм, каб укараняць найноўшыя тэхналогіі ў атрыманні жывёлагадоўчай прадукцыі.
— Сёлета працягваецца будаўніцтва новых і рэканструкцыя старых памяшканняў. Ужо будуюцца малочнатаварныя фермы ў СВК “Шпіталі” і ААТ “Жабінкаўскі”, рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва МТФ з утрыманнем 600 галоў і больш у СВК “Якаўчыцы”, “Рагазнянскі”, “Арэпічы”, “Маціевічы” і ААТ “Ракітніца”. Сёлета плануецца пачаць іх будаўніцтва. Практычна вядзецца рэканструкцыя ферм у Крыўлянах і Падлессі, плануецца ў Азятах адпаведных сельскагаспадарчых калектываў, прадоўжыцца яна ў Агародніках з будаўніцтвам тут кароўніка і двух цялятнікаў. Так што сучасныя тэхналогіі атрымання малочнай і мясной прадукцыі пашырацца, што, канечне, станоўча паўплывае на колькасныя і якасныя паказчыкі ў развіцці жывёлагадоўлі.
Летась, да прыкладу, сярэднесутачныя прыбаўленні ў вазе на адкорме і дарошчванні з пачатку года павялічыліся на 119 грамаў і склалі 678, а ў “Хмелеве” — 780 грамаў, “Рагазнянскім” — 734 і ў “Жабінкаўскім” — 729. Значыць у нас ёсць яшчэ рэзервы, якія трэба выкарыстоўваць, тым больш, што да 2015 года вытворчасць мяса трэба будзе павялічыць у 2,5 раза, а значыць вагавыя прыбаўленні павінны пастаянна ўзрастаць. Менавіта, завяршэнне рэканструкцыі комплекса “Рачкі”, у выніку чаго тут будзе даглядацца 2500 галоў маладняку, дазволіць раёну выканаць прагнозныя паказчыкі. Ёсць ужо адпаведнае рашэнне райвыканкама аб камплектацыі яго пры дапамозе ўсіх гаспадарак Жабінкаўшчыны.
— Зімоўка на фермах у разгары. Яе плюсы і мінусы ў гэтыя студзеньскія дні.
— Спыніцца найперш трэба на справах у малочным цэху Жабінкаўшчыны, якія бачны штодня. Валавая вытворчасць малака цяпер складае 106,7 працэнта да адпаведнага леташняга перыяду. У сярэднім штодня ад кожнай каровы доіцца каля 13 кілаграмаў, што на 200 грамаў больш чым у такія ж дні 2010 года. Знізілі валавую вытворчасць малака сёлета ПУАП “Азяты”, СВК “Маціевічы”, “Хмелева” і “Надзея-АГРА”.
У былыя гады галоўным было карову накарміць. Цяпер на першы план выходзіць навукова абгрунтаванае складанне рацыёнаў з улікам іх збалансаванасці па ўтрыманні пажыўных рэчываў. Каб мець удой 5000-6000 кг малака і сярэднесутачныя прыбаўленні маладняку 700 грамаў, нарыхтаваных 21,8 цэнтнера кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву, а гэта на 3,3 цэнтнера менш мінулагодняй зімоўкі, недастаткова. Маем у раёне толькі 66 працэнтаў канцэнтраваных кармоў да патрэбы. Паўплывалі на недабор кліматычныя ўмовы і ніжэйшыя зборы збожжа. Таму як ніколі трэба рацыянальна, умела і з карысцю іх выкарыстоўваць. Што для гэтага робіцца?
Ва ўпраўленні райсельгасхарчу райвыканкама ёсць камп’ютарныя праграмы для складання рацыёнаў кармлення. На камбікормавым заводзе працуе спецыяліст, які дапамагае заатэхнікам навукова падыходзіць да кармлення скаціны. Большасць гаспадарак карыстаюцца праграмамі райсельгасхарчу. Згодна з графікам сена, сянаж і сілас правяраюцца па 21 паказчыку ў Пружанскай хімлабараторыі. 90 проб завезена. Такое даследаванне дазваляе кампенсаваць недахоп пажыўных рэчываў іншымі кармамі, мінераламі, дабаўкамі. Для сбалансаванага кармлення сёлета, згодна з рашэннем аблвыканкама атрымалі бялкова-вітамінныя дабаўкі з 50-працэнтным патаненнем у разліку 1 кг на карову ў дзень. Канцэнтраты — гэта ў асноўным камбікорм мясцовага завода. Праўда, у СВК “Хмелева” самастойна рыхтуюць канцэнтраты, па тэхналогіях распрацаваных на заводзе. І ўжо не першы год.
Хоць у раёне назапашана менш кармоў, ёсць падставы гаварыць, што зімоўка пройдзе ўдала. У такіх гаспадарках, як СВК “Хмелева”, ААТ “Ракітніца” ёсць 31 і 37,6 цэнтнера кармавых адзінак. У цяжкую хвіліну, калі яна надарыцца, выручаць суседзяў.
— Рыгор Антонавіч, на першым плане цяпер эфектыўнасць сельгасвытворчасці і якасць  малака і мяса. Як працуюць над гэтым у нашым раёне?
— Сапраўды, яшчэ шмат грашовых сродкаў губляюць гаспадаркі з-за нізкай якасці, найперш, малочнай прадукцыі, якая адвозіцца на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Летась, напрыклад, адпраўлена на перапрацоўку ў заліковай вазе 37999 тон. Тлустасць яго некалькі ніжэйшая, чым у папярэднім годзе — 3,59%. Гатункам “экстра” прададзена ўсяго 3,6%. Пастаўлялася такое малако з сельгаскааператываў “Рагазнянскі” і “Хмелева”, дзе ёсць сучасныя даільныя залы, хоць ёсць яны і ў ПУАП “Азяты”, СВК “Вазнясенскі” і “Якаўчыцы”, ААТ “Ракітніца”. Сёлета аблсельгасхарчам вобласці пастаўлена задача — рэалізаваць у раёне 25% малака “экстра”. Вышэйшым гатункам прададзена 54,8% малака, што менш чым у 2009 годзе. Калі ўлічыць, што ў снежні былі перагледжаны патрабаванні да рэалізуемай прадукцыі і закупачныя цэны, у жывёлаводаў раёна работы шмат. Дый губляць грошы на якасці прадукцыі, калі ўкараняюцца сучасныя тэхналогіі, грэшна. Напрыклад, 1 тона малага гатунку “экстра” каштуе 1 млн 210 тыс.рублёў, вышэйшага — 1 млн 45 тысяч рублёў. Колькі губляецца, падлічыць няцяжка.
Літаральна некалькі слоў пра якасць мяса, якога летась прададзена 4215 тон. 92% яго рэалізавана вышэйшай укормленасцю. У 2010 годзе павысілі здатачную вагу жывёлы ў СВК “Хмелева” і “Якаўчыцы”.
Сельгасвытворчасць тады эфектыўная, калі зніжаецца сабекошт атрыманай жывёлагадоўчай прадукцыі. Найперш кармы павінны быць танныя, шырока выкарыстоўвацца кормасумесі, прыгатаваныя кормазмяшальнікамі і інш. Тады і жывёлагадоўля стане прыбытковай, эфектыўнай.
— Дзякуй за гутарку.
Гутарыла Л.КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top