Пластыку, шклу і паперы дайце другое жыццё

Пластыку, шклу і паперы дайце другое жыццё

ce11944b98d0742eead2b016a253afd2_XL

Апошнім часам пытанне перапрацоўкі смецця і паасобнага яго збору набывае глабальныя маштабы. Утылізацыя і перапрацоўка адходаў у еўрапейскіх краінах – гэта самастойная галіна, якая паспяхова функцыянуе.
Напрыклад, у Швейцарыі кожны жыхар абавязаны сартаваць смецце. Гэта закон, за парушэнне якога прадугледжаны буйны штраф. Насельніцтва прывозіць пасартаванае смецце на пункты прыёмкі, адкуль яго накіроўваюць на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Тыя ж, хто не жадае гэтага рабіць, павінны заплаціць падатак, і іх адходамі зоймуцца спецыялісты.
Сістэма паасобнага збору смецця дзейнічае і ў Швецыі. Сям’я, якая жыве ва ўласным доме, аплачвае палову кошту вывазу адходаў, калі падпісвае абавязацельства сартаваць пластык, шкло і паперу, а таксама кампаставаць арганічныя рэшткі. Шкодныя адходы выносяцца ў спецыяльным чырвоным кантэйнеры непасрэдна перад зборам смецця.
У Германіі для кожнага віду цвёрдых камунальных адходаў маецца свая бочка. У залежнасці ад яе колеру туды выкідваецца папера, шкло, пластык, алюмініевыя бляшанкі і г.д. Старыя лекі прымаюць аптэкі. Пра вываз бытавой тэхнікі неабходна дамаўляцца загадзя са спецыялізаванай арганізацыяй.
Пытанням перапрацоўкі другаснай сыравіны і ў нашай краіне надаецца пільная ўвага. Дзяржавай адшукваюцца грашовыя сродкі на фінансаванне работ зборшчыкаў і нарыхтоўшчыкаў, пашырэнне іх дзейнасці.
Падлічана, што ў Беларусі за год утвараецца каля 45 мільёнаў тон адходаў, з іх чатыры мільёны тон – гэта цвёрдыя камунальныя, якія з’яўляюцца вынікам жыццядзейнасці насельніцтва. І з кожным годам гэта лічба расце. Што паказальна, чым вышэй узровень дабрабыту грамадства, тым больш яно выкідвае адходаў. Трапляючы на палігон, яны забруджваюць глебу, паветра, грунтавыя і паверхневыя воды, адмоўна ўплываюць на здароўе людзей. Пры гэтым тэрміны раскладання многіх з іх – некалькі соцень гадоў.
Напрыклад, батарэйка, якая трапляе на палігон, забруджвае 20 квадратных метраў зямлі або 400 літраў вады. Каб пазбегнуць гэтага шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, батарэйкі неабходна выкідваць у спецыяльныя урны. Напрыклад, у Жабінцы яны ўсталяваны ў мясцовай ЖКГ, а таксама ў магазіне “Бытавая тэхніка” і ва ўнівермагу.
Пластык ці ПЭТ-бутэлькі перашкаджаюць газаабмену ў глебах і вадаёмах, пры іх гарэнні вылучаюцца таксічныя рэчывы, шкодныя для здароўя шматлікіх арганізмаў. Акрамя таго, ён практычна не раскладаецца. Да слова, пластык – вельмі каштоўны матэрыял, яго вырабляюць з нафты, запасы якой на Зямлі абмежаваныя. Па гэтай прычыне пластыкавую ўпакоўку неабходна збіраць асобна і адпраўляць на паўторнае выкарыстанне.
Што тычыцца шкла, то яно не разлагаецца, затое можа быць цалкам перапрацавана неабмежаваную колькасць разоў.
Асноўнай сыравінай для вытворчасці паперы з’яўляецца драўніна. Для атрымання адной тоны паперы выкарыстоўваецца 17 дрэў. Вытворчасць паперы энергаёмістая і суправаджаецца выкідам у атмасферу забруджвальных рэчываў. Таму скарыстаную макулатуру (газеты, сшыткі і інш.) неабходна выкідваць у спецыяльныя кантэйнеры для паперы. У выніку выкарыстання макулатуры атрымліваюць новую паперу, кардон, папяровыя адходы, якія выкарыстоўваюць у будаўніцтве для вытворчасці цеплаізаляцыйных матэрыялаў.
На Жабінкаўшчыне ўсталяваны 83 кантэйнеры для збору другасных матэрыяльных рэсурсаў (пластыку, шкла, макулатуры): 42 у райцэнтры, астатнія пераважна ў аграгарадках. У бліжэйшым будучым Жабінкаўская ЖКГ плануе закупіць дадатковыя ёмістасці для паасобнага збору адходаў, каб больш поўна ахапіць гарадское і сельскае насельніцтва. Але многія гараджане не сарціруюць смецце нават пры наяўнасці спецыяльных кантэйнераў, размешчаных у крокавай даступнасці. Часта можна сустрэць кантэйнер для другаснай сыравіны, забіты побытавымі адходамі, што сведчыць пра бескультур’е некаторых нашых грамадзян. Людзі забываюць (ці можа не ведаюць?), што згодна з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб абыходжанні з адходамі”, фізічныя асобы абавязаны ажыццяўляць раздзельны збор смецця.
Часта жыхары раёна задаюць пытанне, чаму ўсе кантэйнеры вывозяцца адной машынай? Менавіта таму, як ужо было сказана вышэй, што тыя забіты змешанымі, нерассартыраванымі адходамі. Таму работнікі ЖКГ вымушаны везці смецце з гэтых кантэйнераў на лінію сарціроўкі, дзе адходы сартуюцца ўручную.
Амаль год, з 30 кастрычніка мінулага года, працуе лінія сарціроўкі на палігоне Жабінкаўскай ЖКГ ва ўрочышчы “Бары”, што ля вёскі Вялюнь Брэсцкага раёна. За гэты час тут перапрацавана каля 3000 тон смецця.
Сёлета за дзевяць месяцаў КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” сабрала 102 тоны паперы, што ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ў два разы больш. А паколькі вядома, што 60 кілаграмаў макулатуры ратуюць адно дрэва, то, вобразна кажучы, такім чынам было выратавана 1700 дрэў. ПЭТ-бутэлек было сабрана і адпраўлена на перапрацоўку 36 тон, а шкла – 80 тон.
З 5 верасня па 10 кастрычніка згодна з рашэннем раённага выканаўчага камітэта № 1208 ад 09.08.2016 г. на Жабінкаўшчыне праходзіў месячнік па зборы макулатуры, які праводзілі раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ”. Па выніках яго будуць вызначаны і ўзнагароджаны школа-пераможца, клас і вучань, якія сабралі найбольшую колькасць макулатуры.
Але калі ад непатрэбнай паперы людзі пазбаўляюцца з лёгкасцю, то ад бытавой тэхнікі: старой пральнай машыны, тэлевізара ці халадзільніка, якія адслужылі сваё, не спяшаюцца пазбавіцца. У нашым раёне паслугу па вывазе старой тэхнікі бясплатна можна заказаць у КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ”. Для збору буйнагабарытных адходаў на базе прадпрыемства створана пляцоўка. Збор ажыццяўляецца трактарам МТЗ па папярэдніх заяўках, якія прымаюцца кругласутачна па тэлефонах 2-25-91 або 2-38-41. Але, на жаль, гэтая паслуга чамусьці не карыстаецца папулярнасцю, па вываз тэхнікі звяртаюцца адзінкі, нягледзячы на тое, што рассылаліся лісты ва ўсе ўстановы, арганізацыі і сельскія Саветы, каб праінфармаваць насельніцтва пра збор буйнагабарытных адходаў у раёне. Няўжо лепш загрувашчваць уласныя гаспадарчыя будынкі, падвалы і гаражы старой бытавой тэхнікай? А бываюць і такія выпадкі, што буйнагабарытныя адходы: разабраныя шафы, старыя тэлевізары і г.д. – можна сустрэць уздоўж дарог. А гэта ўжо, прабачце, парушэнне артыкула 15.63 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, якое цягне за сабой накладанне штрафу ў памеры ад 5 да 50 базавых велічыняў.
З надыходам ацяпляльнага сезона ў прадпрыемства з’яўляецца яшчэ адна праблема: гараць кантэйнеры і смеццявозы. Гэта адбываецца з-за не да канца астылага попелу, які насельніцтва выкідвае ў кантэйнеры. Рабіць гэтага ні ў якім выпадку нельга. Гаспадары павінны прадугледзець месца часовага складзіравання попелу на сваім падворку, а затым выклікаць трактар Жабінкаўскай ЖКГ па вышэй згаданых тэлефонах.
Жабінкаўская жыллёва-камунальная гаспадарка звяртаецца да жабінкаўцаў з просьбай не ігнараваць паасобны збор смецця і падтрымліваць гарадскую тэрыторыю ў чысціні і парадку. Пластыку, шклу і паперы дайце другое жыццё, бо, як вядома, капейка рубель беражэ.
Таццяна ЛУКША, інжынер па ахове навакольнага асяроддзя Жабінкаўскай ЖКГ;
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК, карэспандэнт “Сельскай праўды”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro