Чалавек, якога ведаюць усе

Чалавек, якога ведаюць усе

imageАд супрацьпраўных дзеянняў ніхто не застрахаваны. І кожны раз той, хто апынуўся ў падобных сітуацыях, звяртаецца ў міліцыю, а дакладней – да ўчастковага. Дык хто такі ўчастковы інспектар? Калі ўзнікла гэтае структурнае падраздзяленне ў шэрагах міліцыі?
Аб гэтым гутарка начальніка аддзялення аховы, прафілактыкі і правапарадку Жабінкаўскага РАУС Ігара Пастушына.
– Служба ўчастковых інспектараў міліцыі, створаная ў 1923 годзе, мае багатую гісторыю. За час сваёй дзейнасці яна неаднойчы даказала, што з’яўляецца не толькі самай блізкай і даступнай людзям, але і найбольш складанай у міліцэйскай прафесіі. Менавіта служба ўчастковага – пачатковая кропка ў прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў. Наведванне асобаў, якія пабывалі ў месцах пазбаўлення волі, але яшчэ не пагасілі судзімасць, сямейных скандалістаў, тых, хто злоўжывае спіртным, няўдалых сем’яў – гэта і ёсць прамыя абавязкі ўчастковага інспектара. Дарэчы, яго праца не абмяжоўваецца васьмігадзінным рабочым днём. Ён пастаянна павінен быць у курсе ўсіх спраў і падзей, што адбываюцца на давераным яму ўчастку. Таму ніхто не ведае столькі пра мясцовых жыхароў і апошніх здарэннях, як участковы інспектар. Для некаторых людзей на адміністрацыйным участку ён адзіная абарона ад розных праблем.
У сваёй дзейнасці ўчастковыя інспектары выкарыстоўваюць розныя метады прафілактыкі, прадугледжаныя законам: ад гутарак да накіравання ў ЛПП ці абмежавання ў дзеяздольнасці. Сёлета ўчастковымі інспектарамі Жабінкаўскага РАУС ужо накіравана ў ЛПП 24 чалавекі, абмежавана ў дзеяздольнасці 3 асобы, раскрыта 12 злачынстваў.
Тэрыторыя Жабінкаў-шчыны раздзелена на 10 адміністрацыйных участкаў. Межы іх залежаць ад колькасці людзей, што жывуць на тэрыторыі. У сельскай мясцовасці, напрыклад, на абслугоўванні ўчастковага інспектара знаходзіцца 1,5 тысячы жыхароў, а ў гарадской зоне – 2,5 тысячы. Сярод іх ёсць вопытныя інспектары і зусім маладыя. Па некалькі дзясяткаў гадоў сочаць за парадкам, праводзяць прафілактычную работу ў Жабінкаўскім сельскім Савеце Аляксандр Каржук, у Хмелеўскім – Сяргей Галоўчык, у Азяцкім і Ракітніцкім – Уладзімір Сава. Побач з імі, пераймаючы вопыт і метады работы, умела працуюць маладыя – Дзмітрый Салей і Ігар Шпудзейка, Андрэй Зазанюк. У Жабінцы чатыры ўчасткі, у сельскай мясцовасці – 6. Участковы інспектар міліцыі і ўчастковы інспектар спраў непаўнагадовых з’яўляюцца афіцыйнымі прадстаўнікамі органаў унутраных спраў і органа мясцовага самакіравання на давераным яму адміністрацыйным участку.
Да службы ўчастковых інспектараў заўсёды прад’яўляліся павышаныя патрабаванні, на іх ускладваюцца павышаныя надзеі. А людзі павінны бачыць ва ўчастковым інспектары прадстаўніка дзяржаўнай улады, гатовага, і самае галоўнае, здольнага ў любы час сутак аказаць кваліфікаваную дапамогу ў вырашэнні сітуацыі. На адміністрацыйным участку вырашаецца шырокі спектр пытанняў, накіраваных на падтрыманне грамадскага парадку, павышэнне маральных адносін, абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Пацвярджэннем таго, што ўчастковы інспектар добра спраўляецца са сваімі абавязкамі, з’яўляюцца станоўчыя водгукі тых, хто з імі непасрэдна працуе, а таксама падзякі простых людзей, што жывуць на ўчастку. Самы вялікі ўчастак выпаў на долю Уладзіміра Савы. Ён неаднойчы чуў добрыя словы за сваю працу ад вяскоўцаў. Многія нашы супрацоўнікі ўзнагароджваліся граматамі УУС аблвыканкама, асабіста ад яго начальніка. Ёсць і вышэйшыя ўзнагароды. Так, Сяргей Галоўчык у 2012 годзе быў узнагароджаны медалём “За адзнаку”. Тыя, хто прыходзіць да нас на службу ўпершыню, захапляюцца яго прыкладам і стараюцца быць падобным на гэтага ўчастковага інспектара.
Тройчы жабінкаўскія інспектары па асноўных паказчыках былі лепшыя ў вобласці, у 2012 і 2013 гадах бездакорная іх служба адзначалася падарункамі: мы атрымалі два новыя аўтамабілі.
Запісала Людміла КОСЦІНА.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro