Перадышка для мамы

Перадышка для мамы

 

Колькі сябе памятаю пасля нараджэння сына, мы разам з ім наведвалі магазіны, аптэкі, цырульні, бібліятэкі, таму што яго не было з кім пакінуць. Муж, як кажуць, зарабляў грошы, бабулі і родзічы былі далёка. І так не хапала “перадышкі” на пару гадзін, каб вызваліць рукі і заняцца сабой. Мы нават цырульніцкія курсы разам з Арцёмкам праходзілі! Зараз сын падрос, можа пабыць колькі часу ў суседзяў, з маімі сяброўкамі. Але, калі я даведалася, што ў райцэнтры з 1 лістапада на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пачне работу паслуга “Перадышка для мамы”, парадавалася за ўсіх мам, для якіх гэта актуальна, і пажартавала, што я буду першай кліенткай. А заадно пацікавілася ў іншых жанчын, наколькі такая паслуга будзе запатрабавана.
Калеснік НаталляНаталля Калеснік з мужам Паўлам і дачушкай Лізаветай:
– Я мама, якая ўвесь час хвалюецца за дзіця (смяецца). Пакуль Ліза маленькая (два з паловай гады), я не даверу яе незнаёмаму чалавеку. А як падрасце – пабачым. А ўвогуле, думаю, гэтая паслуга будзе запатрабаваная ў райцэнтры: маладых сем’яў шмат, дзіцячых садзікаў не хапае.
Емяльянава НаталляНаталля Емяльянава з дачушкамі Стэфаніяй, Алесяй і Анечкай:
– “Перадышка для мамы” – проста неабходная паслуга. Нам яна спатрэбіцца. Наша бабуля працуе, дзядуля заняты гаспадарчымі справамі, а ў мужа работа звязана з камандзіроўкамі. Добра было б, каб гэтая паслуга каштавала не больш за 5 рублёў у гадзіну.
Святлана Сарокіна з сынам Данікам і дачкой Янай:

Сорокіна Светлана
– Рэспект таму, хто яе прыдумаў. Упэўнена, што “перадышка” на гадзінку-дзве сапраўды патрэбна многім мамам. Да ўрача схадзіць, у цырульню, у манікюрны кабінет. Што тычыцца нас, то мне даюць адпачынак бабулі-дзядулі, заўсёды дапамагаюць.
Цішко СвятланаСвятлана ЦІШКО з сынам Ванечкам Юркевічам:
– Жабінцы вельмі патрэбна такая паслуга. Мне, напрыклад, Ванюшу няма з кім пакідаць: муж працуе, матуля старэнькая і хварэе. У ясельную групу мы не патрапілі. Заўсёды і ўсюды ра-зам з сынам. І знаёмых жанчын, якія сутыкаюцца з падобнай праблемай, шмат.
Таццяна Дзмітрук з сынам Мішам і дачкой Сафіяй:
– Магчыма, час ад часу я б карысталася такой паслугай пры ўмове, што яна будзе не вельмі дарагой (не даражэй за 5 рублёў у гадзіну). Дзеці ў мяне сціплыя, яшчэ пытанне, ці засталіся б яны з чужым чалавекам, ці адпусцілі б маму. Адна справа пабыць з дзядулямі-бабулямі, іншая – у незнаёмым месцы, з незнаёмым педагогам.
Іна Хахол з дачушкай Насцечкай:Инна Хохол
– Мы яшчэ маленькія, пакуль не будзем карыстацца такой паслугай. Але задумка нядрэнная, патрэбная, “зялёнае святло” ёй.
Апытвала і фатаграфавала Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro