З задавальненнем гатуе для маленькіх гарэз

З задавальненнем гатуе для маленькіх гарэз

2

Другой радзімай лічыць Беларусь ураджэнка Валынскай вобласці (Украіна) Галіна Фёдараўна Ганчук. У Брэсце атрымала спецыяльнасць, на Жабінкаўшчыне стварыла сям’ю, тут жа займаецца любімай справай: гатуе смачныя сняданкі і абеды выхаванцам Сцяпанкаўскага дзіцячага сада.
Галіне заўсёды падабаўся Брэст, асабліва прыгожым быў ён вясной – у пару цвіцення каштанаў. “Абавязкова буду вучыцца тут”, – думала яна так, наведваючыся ў горад сваіх мар і спадзяванняў. Так і здарылася. Пасля заканчэння дзесяцігодкі ў 1988 годзе паступіла ў Брэсцкі трэст сталовых і рэстаранаў, дзе стала асвойваць спецыяльнасць повара. Дзяўчына любіла і ўмела гатаваць, расла ў шматдзетнай сям’і і ў матулі была першай памочніцай на кухні, таму з выбарам будучай прафесіі ваганняў не было.
Вучыцца падабалася. Тэарэтычныя заняткі межаваліся з практычнымі, якія праходзілі ў сталовай Брэсцкага электрамеханічнага завода. Дасюль Галіна Фёдараўна памятае сваю групу – дружную, вясёлую, дзе навучаліся 16 дзяўчат і 6 юнакоў. З выкладчыкаў цёплыя ўспаміны ў сэрцы пакінула класны кіраўнік Наталля Міхайлаўна, якая вяла заняткі па кулінарыі.
Праз год вучобы паводле размеркавання Галіна трапіла на працу ў кафэ “Дыетычнае” і была вельмі задаволеная, што засталася ў любімым горадзе. Але ў жыцці нічога выпадковага не бывае. Аднойчы сяброўка са Сцяпанак запрасіла яе да сябе ў госці. На вясковай дыскатэцы дзяўчына пазнаёмілася з Валерыем з Алізарава Става. Гэтая сустрэча мела працяг: маладыя людзі пакахалі адзін аднаго, а праз некаторы час хлопец зрабіў Галіне прапанову. Пасля вяселля яны вырашылі пусціць карані на Жабінкаўшчыне – на малой радзіме Валерыя. Некаторы час Галіна працавала поварам у яслях-садзе “Званочак” у райцэнтры, потым перайшла ў Сцяпанкаўскі дзіцячы сад. Дзевяностыя гады былі складанымі, многія прадпрыемствы зачыняліся, людзі страчвалі працу. У гэты перыяд пад скарачэнне трапляе і Галіна Ганчук. Яна пераходзіць у калгас “Усход” і дзесяць гадоў запраўляе машыны палівам. Сумуе па любімай поварскай рабоце і марыць хутчэй вярнуцца да яе. Адбылося гэта ў верасні 2012-га, пасля трох гадоў дэкрэтнага адпачынку і шасці гадоў працы памочнікам выхавальніка.
Цяпер кожную раніцу повар 4 разраду Галіна Ганчук спяшаецца на працу ў родную ўстанову, дзе зай-маецца любімай справай. Яна добра ведае што сёння будзе гатаваць маленькім гарэзам-свавольнікам, чым здзіўляць, бо працуе па прыкладным перспектыўным 10-дзённым меню. Яно разнастайнае і складаецца з шырокага асартыменту страў. На сняданак, акрамя звыклых каш, Галіна Фёдараўна гатуе дзеткам амлет, запяканку ці лянівыя варэнікі, на абед – розныя супы і баршчы, мясныя і рыбныя катлеты, курыныя фрыкадэлькі, смажаніну па-дамашняму. Полудні ўзмоцненыя, таму што вылучаныя сродкі дазваляюць іх такімі гатаваць. Па каларыйнасці яны не ўступаюць вячэрам. Таму на полудзень хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем ядуць стравы з гародніны, сырнікі, запяканку з локшыны ці маннік.
Галіна Фёдараўна расказала, што ў дзіцячых садах ашчаджальны рэжым харчавання, таму пры прыгатаванні страў пераважаюць такія віды цеплавой апрацоўкі, як прыпусканне, запяканне, тушэнне. Яна адзначыла, што пасля капітальнага рамонту ўстановы ў 2009 годзе, які закрануў і харчаблок, дзе пастаўлена новае абсталяванне, гатаваць адно задавальненне.
Кожны дзень Галіна Ганчук ідзе ў групы, каб паглядзець, як ядуць малыя, пацікавіцца, ці спадабаліся стравы і што прыгатаваць на наступныя дні. Пры размове жанчына ўспомніла адзін выпадак. Неяк сказала дзецям за сняданкам: “Хачу, каб вы ўсё з’елі, я сёння так старалася”. На наступны дзень адна з дзяўчынак пацікавілася: “А сёння, цёця Галя, вы стараліся?”
Каб стравы атрымліваліся смачнымі і пажыўнымі, у Галіны Фёдараўны ёсць свае прафесійныя сакрэты: праблемы яна пакідае дома, да работы прыступае толькі ў добрым настроі і з усмешкай, тады ўсё і атрымліваецца. Дала яна парады і пачынаючым калегам-поварам: калі ляжыць душа да справы, якой займаешся – заставайся ў прафесіі, працуй і ўдасканальвайся, калі не – мяняй занятак, знаходзь сябе ў іншым.
Загадчык Сцяпанкаўскага дзіцячага сада Галіна Віктараўна Лаўрухіна так сказала пра Галіну Ганчук: адказная, дысцыплінаваная, ва ўсім можна на яе пакласціся і даць любое даручэнне, акуратная, не раўнадушная да сваёй справы, перажывае за вынік, сапраўдны прафесіянал. Такая ацэнка кіраўніка дарагога каштуе.
Галіна Фёдараўна прызналася, што не стамляецца ад прыгатавання страў на рабоце. З задавальненнем радуе чым-небудзь смачненькім сваіх хатніх. Муж Валерый любіць тушанае мяса з гароднінай і грыбамі, сын Саша аддае перавагу першым стравам, у прыватнасці, чырвонаму баршчу, а таксама піцы.
Акрамя любімай работы ёсць у жанчыны захапленне – кветкі. Дома ўсе падаконнікі ў фіялках, якіх тут толькі няма: ружовыя, фіялетавыя, чырвоныя з украпваннем белага. Летам дом Ганчукоў патанае ў ружах, петуніях, гладыёлусах. На падворку растуць таксама туі і хосты. “Люблю прыгажосць ва ўсім, стараюся ствараць яе як на кухні, так і вакол сябе”, – завяршыла нашу размову Галіна Ганчук.
Алёна НІКАНЧУК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro