“Мясная лаўка” камбікормавага адчынілася!

“Мясная лаўка” камбікормавага адчынілася!

SONY DSCIMG_9887IMG_9859IMG_9898

У мінулую пятніцу ля магазіна “Сузор’е” ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Паклікала сюды жыхароў горада афіша, якая запрашала на адкрыццё новага магазіна “Мясная лаўка”. Перш чым адчыніць дзверы перад першымі пакупнікамі, па традыцыі гучалі словы падзякі адміністрацыі і будаўнікам за новую краму і спадзяванні на лепшае, а таксама было пераразанне чырвонай стужкі.
– Паважаныя пакупнікі! – першым узяў слова дырэктар ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” Васіль Канстанцінавіч Волк. – Для нас адкрыццё “Мясной лаўкі” – важная падзея. Не сакрэт, што прадпрыемства перажывае не самыя лепшыя эканамічныя часы. Таму гэты аб’ект – выдатная магчымасць набыцця жыхарамі горада і раёна мясной прадукцыі, атрыманай на нашым сычоўскім свінакомплексе.
Васіль Канстанцінавіч таксама выказаў падзяку будаўнікам, якія аператыўна справіліся з узвядзеннем гандлёвага аб’екта.
Затым слова ўзяў старшыня райвыканкама Дзмітрый Мікалаевіч Гарадзецкі. Ён цёпла павіншаваў усіх пакупнікоў з адкрыццём магазіна, выказаў спадзяванне, што такі доўгачаканы і патрэбны аб’ект прынясе карысць людзям і фінансавае аздараўленне заводу. А яшчэ Дзмітрый Мікалаевіч падзяліўся планамі развіцця гандлёвай сеткі ў раёне: на будучы год насупраць райбальніцы пачнецца ўзвядзенне вялікага магазіна “Санта-Рытэйл”. А гэта значыць, у жабінкаўцаў будзе шырэйшы выбар тавараў і адкрыюцца дадатковыя 40 працоўных месцаў. Што тычыцца “Мясной лаўкі”, кіраўнік раёна пажадаў жыхарам горада добрых пакупак у ёй.
Пад час адкрыцця магазіна далі слова яшчэ аднаму госцю – дабрачыннаму цэркваў Жабінкаўскага раёна, айцу Сергію Петрусевічу. Ён таксама выказаў сваё задавальненне наконт адкрыцця магазіна: “Калі нешта будуецца – гэта радасна і карысна”. Айцец Сергій таксама пажадаў работнікам прылаўка новага магазіна надалей захоўваць прыўзняты настрой, і каб “Мясная лаўка” ўнесла свой уклад у святкаванне 60-гадовага юбілею завода, якое адзначыцца ў будучым годзе.
Пасля шчырых і ўзнёслых слоў Віктару Якубуку ўручыў сімвалічны ключ ад новага магазіна вядучы інжынер завода Аляксандр Дзюба. Пад дружныя апладысменты кіраўнік раёна Дзмітрый Гарадзецкі ра-зам з дырэктарам завода Васілём Волкам перарэзалі чырвоную стужку. Пакупнікі праз некалькі хвілін запоўнілі ўсю гандлёвую залу “Мясной лаўкі”. Многіх, зразумела, цікавіў кошт на свініну. Цэннікі сведчылі, што некаторыя часткі тушкі (тая ж паляндвіца і рубанка, напрыклад) на парадак танней, чым у “Еўраопце”. Свініна – не замарожаная, а свежая, што немалаважна для многіх гаспадынь.
Пакуль пакупнікі знаёміліся з прапанаваным таварам у “Мясной лаўцы”, карэспандэнт “Сельскай праўды” задала некалькі пытанняў дырэктару камбікормавага завода.
– Васіль Канстанцінавіч, калі будаваўся ваш свінакомплекс, многія цікавіліся, дзе можна будзе купіць жабінкаўскую свініну.
Сёння такая магчымасць у гараджан з’явілася. Раскажыце, калі ласка, пра перавагі “Мясной лаўкі” перад іншымі аб’ектамі, што прапануюць мяса?
– Першая і самая галоўная перавага – мяса свежае, не замарожанае. Па-другое, кошт яго крыху ніжэйшы. Па-трэцяе, смакавыя ўласцівасці, па водгуках нашых перапрацоўшчыкаў, а гэта ААТ “Брэсцкі мясакамбінат” і УП “Брэсцкія традыцыі”, больш выйгрышныя, чым у іншых вытворцаў свініны. Спадзяюся, што жыхары горада і раёна стануць прыхільнікамі нашай прадукцыі. А чаму б і не? Свініна, так бы мовіць, маладзенькая – жывёліна дасягае 110-120 кілаграмаў вагі да 7-8 месяцаў і адпраўляецца ў забойны цэх, таму сала мяккае і мяса сакавітае. Дарэчы, тушку перад забоем абсмальваюць, а не апрацоўваюць кіпенем, як у іншых забойных цэхах, таму шкурка сала смачная, не “гумавая”, як некаторыя гавораць.
У наш магазін гандлёвай плошчай 150 квадратных метраў штодня будуць адпраўляцца 5-7 тушак. Акрамя свініны ў продажы ёсць неблагі выбар замарожанай рыбы і прадукцыя птушкафабрыкі. У бліжэйшы час пачнем завозіць мяса індыкоў.
– Васіль Канстанцінавіч, у магазіне ёсць розныя часткі тушкі свініны. А ці будуць паўфабрыкаты?
– Каб прывозіць у магазін тыя ж фарш, каўбаскі, шашлыкі, трэба мець спецыяльнае памяшканне – каўбасны цэх. Гэтае пытанне ў распрацоўцы.
– Перш чым нешта будаваць, заўжды пралічваецца тэрмін акупляльнасці.
– Мяркуецца, што затраты на будаўніцтва магазіна акупяцца праз год. Дарэчы, ён 55 па ліку. Плануем у перспектыве таксама адкрыць мясны павільён на Кобрынскім рынку.
Трэба заўжды думаць, дзе і як зарабіць грошай. Выгадна ўсім: людзі атрымаюць свежае мяса і больш таннае, а мы – рэальныя грошы ад продажу яго. Таксама вывучаем пытанне пастаўкі свежай свініны ў кафэ цукровага завода, а таксама ў школьныя сталоўкі. Праўда, паралельна давядзецца вырашыць некалькі праблемных пытанняў: набыць тэрмакамеры і пашырыць вытворчыя магутнасці забойнага цэха.
– Што ж, поспеху вам і паболей пакупнікоў у “Мясной лаўцы”!
Запісала Святлана БЯЛЯК.
На здымках: пад час адкрыцця магазіна “Мясная лаўка”.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top