Вартаснае не забываецца

Вартаснае не забываецца

Адзін за адным пралятаюць гады, але хуткаплынны час не сцірае з памяці ні пройдзеных дарог, ні людзей, якія крочылі побач. З Іванам Міцковічам мы пачалі працаваць у Жабінкаўскай раённай газеце, як толькі восенню 1966 года былі адноўлены раён і газета.
Іван Сямёнавіч быў прызначаны загадчыкам сельгасаддзела рэдакцыі. Штатнага карэспандэнта ў аддзел знайшлі не адразу. Год ці нават больш Міцковіч адзін у кожны нумар газеты рыхтаваў і падборкі інфармацыйных заметак, і больш грунтоўныя матэрыялы-карэспандэнцыі, артыкулы, выступленні кіраўнікоў, спецыялістаў, перадавікоў калгасаў і саўгасаў, замалёўкі пра лепшых людзей вёскі.
А транспарту ў рэдакцыі ў першыя гады не было. Выручаў фотакарэспандэнт Мікалай Міхайлавіч Ахметаў, які меў уласны матацыкл. “Тэхналогія” нашых камандзіровак у гаспадаркі раёна выглядала так. Карэспандэнт, загадчык аддзела ці рэдактар прыладкоўваўся на матацыкле за спінай фотакарэспандэнта — і наперад… Найчасцей такое выпадала загадчыку сельгасаддзела Міцковічу. За адну паездку Іван Сямёнавіч імкнуўся занатаваць у свой блакнот столькі інфармацыі, каб яе хапіла на некалькі публікацый. Затым прыходзіў у рэдакцыю не пазней васьмі гадзін раніцы і “адпісваўся”. З яго бралі прыклад іншыя супрацоўнікі рэдакцыі — і “Сельская праўда” жыла і атрымлівала ўсё лепшыя водгукі чытачоў і раённага начальства.
У адзін з першых гадоў майго рэдактарства мяне выклікалі ў абкам партыі да сакратара па ідэалогіі. Прапанову сакратар выказаў такую:
— Жабінкаўскі раён самы малы ў вобласці, а газета — адна з самых маладых паводле ўзросту супрацоўнікаў ды іх умення працаваць аператыўна, не губляючы глыбіні публікацый. Каму ж, як не вам, даручыць эксперымент у штодзённым выпуску газеты ў самую гарачую пару сельскагаспадарчага года — жніва.
— Прапанова цікавая. Але адказ на яе бачу ў прадуманай, узважанай думцы ўсяго калектыву рэдакцыі. Надта ўжо няпростая і адказная задача, — адказаў я.
— Парайцеся з першым сакратаром райкама партыі.
На нарадзе ў райкаме з удзелам яго сакратароў і творчых работнікаў рэдакцыі рашэнне было прынята канкрэтнае: правесці гэты эксперымент на такім узроўні, каб набыць пэўны вопыт для перабудовы выпуску газеты і ў жніўныя тыдні наступных гадоў.
— Ну, што будзем рабіць, Іван Сямёнавіч? Здужаем? Зразумела, брацца за такую справу трэба найбольш здольным і надзейным журналістам.
— Калі так, то сумненняў быць не можа.
Іншага адказу ад загадчыка аддзела сельскай гаспадаркі я і не чакаў. І сапраўды, у нас усё атрымалася і тады, і ў наступныя гады. Напружанасць работы ўзрастала часам максімальна. Рэпартаж з поля, дзе працуюць камбайнеры, нататкі са словамі “ўчора” і нават “сёння” знаходзілі жывы водгук у нашых чытачоў, натхнялі нас на творчыя пошукі.
Прафесіяналізм, адданасць “Сельскай праўдзе” даказаў Іван Сямёнавіч і на пасадзе намесніка рэдактара, і калі давялося перасесці за рэдактарскі стол.
Успаміны пра наш сяброўскі творчы калектыў і цяпер, праз чвэрць веку пасля майго пераезду на работу ў Брэст, прыемна саграваюць сэрца. Жабінка пасля Камянеччыны, як і для Івана, стала для мяне другой радзімай. На працягу 19 гадоў тут глыбей пазнаваў жыццё, павышаў прафесійны вопыт, набываў уменне кіраваць творчым калектывам, вырашаць з ім задачы любой складанасці.
Шанцавала тут і на супрацоўнікаў. Іван Міцковіч, Расціслаў Бензярук, іншыя журнасліты не давалі мне прычыны ўсумніцца ў іх талентах і высокай адказнасці за даручаны ўчастак работы. Успаміны пра дружную творчую працу саграваюць сэрца і дагэтуль.
Нармальна склаліся мой творчы лёс, жыццё наогул і ў Брэсце. Але гады працы ў Жабінцы лічу самым цікавым, шчаслівым і вартасным адрэзкам майго жыцця. А вартаснае не забываецца.
В.КАНАВАЛЮК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top