Шумеў, гудзеў кірмаш Пакроўскі

Шумеў, гудзеў кірмаш Пакроўскі

_DSC1506

Традыцыйны восеньскі сельскагаспадарчы “Пакроўскі кірмаш” сабраў у райцэнтры не толькі прадпрыемствы і сельгаскааператывы Жабінкаўшчыны, але й нямала фермераў, мясцовых і прыезджых гандляроў і, вядома, пакупнікоў з усяго раёна.
Кірмаш пачаў працаваць у 8 гадзін раніцы, але да 9-ці “купцоў” было малавата. Мабыць, адна з прычын таму – халоднае надвор’е і ледзяны, пранізлівы вецер, якія панавалі ў мінулую суботу. Як крыху пацяплела на вуліцы, дык на цэнтральнай плошчы Жабінкі стала “гарачэй”. Бойка ішоў гандаль садавінай і гароднінай, саджанцамі і хрызантэмамі, мёдам і грыбамі, жывой рыбай. Апошняя карысталася вялікім попытам: іншыя і прачнуцца не паспелі, а рыбка ўжо “сплыла”. Да слова, рыбгас “Сакалоўскі гусак” рэалізоўваў карпаў па 3,5 рубля за кілаграм, белых амураў па 4,33 рубля і таўсталобікаў па 2,93 рубля.
Мёд можна было купіць у пчаляроў-прыватнікаў Андрэя Янкоўскага з аграгарадка Ленінскі, Мікалая Сысоева з Кобрына, а таксама ў Аляксандра Кандраценкі з Мсціслаўля.
Апраўдваючы сябе, восеньскі кірмаш парадаваў агароднінай, якая сёлета багата ўрадзіла ва ўсіх гаспадарках. IMG_9688Добрым попытам карысталася бульба СВК “Арэпічы” і “Хмелева”, якая прапаноўвалася па 18 капеек за кілаграм. І “брыз”, і “скарб” хутка разабралі, на кірмашы заставалася толькі бульба міжрайбазы па 19 капеек. На вачах знікалі з машын капуста і яблыкі, морква ды цыбуля.
Галоўнае правіла кірмашу, што ўсё тут купляецца і прадаецца. У мінулую суботу тут можна было набыць драўляныя вырабы, біжутэрыю,
IMG_9710заколкі-канзашы, цацкі, сувенірную прадукцыю і нават цёплыя пухнатыя рукавічкі і шкарпэткі ручной работы. Найбольшая па колькасці “армія” рамеснікаў завітала да нас з Віцебска, прыехалі гандляры з Жабінкаўшчыны, з Брэста, са Століна, з Іванава.
Выкаваць змейку ці падкоўку на шчасце можна было пад кіраўніцтвам рамесніка Міхаіла Дзядзешку з Брэста, які ўпершыню завітаў у Жабінку. Таццяна Жыгуліч з Кобрына прапаноўвала ўпрыгажэнні з пластычнай замшы. Берасцейскія рамесніцы На-дзея Ільяшэвіч і яе дачка Кацярына Забродская зацікавілі гасцей свята сваімі льнянымі падушкамі і фартухамі з жартоўнымі надпісамі: “Цалуюся лепш, чым гатую”, “Катлеты знікаюць апоўначы”, “Кожная бабуля ўпэўнена, што самыя галодныя людзі на свеце – гэта яе ўнукі” і іншымі.
Фермерская гаспадарка “ЯКВІЛ” прапаноўвала яблыкі розных гатункаў, а таксама яблычны сок уласнай вытворчасці.
Магазін “Беларусачка” з Кобрына завабліваў модніц набыць жаночыя паліто “Элема” і курткі. Жабінкаўскі РКБА гандляваў бялізнай, IMG_9705пасцельнымі рэчамі, адзеннем. Філіял “Жабінкаўскі” ГУП “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база” арганізаваў некалькі гандлёвых кропак з абуткам, агароднінай, мяснымі вырабамі, гарачым харчаваннем. Казыталі нос пахі шашлыкоў са свініны і з куранят, якімі можна было падсілкавацца “з пылу, з жару”, аддаўшы 21,1 рубля і 12,8 рубля за кілаграм адпаведна.
Шырока была прадстаўлена прадукцыя Жабінкаўскага камбікормавага завода: жадаючыя маглі набыць корм для свіней, коней, кур, рыб, катоў і сабак на любы густ.
Здавалася, немагчыма было па цэнтральнай плошчы і кроку ступіць, каб не сустрэць знаёмага. Таццяна Пархімовіч з сынам Ігарам завіталі на кірмаш, каб купіць капусты і цыбулі. Ігар жа, які вельмі любіць стравы з грыбоў, быў узрадаваны магчымасцю набыць шампіньёны з машыны СТАА “Баншэ”, якая ў хуткім часе пакінула жабінкаўскі кірмаш парожняй. Ірына Фёдарава з мужам затаварыліся бульбай і капустай, каб на ўсю зіму хапіла. Алена Пратасюк купіла на кірмашы яблыкаў і морквы – “дзецям вітаміны”. Лідзія Буза з аграгарадка Крыўляны ўзяла два мяхі хрумсткай _DSC1486капусты, духмянага мёду на лекі. Ірына Семянюк з дзеткамі Ульянкай і Сярожкам завіталі на кірмаш па яблыкі, цыбулю і капусту, Іна Кавалеўская – па журавіны.
І для душы знайшліся прапановы на кірмашы. Сама-дзейныя артысты з Маларыты – народны ансамбль народнай песні “Рыцкі куфэрак” – сваімі строямі, песнямі і найгрышамі надавалі падзеі святочны настрой. Запрасіў жабінкаўцаў у музычны карагод і пружанскі калектыў “Два плюс два”. Ды й забаў хапала. Пакатацца на скакунах-прыгажунах конна-спартыўнага клуба “Лошадемания” мелі магчымасць і дарослыя, і дзеці. Працаваў пнеўматычны цір, дзеці каталіся на квадрацыклах.
Па-восеньску стракаты, шумны і багаты кірмаш парадаваў жабінкаўцаў выбарам тавараў і даступнымі цэнамі. Кожны атрымаў тут тое, па што прыходзіў: запасы агародніны на зіму, вясёлае баўленне часу ў добрай кампаніі, танцы ды песні і, нарэшце, запас добрага настрою.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК._DSC1548
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro