Кулінарныя адкрыцці – кожны дзень

Кулінарныя адкрыцці – кожны дзень

Алесюк

На працягу 27 гадоў займаецца любімай справай повар пятага разраду Ленінскай сярэдняй школы Людміла Алясюк.

Свой прафесійны шлях пачынала на жабінкаўскай зямлі ў 1989 годзе ды так тут і засталася, хаця яе маленькая радзіма – Лунінецкі раён. Яшчэ навучэнкай Баранавіцкага прафтэхвучылішча Белкаапсаюза праходзіла ў Жабінцы практыку. Памятае, як гэта было тады ў новенькай трэцяй школе.
Пасля заканчэння вучобы спачатку працавала ў жабінкаўскім грамадхарчы, а ў 1997-ым перайшла ў Ленінскую школу. Паклапаціўся пра гэта тагачасны дырэктар установы Мікалай Смалюк. У наступным годзе Людміла Піліпаўна адзначыць сур’ёзны юбілей – споўніцца 20 гадоў, як яна рупіцца на гэтым месцы. Прызнаецца, што працаваць тут прыемна і камфортна. У 2010 годзе быў праведзены рамонт харчаблока з заменай сучаснага тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання. У абедзеннай зале з’явілася новая мэбля на 120 пасадачных месцаў, тут светла і ўтульна. Добрыя ўмовы спрыяюць якаснай працы і пазітыўнаму настрою.
Калектыў сталовай дружны і згуртаваны. Побач з Людмілай Алясюк рупяцца повар Любоў Козіч, кладаўшчык Іна Андраюк, кухонны работнік Марына Калько. Сваім настаўнікам мая гераіня лічыць Кацярыну Швайко, якая некалі прыняла яе ў калектыў і заўсёды была побач, падтрымлівала і дапамагала.
Людміла Піліпаўна стараецца разнастаіць меню і парадаваць сваіх юных гурманаў смачнымі стравамі. Кожны дзень на базе школы харчуюцца 277 навучэнцаў 1-11 класаў, за выключэннем тых, хто адсутнічае на занятках, з іх 107 атрымліваюць яшчэ і двухразовае харчаванне на групе падоўжанага дня. Таксама могуць паабедаць і работнікі школы. Асабліва падабаюцца дзецям аладкі і піца “Студэнцкая”. Дзякуючы нарыхтоўкам, якія гатуюць работнікі сталовай з садавіны, гародніны, зяленіва з прышкольнага ўчастка, сняданкі і абеды тут значна таннейшыя, чым у іншых установах адукацыі раёна.
Сваім кулінарным майстэрствам Людміла Алясюк уразіла журы раённага конкурсу павароў школьнага харчавання, які праходзіў восенню 2008 года. Успамінае, што неабходна было прыгатаваць дзве стравы: з выкарыстаннем рыбы і салат. Людміла Піліпаўна запякала рыбнік з мінтая, які меў вельмі прыгожую форму. Свежую капусту яна абрала асновай для свайго салата і ўпрыгожыла яго яркай сезоннай гароднінай.
Нягледзячы на вялікі вопыт, Людміла Алясюк радая кулінарным адкрыццям. Прызнаецца, што з задавальненнем выкарыстоўвае новыя цікавыя рэцэпты з інтэрнэта, не перастае ўдасканальвацца. Разынкай сярод страў Людмілы хатнія лічаць яе саладосці: мужа, сына і дачушку яна радуе смачнымі торцікамі і розным печывам. Удасканальвацца дапамагаюць і курсы павышэння кваліфікацыі. Апошнія Людміла Піліпаўна прайшла ў 2013 годзе на базе Брэсцкага інстытута развіцця адукацыі.
– Людміла Алясюк не толькі вопытны спецыяліст, але і прыемны чалавек, – заўважыла намеснік дырэктара ў навучальнай рабоце Ленінскай школы Аксана Шалягейка. – Яна заўжды вельмі ўважлівая да дзяцей, камунікатыўная, стараецца выконваць іх пажаданні. Пад час святаў заўжды здзіўляе цікавым меню – з апошніх гэта Дзень настаўніка.
На развітанне пацікавілася ў дзетак, што завіталі ў сталовую на абед, ці падабаюцца ім стравы, якія гатуе Людміла Піліпаўна. Яны дружна адказалі: “Вельмі падабаюцца!”
Дар’я НІКАНЧУК,
студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top