Укрепляя закон и правопорядок

Укрепляя закон и правопорядок

Мінулы год у параўнанні з годам 2009-м адзначыўся ў нашым раёне павелічэннем колькасці зарэгістраваных злачынстваў па ўсіх лініях службаў са 186 да 203. На гэтым агульным фоне ёсць шэраг станоўчых вынікаў. Раскрывальнасць злачынстваў склала 86,9%, што з’яўляецца адным з лепшых паказчыкаў на Брэстчыне: сярэднеабласны — 72,3%. Адным з самых нізкіх у вобласці з’яўляецца каэфіцыент злачыннасці — 81 пры сярэднеабласным 108. На працягу трох апошніх гадоў назіраецца зніжэнне асабліва цяжкіх і цяжкіх злачынстваў, колькасць асобаў, якія пераступілі закон у стане алкагольнага ап’янення, групавой злачыннасці.
Летась, аднак, у параўнанні з папярэднім годам са 100 да 120 узрасла колькасць менш цяжкіх злачынстваў, на адно больш стала тых, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі. Назіраецца рост правапарушэнняў сярод непаўналетніх, рэцыдыўнай злачыннасці.
Па лініі крымінальнага вышуку знізілася колькасць злачынстваў, учыненых раней асуджанымі, — з 39 да 34. За ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе папраўчых работ і абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову ўзбуджана 11 крымінальных спраў. Як правіла, раней асуджаныя не працуюць, злоўжываюць спіртнымі напоямі.
У Жабінкаўскім РАУС на ўліку ў сувязі з устанаўленнем прэвентыўнага (папераджальнага) нагляду адзін чалавек, тых, хто фармальна падпадае пад такі нагляд, — 18 (не працуюць трое). На падставе Закона “Аб асновах дзейнасці ў прафілактыцы правапарушэнняў” стаіць на ўліку 97 чалавек (не працуе 9). Асноўная работа райаддзела ўнутраных спраў зводзіцца да прафілактычных гутарак з пастаўленымі на ўлік. Няма належнай работы ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама дзеля працаўладкавання асобаў гэтай катэгорыі, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва — у рэсацыялізацыі іх (прасцей кажучы, у дапамозе наладзіць жыццё), цэнтральнай раённай бальніцы — у лячэнні іх ад алкагалізму. Да гэтага часу ў раёне не ўкаранёна ў практыку сістэма заахвочвання службовых асобаў дзяржорганаў і грамадзян, якія актыўна займаюцца ўцягненнем тых, хто адбыў або адбывае пакаранне, у грамадскае жыццё калектываў, павышэннем іх адукацыйнага і прафесійнага ўзроўню, а таксама праводзяць іншую работу, накіраваную на сацыяльную рэабілітацыю.
У горадзе Жабінка летась было 101 злачынства супраць 73 мінулагодніх. У сельскай мясцовасці, наадварот, узровень знізіўся да 102 са 113. Спад злачыннасці назіраецца на працягу трох гадоў у Хмелеўскім, Якаўчыцкім, Ракітніцкім сельсаветах. Адбылося зніжэнне яе ў параўнанні з 2009 годам у Крыўлянскім і Сцяпанкаўскім сельсаветах, павелічэнне — у Жабінкаўскім, Ленінскім і Азяцкім. Варта ўвогуле адзначыць, што колькасць злачынстваў у горадзе засталася амаль на ўзроўні 2007-2008 гадоў, а ў вёсках няўхільна падае, і ў 2010-м узровень быў тут самым нізкім за апошнія шэсць гадоў. Гэта азначае, што многія сельвыканкамы як след працуюць у прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў.
Летась у нашым раёне адбыліся два наўмысныя забойствы, на адно больш, чым у 2009г. Аднак утрая знізілася колькасць цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Не дапушчана росту крымінальна каральных хуліганстваў і разбояў. А вось крадзяжоў аж на 17 стала больш.
З шасці да сямі пабольшала злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркотыкаў. На жаль, збыту наркатычных рэчываў не выяўлялася, што дае падставу казаць пра фармалізм у рабоце крымінальнага вышуку РАУС.
Больш, чым у 2009г., летась было выяўлена фактаў паўторнага кіравання транспартнымі сродкамі асобамі ў стане алкагольнага ап’янення — 32 супраць 17-ці. З гэтых лічбаў відно, што аддзяленне ДАІ Жабінкаўскага РАУС актывізавала работу ў папярэджванні дарожна-транспартных здарэнняў з гібеллю людзей. І ўсё ж знізіць колькасць ахвяраў на дарогах летась не ўдалося. Іх было восем, на тры больш, чым годам раней. Стала больш і параненых у ДТЗ — на сем чалавек. У шасці здарэннях (у 2009-м толькі ў трох) вінаватыя кіроўцы, што былі ў нецвярозым стане.
Як паказаў нагляд,ажыццёўлены пракуратурай раёна ў 4-м квартале мінулага года за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў, кіраўнікі суб’ектаў гаспадарання па-ранейшаму не прымаюць належных захадаў для выканання Дырэктывы №3 “Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі краіны”. З патрабавання пракурора ў гэтым перыядзе да матэрыяльнай адказнасці прыцягнута 11 службовых асобаў, сума спагнання склала 2,3 мільёна рублёў. Так, унесена прадпісанне галоўнаму ўрачу Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы для таго, каб спагналіся сродкі, патрачаныя на лячэнне пацярпелых ад супрацьпраўных дзеянняў. Даводзіцца сказаць, што на працягу многіх гадоў толькі пракуратура падае іскавыя заявы ў суд аб такіх спагнаннях.
У ходзе каардынацыі дзейнасці дзяржаўных органаў у барацьбе з карупцыяй пракуратура раёна пастаянна робіць дэталёвы аналіз эфектыўнасці прафілактыкі гэтага зла, аператыўнасці і выніковасці ў спыненні карупцыйных злачынстваў і правапарушэнняў. На яго аснове прымаюцца меры пракурорскага рэагавання, накіраваныя на ўхіленне парушэнняў і прычын, што іх спараджаюць. Парушэнні антыкарупцыйнага заканадаўства выяўляліся ў Жабінкаўскай ЦРБ, Жабінкаўскай архітэктуры, “Палессегіправодгасе”. Пракурорам раёна ўнесена адно прадстаўленне, адна службовая асоба афіцыйна папярэджана, трое прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. У той жа час знаёмства з матэрыяламі праверак кантралюючых органаў паказала, што яны не выявілі ніводнага карупцыйнага правапарушэння. А такія існуюць.
З матэрыялаў адміністрацыйнай справы, разгледжанай судом нашага раёна, вынікае, што 21 верасня мінулага года старшым дзяржінспектарам абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету А.Шчытовым на сажалцы філіяла РУП “Палессегіправодгас” Рыбгас “Сакалова” быў затрыманы рабочы гэтага філіяла В.Бакун: ён украў дзесяць з паловаю кілаграмаў рыбы. Быў складзены адміністрацыйны пратакол за дробны крадзёж. Але дырэктар філіяла паказаў суду ведамасць выдачы рыбы ў лік заработнай платы за верасень 2010г., у якой указана, што Бакун В., як рабочы прадпрыемства, атрымаў акурат 21 верасня і акурат 10,5 кілаграма рыбы. У судзе дырэктар прызнаўся, што дакументы на выдачу рыбы яны з галоўным эканамістам афармлялі пасля таго, як Бакун… “сваё” ўкраў. Маўляў, у рабочага маленькі заробак і цяжкае матэрыяльнае становішча.
Такім чынам, дырэктарам рыбгаса “Сакалова” А.Мелехам і галоўным эканамістам С.Сярковай неправамоцна аддадзена перавага інтарэсам фізічнай асобы, а гэта з’яўляецца правапарушэннем, якое стварае ўмову для карупцыі. Пракурорам была вынесена пастанова аб прыцягненні названых асобаў да дысцыплінарнай адказнасці.
Ажыццяўляючы нагляд за выкананнем заканадаўства аб разглядзе зваротаў грамадзян, пракуратура раёна ў другім паўгоддзі 2010 года правяла праверкі ў інспекцыі Міністэрства падаткаў і збораў у Жабінкаўскім раёне, у ПМК-19, райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, аддзяленні ДАІ райаддзела ўнутраных спраў і ў раённым выканаўчым камітэце. Парушэнняў у дадзеных установах і арганізацыях не выяўлена.
У другім паўгоддзі мінулага года ў пракуратуру раёна паступіла 27 пісьмовых зваротаў грамадзян (у 2009-м было 25), а таксама тры звароты юрыдычных асобаў. Павелічэнне колькасці зваротаў у пракуратуру звязана з парушэннямі пры правядзенні работнікамі аддзела ўнутраных спраў праверак у адказ на заявы аб злачынствах, пры вядзенні дазнання і папярэдняга следства. Звязана таксама са слабай растлумачальнай работай дзяржаўных органаў і арганізацый паводле пытанняў, якія ўзнікаюць. Гэта пацвярджаецца тым, што 70% зваротаў грамадзян, адрасаваных пракурору, утрымлівалі пытанні, што належалі кампетэнцыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый.
А.ДЗЯГЕЛЬ, пракурор Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top