Свадьбы и рождения прошлого года

Свадьбы и рождения прошлого года

Шмат шчаслівых падзей у жыцці жабінкаўцаў адбылося ў 2010-м годзе. 224 пары пачалі сваю сямейную гісторыю, з іх у горадзе было зарэгістравана 180 шлюбаў. Па колькасці сямейных саюзаў мінулы год стаў своеасаблівым рэкордам апошняга часу і наблізіўся да ўзроўню 1992-га года.
Сярэдні ўзрост упершыню ўступіўшых у шлюб юнакоў склаў 25,5 гадоў, дзяўчат — 22. 28 шлюбаў зарэгістравана з удзелам замежных грамадзян. Тром дзяўчатам з прычын, прызнаных уважлівымі, быў дадзены дазвол на ўступленне ў шлюб да 18-ці гадоў.
На жаль, не заўжды адказна і сур’ёзна маладыя людзі адносяцца да такога важнага кроку ў сваім жыцці, як стварэнне сям’і. Пра гэта сведчыць значная колькасць скасаваных шлюбаў. Летась іх было 77 (34% ад агульнай колькасці зарэгістраваных). У 2010-м годзе было чатыры выпадкі, калі маладыя людзі падалі заявы на рэгістрацыю шлюбу, але ў далейшым перадумалі. Кожны трэці сямейны саюз заключаўся паўторна. Са 180-ці пар, зарэгістраваных у горадзе, толькі 98 выказалі жаданне здзейсніць урачысты святочны абрад.
У 2010-м годзе ў раёне нарадзілася 267 грамадзян: 142 хлопчыкі і 128 дзяўчынак (у горадзе 160 дзетак). На жаль, гэта на 58 малых менш, чым у 2009-м годзе. 39 нарадзілася ў мам, якія не былі ў зарэгістраваным шлюбе. У адносінах 42 — устаноўлена бацькоўства, з іх на аснове рашэнняў суда — у 10-ці. У мінулым годзе ў дзвюх сем’ях нарадзіліся двайняты. У 47% сямей з’явіліся першыя дзеці, у 35% — другія, у 9,7% — трэцяе дзіця. І калі раней больш палавіны малых былі першымі ў сям’і, дык цяпер павялічылася нараджэнне другіх.
Самыя папулярныя імёны 2010-га года — Дар’я (12), Настасся, Сафія, Вікторыя (8), Ганна (7), Ксенія (6), Мікіта (11), Максім (10), Аляксандр (8), Кірыл, Уладзіслаў (7), Яраслаў, Мацвей, Іван, Арсеній (6). З’явіліся таксама Аліса, Вера, Дарына, Мілана, Ніна, Ніколь, Эвеліна, Юліана, Усціння, Цімур, Мікалай, Навум, Марк, Захар, Давід, Глеб, Герман, Веніямін, Багдан.
Па-ранейшаму здараліся і сумныя падзеі. Што ж, такое наша чалавечае жыццё. Натуральныя страты насельніцтва ў раёне склалі 104 чалавекі (аддзелам загса зарэгістравана 147 смерцяў, сельвыканкамамі раёна — 224). У горадзе з 2007 года назіраецца натуральны прырост жыхароў (у 2010 годзе 13 чалавек). Вялікія натуральныя страты насельніцтва на тэрыторыі Азяцкага сельсавета — 27 чалавек, Хмелеўскага — 18, Жабінкаўскага — 17.
Новы год стаў спрыяльным для стварэння сямейных саюзаў. Засталося пажадаць, каб яны былі дружнымі, трывалымі і даўгавечнымі.
“Пачатак гісторыі сям’і, пачатак жыцця дзіцяці — усё гэта паказчыкі не толькі асабістага шчасця, але і таго, у якім стане знаходзіцца наша грамадства, наша краіна… І чым больш работы ў загсаў, тым лепей, таму што гэта азначае па слову Велікоднага богаслужэння, што “Вечнае Жыццё жыве!”, — так ахарактарызаваў работу органаў загса Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усее Беларусі Філарэт. Няхай у 2011 годзе менавіта такіх шчаслівых, светлых, радасных падзей як мага больш здзяйсняюцца ў органах загса раёна. Давайце станем у новым годзе больш уважлівымі, цярпімымі і дабрэйшымі адзін да аднаго, духоўна багацейшымі, тады і ствараемыя сем’і будуць сапраўды моцнымі, дзеці толькі жаданымі, а сям’я стане самай важнай каштоўнасцю і багаццем кожнага з нас.
Г.АКСЮЦІК, начальнік аддзела загса

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

  1. Спасибо за статью! Алиса — это наша доченька!

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top