А машыны чым правінаваціліся?

А машыны чым правінаваціліся?

фемидаУсудаУ васемнаццацігадовага Максіма К. было весела на душы. Ён ішоў у мікрараён Жабінкі да сябра, а ўнутры плёскаліся, пераліваліся… два літры піва! Хоць, можа, не зусім свежай была галава, але настрой такі, што хацелася смяяцца, цвіліць, а ўсё, што трапляецца на дарозе, біць ды трушчыць.
І неўзабаве хлопец убачыў аўтамабіль маркі “Фиат-Стило”, які стаяў прыпаркаваны ля дома № 30 па вуліцы Міру. Ці мог ён абмінуць такую ўдачу? Канечне, не. “Ага, ці вытрымаеш ты мой удар?” – з усмешкай падумаў юнак і тройчы садануў нагою па кузаве аўтамабіля. Удары былі моцныя, і Максім пакінуў мясціну, якую ператварыў у самаробны “рынг”, прызнаўшы сябе пераможцам.
Другую ахвяру для сябе ён выбраў на вуліцы Францыска Скарыны. Ёю аказалася таксама іншамарка – аўтамабіль “Фольксваген Пассат”. Варта было хулігану тройчы стукнуць па кузаве машыны, каб пасля камісія прызнала, што пярэдняе левае крыло рамонту не належыць – яго патрэбна замяніць.
Але ж тут зламысніка чакала неспадзяванка: у “Фольксвагене” спрацавала гукавая сігналізацыя. Выйшлі людзі, якія і выклікалі міліцыю. Вартавыя парадку з’явіліся вельмі хутка, і пачаўся допыт.
Вадзіцель “Фольксвагена” сышла ўніз толькі тады, як яе паклікалі работнікі міліцыі. Яна чула гукавую сігналізацыю, ды не надала гэтаму належнай увагі: падумала, што сігналіць чужы аўтамабіль, тым болей што хутка гукі замоўклі. Гаспадар “Фиата” дазнаўся пра паломку аўтамабіля толькі на наступныя суткі, калі з жонкай сабраўся ехаць на дачу.
Кажуць, п’янаму мора па калена, але машыны чым правінаваціліся?..
…Улічваючы абставіны справы і асобу вінаватага: ён нідзе не працуе, адмоўна характарызуецца па месцы жыхарства, здзейсніў злачынства, не адбыўшы поўнасцю пакарання па частцы 1 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, суд прыйшоў да высновы, што выпраўленне магчыма толькі пры знаходжанні яго ва ўмовах ажыццяўлення за ім нагляду з назначэннем пакарання ў выглядзе абмежавання волі ў выпраўленчай установе адкрытага тыпу.
Суд таксама палічыў неабходным задаволіць грамадзянскія іскі ў поўным аб’ёме (артыкул 993 ГК) на карысць пацярпелых для пакрыцця стратаў: гаспадарам “Фиат-Стило” – 2,2 мільёна, а “Фольксвагена Пассата” – 2,7 мільёна рублёў. Вердыкт выносіўся яшчэ пры дзеянні старых цэн.
Суд раёна прызнаў Максіма К. вінаватым у наўмысных дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, што прывяло да пашкоджання чужой маёмасці (хуліганства). Гэтае злачынства падпадае пад частку 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У даным выпадку да вінаватага была прыменена частка 5 артыкула 72 КК: па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складвання назначанага пакарання і не адбытага тэрміну папярэдняга канчаткова прысудзілі Максіму К. тры гады і шэсць месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчыя ўстановы адкрытага тыпу.
Людміла РУБАШЭЎСКАЯ, суддзя суда Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top