Радасць і новыя сілы

Радасць і новыя сілы

IMG_9831Прысядзібны ўчастак Раісы Сямёнаўны Юрчук, якая жыве ў Жабінцы, заўсёды радаваў гаспадыню і іншых важкім ураджаем. А некаторыя, хто праходзіў паўз яго, нават па-добраму зайздросцілі Юрчукам і часта гаварылі: “Як у вас родзіць зямля!”.
Яе пакойнага мужа Міхаіла Ануфрыевіча, педагога па адукацыі, з дзяцінства цягнула да зямлі. Бацькі, якія вырошчвалі гародніну і садавіну, прывучылі да фізічнай працы і маладзейшае пакаленне. Цяпер Раіса Сямёнаўна смела дае парады сваёй дачцэ Таццяне і зяцю Валерыю, аматарам агародніцтва. Дзеці дапамагаюць ёй на прысядзібным участку. Сумесныя поспехі ў гэтай галіне важкія. Валерый расказвае, што гародам у асноўным займаецца жонка, частка яго адведзена для кветак. На градках, як і ва ўсіх, растуць агуркі, памідоры, кабачкі, часнок, бульба. Многае вырошчвалі яшчэ і ў цяпліцы, якую купілі і ўсталявалі сёлета. Урадзілі ў гэтым годзе і клубніцы. Ёсць фруктовы сад, дзе захавалі старыя садовыя дрэвы, пасаджаныя Раісай Сямёнаўнай і Міхаілам Ануфрыевічам. Маладзейшае пакаленне высадзіла яблыні, чарэшні, слівы, грушы новых сартоў. Знайшлося месца і для буякоў. Паводле слоў Раісы Сямёнаўны, у садоўніцтва Таццяна і Валерый укладваюць не толькі IMG_9818душу, але і многа фізічных сіл, каб уся тэрыторыя прысядзібнага ўчастка была ў парадку. З дзецьмі і ўнукамі яны дзеляцца вопытам, даюць парады.
– У маладых цяпер ёсць шмат магчымасцяў, каб вучыцца, развівацца, – адзначае Раіса Сямёнаўна. – Было б толькі жаданне. Таццяна прызнаецца, што заўсёды з задавальненнем дапамагала бацькам працаваць на зямельным участку і стараецца далучаць сваіх дзяцей і ўнукаў рупліва працаваць на зямлі.
Таццяна Міхайлаўна падзялілася і сакрэтам захавання часнаку: лепшае месца для яго – гарышча. У спёку ён там ідэална высушваецца, прадуваецца скразнякамі, потым запасы можна захоўваць у кардоннай скрынцы на кухні ажно да наступнага лета.
Таццяна ўпэўнена, што да кветак ніводная жанчына не застаецца абыякавай. Яны ствараюць адчуванне свята, радуюць прыгажосцю IMG_9843пяшчотных лісточкаў і церпкім водарам.
Раіса Сямёнаўна і Таццяна перавагу аддаюць шматгадовым ружам і ліліям. Які палісаднік можа абысціся без руж? У Раісы Сямёнаўны ў ім расце амаль 50 кустоў. А яшчэ ёсць тут гартэнзіі, жымаласць, туі, піхты, ядловец, вяз, гейша, елкі (блакітная, белабока, белая), цюльпаны, півоніі, геаргіны, флоксы, шалфей, лістоўніца… Туі Таццяна вырасціла сама, насенне збірала на адпачынку ў Крыму. А магнолія сёлета цвіла двойчы.
Здаецца, што пералік культур, якія “жывуць” на прысядзібным участку Раісы Юрчук, бясконцы. У размове яна дадае, што вырошчваюць яшчэ вінаград “Ізабэла”, але гэтым сортам нікога не здзівіш, а вось белы “Міхаэль”, калі яго пасадзіць на сонечным месцы, салодкі і сакаўны. А яшчэ жанчына лічыць, што ў кожнага ў садзе павінны быць “Белы наліў” і “Антонаўка”.
Як бачым, праца на прысядзібным участку дае багаты плён. Прыгожыя кампазіцыі радуюць вока маленькіх прахожых і дарослых.
– Трэба абавязкова быць на прыродзе, працаваць для душы, – тлумачыць Раіса Сямёнаўна. – Глядзіш як усё змяняецца, вырастае за тыдзень і спакайнееш. Гэта цудоўна паляпшае самаадчуванне, а яшчэ хадзьба босымі нагамі. Тут ужо энергетыка зямлі перадаецца чалавеку. Таму ў нас на ўчастку шмат газоннай травы, па якой бегаюць мае праўнукі.
Адпачынак на прыродзе па душы ўсім у гэтай сям’і. Гаспадыня з гонарам расказала, што з усёй працай спраўляюцца сваімі сіламі. Такім чынам, час, праведзены на прыродзе, даецца ім таксама для душэўных размоў, аб’ядноўвае пакаленні.
Лідзія ІВАНІХІНА, наш няштатны карэспандэнт.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro