Мама – галоўнае слова ў нашым жыцці

Мама – галоўнае слова ў нашым жыцці

IMG_9320

Выхаванцы Жабінкаўскага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі вясёлымі песнямі і танцамі павіншавалі сваіх матуль з Днём маці.
У святочную залу, дзе прысутнічалі госці, увайшлі вядучая мерапрыемства выхавальнік ЦКРНіР Ганна Рыгораўна Гац і Восень, ролю якой на працягу ўсёй праграмы выконвала навучэнка цэнтра Маша Прыхожка. Як сапраўдная гаспадыня свята, яна прыйшла з багатымі восеньскімі дарункамі: садавінай, гароднінай і духмяным хлебам. Завітала яна ў госці не сама, а са сваім сябрам Святам. У гэтай ролі выступіў выхаванец цэнтра Максім Ганчарук.
Менавіта мама дае нам першыя ўрокі дабрыні, чуласці, спагады, цярпімасці, вучыць лепшым чалавечым якасцям, клапоціцца пра нас і перажывае разам з намі хвіліны шчасця, а таксама расчаравання і няўдач.
У той дзень выхаванцы цэнтра радавалі сваіх мам рознымі вясёлымі і цікавымі нумарамі. Так, пад “Песенку о хорошем настроении” выканалі музычны эцюд з веерамі, песню “Облака” падараваў прысутным навучэнец цэнтра Арцём Шуст. Разам з мамамі дзеткі паўдзельнічалі ў музычнай размінцы, “ажывілі” дрэва рознакаляровымі кветкамі, лісточкамі, пладамі, на якіх жанчыны напісалі кампліменты сваім дзеткам, а тыя ў сваю чаргу разам з выхавальнікамі – матулям.
Гасцям свята, сярод якіх быў і адзін тата, вядучая прапанавала намаляваць партрэт выхаванага дзіцяці, бо бацькі часта скардзяцца, што іх малыя бываюць непаслухмянымі, неахайнымі. Творчы працэс захапіў дарослых. У выніку атрымаўся цудоўны партрэт вясёлага пацешнага хлапчука, які з усмешкай паглядаў з аркуша на прысутных.
У канцы мерапрыемства прагучала песня “Ах, какая мама”. Пасля яе дзеці ўручылі сваім матулям памятныя медалі.
Свята атрымалася шчырым і цёплым, яно закранула сэрцы і душы жанчын – віноўніц урачыстасці, іх дзетак, а таксама ўсіх прысутных.
Алеся ДАБРАВЕСТ.
На здымку: настаўнік-дэфектолаг цэнтра Надзея ЖЫХ са Святам – Максімам ГАНЧАРУКОМ
і Восенню – Машай ПРЫХОЖКА.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro